«Я вельмі хачу, каб мае дзеці пазнаёміліся з дзядулем»
Дачка Ўладзімера Мацкевіча Надзея прыгадала галадоўку бацькі 16 гадоў таму і ўпэўненая, што ён цяпер пойдзе да канца.
«Мне моцна пашчасьціла, бо мой бацька — Уладзімер Мацкевіч, бацька „паводле пакліканьня“. Мне пашанцавала, бо менавіта ён выхоўваў мяне, вучыў мяне жыцьцю, вучыў самавызначацца, даваць здачы, абараняць свае межы, вучыў адказваць за свае словы, прывіваў каштоўнасьці, быў прыкладам, быў настаўнікам, сябрам і проста быў побач», — напісала Надзея ў Facebook.
Яна напісала, што цягам паўгода ў яе з бацькам страчаная сувязь, лісты не даходзяць. Калі ён галадае, дачка ўспамінае моманты, калі бацька быў на волі.
«Асабліва яскрава я ўспамінаю моманты, калі ў дзяцінстве мы разам вывучалі энцыкляпэдыі (хоць Валодзя заўсёды быў сам хадзячай энцыкляпэдыяй).
Як ён укладваў мяне спаць і супакойваў, калі мне сьніліся кашмары;
Як дзякуючы яму я прыйшла да Бога.
Як ён праяўляў стойкасьць і цярплівасьць, і адначасова разуменьне і падтрымку, падчас майго пубэртатнага пэрыяду.
Як ён ратаваў мяне, імгненна прыехаўшы ў Польшчу, калі быў мне патрэбен.
Як мы захапляліся старажытнагрэцкай міталёгіяй і філязофіяй.
Як выгульвалі сабаку і разважалі пра жыцьцё.
Як ганарыліся адно адным.
Я ўсё гэта ўспамінаю і дзякую яму і дзякую Богу. Гэта вялізная каштоўнасьць — мець такога бацьку», — напісала дачка пра Ўладзімера Мацкевіча.
Яна ўспомніла, што ў 2006 годзе ўжо ледзь не страціла бацьку, калі ён галадаў 23 дні разам зь вернікамі царквы «Новае жыцьцё». Тады ўлады пайшлі насустрач вернікам і не забралі будынак царквы.
«Уладзімер Мацкевіч заўжды быў чалавекам справы і місіі, і ён пойдзе да канца. Давайце мы яго падтрымаем і зробім тое, што можам. Ён не здаецца, і мы таксама не павінны здавацца. І так, я вельмі хачу каб мае дзеці пазнаёміліся з дзядулем, каб ён і іх вучыў і расказваў свае байкі з унікальным пачуцьцём гумару. І хай дапаможа нам усім Бог», — напісала Надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Мацкевіч зьбіраецца працягваць галадоўку, «пакуль не адбудуцца канкрэтныя дзеяньні»«Адзіная прылада для барацьбы, якая ў яго засталася — ягонае жыцьцё»
Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская ўпэўненая, што Ўладзімер Мацкевіч «пойдзе да канца».
«Я сапраўды баюся, што ён памрэ. Можа, яго пакладуць у шпіталь і там будуць кропельніцы, і гэта ўсё расьцягнецца, ня ведаю... Можа, адпусьцяць з пакалечаным здароўем урэшце... Прабачце, я пэсыміст, ня моцна веру ў гуманнасьць людзей, якія прымаюць рашэньні пра лёс Мацкевіча. Але і аптыміст, бо ёсьць Мацкевіч, які не дае сябе падпарадкаваць. Адзіная прылада для барацьбы, якая ў яго засталася — ягонае жыцьцё. Ён змагаецца», — напісала праваабаронца ў Facebook.
«Каб працягваць быць самім сабой»
Уладзімер Мацкевіч у лісьце зь СІЗА акрэсьліў сваё дзеяньня як «філязофскі ўчынак». Каардынатар Лятучага ўнівэрсытэту Тацяна Вадалаская выказала сваю думку, навошта галадоўка ейнаму паплечніку.
«Навошта філёзафу галадаць, ды яшчэ і ў турме? Справа філёзафаў жа разважаць і пісаць кнігі», — пачынае разважаць яна ў Facebook.
Сацыёляг мяркуе, што ў вайне розных карцінаў сьвету можна выграць ня столькі словамі, колькі ўсім ладам свайго жыцьця.
«„Неабходна задаваць уласны парадак дня, перахопліваць ініцыятыву, навязваць правілы гульні. Інакш мы будзем страчваць тое, што атрымалі летам 2020 году, і атрымаем час жорсткай рэакцыі на гады“, — на розныя лады цьвердзіў Мацкевіч апошні год», — піша Вадалаская.
На думку сацыёляга, у турме адзіны сродак для гэтага — уласнае жыцьцё.
«Усё жыцьцё Мацкевіч парушае існыя правілы і ваюе за адпаведнасьць рэчаў іхным імёнам: калі ўнівэрсытэт, то для мысьленьня; калі грамадзкі дыялёг, то роўных; калі стратэгія, то рабочая; калі абвінавачаньне, то сфармуляванае і выстаўленае.
Навошта галадоўка Мацкевічу? Каб працягваць быць самім сабой. Каб жыць і дзейнічаць як філёзаф і інтэлектуал, чые словы не прыгожыя канструкцыі, чыя задача „выпраўляць імёны“. Гэта ягоны выбар, ягоны шлях, ягоная барацьба», — мяркуе Вадалаская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Філёзафу месца ў палітыцы». Хто такі Ўладзімер Мацкевіч, які пачаў галадоўкуПалітвязень Уладзімер Мацкевіч пачаў галадоўку 4 лютага, каб дамагчыся зьмены меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршэньня сьледчых дзеяньняў і прызначэньня даты суду. Мацкевіча вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць на «Валадарцы». Яму 65 гадоў.