Інтэрвію праводзілася 4 лютага, у дзень адкрыцьця Алімпіяды.
— Чаму вы не ў Пэкіне? Чаму вы не на Алімпіядзе? Вы мне адкажаце: таму што пад санкцыямі? — спытаў Салаўёў.
— Так. Гэта галоўная прычына. Бо я пад санкцыямі: я і кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту, ён жа мой сын Віктар. Мы абодва пад санкцыямі. Мерапрыемства праводзіць МАК. Яны жорстка паставілі перад Пэкінам пытаньне. Мы ў гэта ня ўлазім. Ну, навошта нашым сябрам дастаўляць нейкія нязручнасьці? — адказаў Лукашэнка.
Салаўёў выказаў меркаваньне, што з улікам добрых адносінаў Менску і Пэкіну можна было б неяк абысьці санкцыі.
— Усё роўна зразумела было б, што там я напружваю, кітайцы рэагуюць як сябры, — адказаў Лукашэнка. — Я думаю, безь мяне абыдуцца там на адкрыцьці. Тым больш там жа мой сябар. Калі нешта трэба, ён абавязкова скажа ад майго імя нашаму агульнаму сябру Сі Цзіньпіну.
Напэўна, Лукашэнка меў на ўвазе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.