Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы жывем у свабоднай краіне». Мэр Дніпра адказаў на ноту пратэсту МЗС Беларусі пасьля замены сьцяга


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасольства Беларусі ў Кіеве накіравала ноту пратэсту ў МЗС Украіны ў сувязі з інцыдэнтам зь беларускім дзяржаўным сьцягам у Дніпры. Мэр Дніпра Барыс Філатаў адрэагаваў.

9 лютага ва ўкраінскім горадзе Дніпро дзяржаўны сьцяг Беларусі замянілі на нацыянальны бел-чырвона-белы на алеі сьцягоў. Мэр Дніпра Барыс Філатаў паведаміў, што так зрабілі на жаданьне грамадзянаў.

Беларускае пасольства ў Кіеве накіравала ў сувязі з гэтым ноту пратэсту ўкраінскаму боку і запатрабавала вярнуць чырвона-зялёны сьцяг замест нацыянальнага беларускага. Замену дзяржаўнага сьцяга ў Дніпры яны назвалі «актам вандалізму».

Тым часам пасла Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма 10 лютага выклікалі ў МЗС Беларусі і заявілі яму пратэст у сувязі з гэтым інцыдэнтам, паведамляе беларускае ведамства.

Мэр Дніпра Барыс Філатаў адказаў на ноту пратэсту і агульную рэакцыю беларускага і расейскага боку на замену беларускага сьцяга ва ўкраінскім горадзе.

«Разумееце, мы жывём у свабоднай краіне? [...] Так, у нашай краіне шмат праблем, але ў ёй лёгка дыхаць», — напісаў Філатаў у Facebook.

Ён падкрэсьліў, што ва Ўкраіне прэзыдэнт не прызначае кіраўнікоў гораду.

Барыс Філатаў
Барыс Філатаў

«Мы нашаму прэзыдэнту не падпарадкоўваемся. Мы — асобная галіна ўлады. Мы — мясцовае самакіраваньне. Мы можам не любіць нашага Прэзыдэнта, спрачацца зь ім і нават лаяцца. Але мы не дадзім яго абражаць кіраўнікам іншых дзяржаў і замежным грамадзянам. Таму што ён — наш Прэзыдэнт. Ня ваш. Мы яго самі сабе абралі. Добры ён ці дрэнны», — заўважыў мэр Дніпра.

Ён дадаў, што людзі не падпарадкоўваюцца мэрам.

«У нас кожны грамадзянін можа выйсьці да мэрыі з плякатам: „Бора, калі ты ўжо здохнеш?“ І яму за гэта нічога ня будзе. Яго не паб’юць палкай амапаўцы і яго не пасадзяць у камэру», — працягнуў Філатаў.

Са словаў Філатава, гэта ўкраінская моладзь усталявала флягштокі для сьцягоў розных краін і можа мяняць іх па сваім жаданьні. Ён дадаў, што бел-чырвона-белы сьцяг не забаронены ва Ўкраіне.

«Мы ганарымся тым, што мы жывём у свабоднай краіне. І гатовы яе бараніць. Хоць, мусіць, вам сапраўды гэтага не зразумець. Ні ў Расеі, ні ў Беларусі», — скончыў допіс Філатаў.

Раней падобны інцыдэнт адбыўся ў Рызе. Падчас чэмпіянату сьвету па хакеі мэр Рыгі Марціньш Стакіс і міністар замежных спраў Эдгарс Рынкевічс замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на нацыянальны. У выніку бакі сталі ўзаемна высылаць дыпляматаў са сваіх краін. Беларускія ўлады завялі крымінальную справу на Стакіса і Рынкевічса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG