Куды беларусаў пашлюць ваяваць? Меркаваньне экс-дыплямата

Блок-пост сэпаратыстаў на ўезьдзе ў Горлаўку, Данецкая вобласьць, Украіна, 14 сьнежня 2014 г.

Што азначае заява Лукашэнкі, што беларускіх вайскоўцаў не пашлюць у Сырыю? Ці пагадзіўся ён пасылаць беларусаў на вайну з Украінай? Ці дамогся францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон міру на перамовах у Маскве?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.

Мацукевіч

Павал Мацукевіч

  • Лукашэнка яшчэ мае пэўныя магчымасьці супраціўляцца расейскаму ціску і патрабаваньням. Ініцыятыва паслаць беларускіх вайскоўцаў у Сырыю фармальна паходзіла ад старшыні расейскага ўраду. А Лукашэнка прыслухоўваецца толькі да аднаго чалавека — да Пуціна.
  • Мы бачылі, што беларускі вайсковы кантынгент быў накіраваны ў Казахстан у межах місіі АДКБ. І там тады гінулі людзі. Патэнцыйна там існавала пагроза для беларускіх міратворцаў. Беларускія ўлады на гэта пайшлі, а то і самі ініцыявалі гэтую місію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка стаў навыцяжку перад Пуціным, — Дракахруст пра крамлёўскае пасланьне
  • Адносна сырыйскай місіі было агаворана, што гэта гуманітарная апэрацыя, што беларусы ня будуць удзельнічаць у баявых дзеяньнях. Але ў Сырыі вайна ідзе, і поўнай бясьпекі там нідзе няма.
  • Беларускія ўлады мала лічацца з грамадзкай думкай, але і для іх гэтая тэма адчувальная. Падчас нядаўняга пасланьня Лукашэнкі жанчына спытала — ці пашлюць маіх сыноў на вайну? Лукашэнку было некамфортна адказваць на гэтае пытаньне.
  • Беларусі зараз трэба неяк транзытаваць праз Расею 11 мільёнаў тон калійных угнаеньняў. А гэта важкі аргумэнт, які можа схіліць беларускія ўлады да непапулярных рашэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за скандалам вакол адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Сырыю?
  • Адмова паслаць вайскоўцаў у Сырыю — дэманстрацыя Лукашэнкі, што ён у Беларусі па-ранейшаму вырашае, каго і куды накіроўваць. Але я сачу не за тым, што ён кажа, а за тым, што ён робіць. А рабіць яму даводзіцца тое, ад чаго раней ён адмаўляўся.
  • Пару месяцаў таму ён пайшоў на прызнаньне Крыму расейскім. Цяпер ён спрабуе дэманстраваць, што ён яшчэ кантралюе сытуацыю. Але гэта ўжо не зусім так.
  • Інтэрвію Салаўёву было вельмі няўдалым для Лукашэнкі. Часам там былі камічныя элемэнты, напрыклад, калі Лукашэнка разважаў аб прысваеньні яму расейскага вайсковага званьня. Але ўрэшце Салаўёў выцягнуў зь яго ўсё, што хацеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў, колькі яшчэ зьбіраецца быць прэзыдэнтам
  • Лукашэнка сам разумее, у якую пастку ён трапіў. Яму толькі застаецца адно — захоўваць твар.
  • Што тычыцца колькасьці расейскіх удзельнікаў вучэньняў у Беларусі — вельмі вялікі роскід ацэнак, ад 13 да 100 тысячаў (апошняя лічба падаецца сумнеўнай).
  • У гэтым таксама бачная зьмена пазыцыі Менску. Хоць гэтыя вучэньні і пазаплянавыя, але яны ня першыя. Калі мы спрабавалі сябраваць з заходнімі краінамі, мы спрабавалі зрабіць вучэньні найбольш транспарэнтнымі, празрыстымі, каб не палохаць і не нэрваваць суседзяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнбэрг: Вайсковая прысутнасьць Расеі ў Беларусі найбуйнейшая з часоў «халоднай вайны»
  • Зараз Беларусь ня робіць умовы правядзеньня празрыстымі, і гэта само па сабе зьяўляецца фактарам дэстабілізацыі і пагрозай для суседзяў. Гледзячы па ўсім, у гэтым і палягае іх мэта.
  • На мой погляд, больш важнае пытаньне — колькі расейскіх вайскоўцаў застануцца ў Беларусі пасьля завяршэньня вучэньняў, застануцца ў якім статусе і на які час? І ці залежыць у гэтым пытаньні нешта ад Лукашэнкі?
  • Макрон падчас перамоваў з Пуціным спытаў наконт заявы Лукашэнкі аб магчымасьці разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. Пуцін, паводле Макрона, параіў госьцю не зьвяртаць увагі. Гэта таксама характарызуе нашае становішча, магчымасьці Аляксандра Лукашэнкі самому штосьці вырашаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што 5 гадзін гаварылі Пуцін з Макронам у Маскве
  • Візыт Макрона для мяне не зьяўляецца нечаканым. Француская дыпляматыя традыцыйна адыгрывае ролю актыўнага міратворца ў нашым рэгіёне. Можна прыгадаць плян Сарказі 2008 году, калі расейскія войскі стаялі каля Тбілісі. «Нармандзкі фармат» перамоваў па Данбасу — гэта ідэя францускага прэзыдэнта Алянда. Можна прыгадаць і словы дэ Голя пра Эўропу ад Лісабона да Ўладзівастоку. І для нас, і для Ўкраіны сытуацыя паказальная: нашыя пытаньні вырашаюцца за межамі Беларусі і Ўкраіны.
  • І Францыя, і Нямеччына, і ЗША настойваюць на выкананьні Менскіх пагадненьняў у сваёй трактоўцы. Але гэта не зусім задавальняе Ўкраіну.
  • Мы сьведкі глябальнай трансфармацыі міжнародных адносінаў. Пытаньне толькі ў тым, ці адбудзецца яе фіналізацыя ў выніку канфлікту ва Ўкраіне ці дзе-небудзь яшчэ, ці атрымаецца дамовіцца без вайны.
  • Я ня маю адказу на пытаньне, ці зьяўляецца прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі і на мяжы з Украінай пралёгам вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў: войскі Расеі будуць выведзеныя зь Беларусі пасьля вучэньняў
  • Прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі — наўрад ці канчатковая мэта Масквы, але гэта можа быць прамежкавай мэтай. Але ў любым выпадку Расея — выгадаатрымальнік гэтага напружаньня, якое яна стварыла.
  • Амэрыканцы маглі проста не адказваць на расейскія прапановы. Яны маглі проста ў адказ даць гарантыі бясьпекі Ўкраіне. І гэта быў бы вельмі моцны адказ. І тады не было б неабходнасьці даваць Украіне зброю.
  • Пастаўкі зброі Ўкраіне — гэта кепскі адказ на прапановы Расеі. Зараз і Данбас атрымлівае новыя ўзбраеньні. Такім чынам Украіну рыхтуюць да вайны? А калі яе ня будзе?
  • Пытаньні бясьпекі ў Эўропе маглі б быць вырашаныя ўступленьнем Расеі ў NATO. Але гэта карэнным чынам зьмяніла б гэтую арганізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк: Лукашэнка апраўдваецца, бо апэрацыя па захопе Беларусі раскрытая
  • У нечым Пазьняк мае рацыю: пад шумок адбываюцца рэчы, увага эўрапейцаў да якіх расьцярушваецца. Нягледзячы на ўчорашнія рэплікі Макрона наконт Беларусі, эўрапейцаў беларуская сытуацыя цікавіць і непакоіць менш, чым украінская.
  • NATO і ЗША адказалі на расейскія патрабаваньні адмоўна, але прапанавалі дасягнуць пагадненьня па пытаньнях, якія Расея называе «другараднымі». Але раней Расея ставіла менавіта іх перад заходнімі партнэрамі і не атрымлівала ніякага адказу. А зараз атрымала.
  • Магчыма, дыпляматычная актыўнасьць адсоўвае тэрміны збройнага канфлікту. Але паколькі заходнія краіны насычаюць Украіну ўзбраеньнямі, варыянт вайны выключаць нельга.
  • Калі б Захад, ЗША далі Ўкраіне гарантыі бясьпекі, магчыма, Расея адвяла б войскі ад мяжы з Украінай.

