На зімовых Алімпійскіх гульнях у кітайскім Пэкіне першы сур'ёзны скандал. Пасьля завяршэньня камандных спаборніцтваў у фігурным катаньні, перамогу ў якіх атрымалі расейскія алімпійцы, аргкамітэт Гульняў ужо двойчы пераносіў цырымонію ўзнагароджаньня. Паводле мэдыя, прычынай маг стаць станоўчы допінг тэст у адной расейскіх фігурыстак.
Як піша РБК, сьляды забароненага прэпарату, які выкарыстоўваецца пры парушэньнях работы сэрца, маглі знайсьці ў крыві расейскай фігурысткі Камілы Валіевай. Крыніцы выданьня паведамляюць, што гэта трымэтазыдын. 15-гадовая Валіева паказала найлепшы вынік у рамках камандных спаборніцтваў і стала першай фігурысткай у гісторыі Алімпійскіх гульняў, якая выканала чацьвярны скачок.
У сытуацыі зараз разьбіраюцца некалькі групаў юрыстаў, паколькі праблемай стаў узрост спартоўкі. Ёй яшчэ няма 16 гадоў, а таму афіцыйна яе ня могуць абвінаваціць у парушэньні антыдопінгавых правіл. Нібыта менавіта з гэтым і зьвязаны зацягнуты разбор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біятляніст Антон Смольскі стаў срэбным прызэрам, гэта першы мэдаль беларусаў на сёлетняй АлімпіядзеПрадстаўнік МАК Марк Адамс адмовіўся камэнтаваць паведамленьні пра допінг Валіевай, якія, на яго думку, зьяўляюцца, «спэкуляцыямі». Таксама ён адзначыў, што МАК перадаў паўнамоцтвы па допінг-тэстах Спартоваму арбітражнаму суду (CAS) і Міжнароднаму агенцтву тэставаньня.
Нагадаем, што спартоўцам з Расеі ў Пэкіне-2022 чарговы раз на Алімпійскіх гульнях забаранілі выступіць пад сваім сьцягам і са сваім гімнам. Гэта зьвязана з буйнымі махінацыямі з допінгам на Гульнях у Сочы ў 2014 годзе, калі адбываліся махлярствы з допінг-пробамі, уключна з падменай мачы спартоўцаў на «чыстую» ад допінгавых прапаратаў.
Шматлікія расейскія атлеты тады атрымалі дыскваліфікацыі за выкарыстаньне забароненай фармакалёгіі. Аднак тыя скандалы ня сталі апошнімі: ужываньне допінгу ў расейцаў фіксавалі і перад летнімі Алімпійскімі гульнямі ў Токіё, якія адбыліся ў 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пацьвердзіў, што не паехаў на Алімпіяду ў Пэкін праз санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Допінг-пробы расейскіх весьляроў пацьвердзілі наяўнасьць мэльдонію. Замест іх у Токіё едуць літоўцы