Генэральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненьні да мэра ўкраінскага Дніпра Барыса Філатава. Яму інкрымінавалі распальваньне нацыянальнай варожасьці.
Для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня крымінальная справа накіравана ў Сьледчы камітэт.
Мэр Дняпра Барыс Філатаў ляканічна пракамэнтаваў «Эўрарадыё» крымінальную справу, якую на яго пачалі ў Беларусі.
«Я дурняў не заўважаю. Трэба працаваць», — сказаў Філатаў.
9 лютага ў Дніпры на «Алеі шматнацыянальнага гораду» каля мэрыі дзяржаўны сьцяг Беларусі, вывешаны там як сымбаль беларускай грамады, быў заменены на бел-чырвона-белы. Як патлумачыў мэр гораду, гэта было зроблена на знак пратэсту супраць антыўкраінскіх выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі.
Амбасада Беларусі асудзіла такі крок і заклікала Філатава да дыялёгу, а калі ён праігнараваў афіцыйны зварот, МЗС Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту і выклікала амбасадара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы жывем у свабоднай краіне». Мэр Дніпра адказаў на ноту пратэсту МЗС Беларусі пасьля замены сьцяга