Што было раней

  • Лукашэнка выказаўся наконт адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Сырыю. Адпаведную заяву ён зрабіў на сустрэчы з Саветам бясьпекі, паведамляе БелТА.
  • «Учора чарговы фэйк, што нібыта расейскі ўрад прыняў рашэньне ледзь не паслаць нашых вайскоўцаў у Сырыю. Для мяне гэта было навіной. Вы разумееце, што па цяперашніх законах гэта немагчыма без прэзыдэнта. Але я нікога туды не пасылаў. Адзінае, пра што ішла гаворка (даўно-даўно яна ідзе), — сырыйскі кіраўнік, урад Сырыі папрасілі нас лекарамі дапамагчы. Я кажу: добра, калі хтосьці захоча паехаць з нашых лекараў, першым чынам вайскоўцаў, яны паедуць, але не цяпер. Таму што ў нас сваіх цяпер праблем вышэй даху. Яшчэ гэтая пандэмія так званая ня скончылася», — сказаў Лукашэнка.
  • Лукашэнка дадаў, што гаворка ішла аб падтрымцы. «З урадам Расеі ішла размова, калі мы будзем кагосьці туды пасылаць, каб Расея нас падтрымала. Калі нейкі шпіталь, пажадана, каб мы з расейцамі працавалі, у іх вялікі досьвед. Вось і ўсё пытаньне», — рэзюмаваў Аляксандар Лукашэнка.
  • Напярэдадні агенцтва ТАСС паведаміла, што ўрад Расейскай Фэдэрацыі ўхваліў праект пагадненьня аб разьмяшчэньні гуманітарнага вайсковага кантынгенту Беларусі ў Сырыі.