Украіна адначасова з расейска-беларускімі вайсковымі вучэньнямі правядзе свае манэўры на мяжы зь Беларусьсю

Украінскія вайскоўцы

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў аб намеры Ўзброеных сілаў краіны з 10 па 20 лютага на большасьці палігонаў правесьці вайсковыя вучэньні з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў і супрацьтанкавых ракетных комплексаў, перададзеных Украіне міжнароднымі партнэрамі.

«Гэта Роўна, Ковель, Оўруч, Шырокі Лан, Алешкаўскія пяскі, Чугуеў, Чарнігаў, Адэса — гэта толькі палігон. А яшчэ будуць асобныя пляцоўкі і месцы, дзе якраз з 10 да 20 лютага будуць адбывацца вучэньні Ўзброеных сіл Украіны», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў увечары 7 лютага ў этэры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

Паводле міністра, на вучэньнях плянуюць выпрабаваць магчымасьці ўкраінскіх бесьпілётнікаў Bayraktar і пераносных супрацьтанкавых комплексаў Javelin і NLAW, якія Ўкраіне перадалі ЗША і Вялікая Брытанія.

Вучэньні будуць праходзіць у некалькіх рэгіёнах — Ровенскай, Валынскай, Жытомірскай і Мікалаеўскай абласьцях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як цывільныя ўкраінцы купляюць сабе зброю ў чаканьні расейскай агрэсіі

На тэрыторыі Беларусі з 10 да 20 лютага заплянаваныя супольныя расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022». Вайсковая тэхніка і вайскоўцы пачалі прыбываць у Беларусь на пачатку студзеня.

Колькі расейскіх вайскоўцаў цяпер на тэрыторыі Беларусі, дакладна не вядома. Згодна зь міжнароднымі пагадненьнямі іх не павінна быць больш за 13 тысяч чалавек. На так званыя «Венскія пагадненьні» АБСЭ спасылаюцца ў міністэрствах абароны Расеі і Беларусі, калі гавораць пра «Саюзную рашучасьць – 2022». Аднак паводле зьвестак, агучаных генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам, Расея ўжо перамясьціла на тэрыторыю Беларусі каля 30 тысяч сваіх вайскоўцаў. Ва ўсёй беларускай арміі пры гэтым каля 65 тысяч чалавек, зь якіх толькі 45 тысяч — вайскоўцы, а яшчэ 20 тысяч — цывільныя спэцыялісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскія ляўрэаткі Алексіевіч і Мюлер скрытыкавалі ўлады Нямеччыны за адмову даць зброю Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: У выпадку расейскай атакі Ўкраіна можа мабілізаваць да 2,5 млн чалавек