У лістах ведамства спасылаецца на патрабаваньні Генэральнай пракуратуры, у якіх гаворыцца, што інфармацыйныя матэрыялы арганізацыяў, прызнаных у Расеі непажаданымі і экстрэмісцкімі, павінны быць выдаленыя з публічнай прасторы.
«Роскомнадзор» пагражае блякаваньнем сайту «Радио Свобода», калі публікацыі ня будуць выдаленыя цягам содняў з моманту атрыманьня апавяшчэньняў.
У прыватнасьці, ідзецца пра публікацыі:
- Прэзыдэнт і яго папялушкі
- «Праект»: у СССР праводзіліся выпрабаваньні «Навічка» на вайскоўцаў
- Геолягі і паліттэхнолягі: «Праект» аб структурах Прыгожына на Мадагаскары
- Навальны знайшоў у дзяцей прэм’ер-міністра Расеі кватэры за 180 млн рублёў
- ФБК Навальнага апублікаваў расьсьледаваньне аб «палацы Пуціна»
Падобныя апавяшчэньні накіраваныя і іншым расейскамоўным рэдакцыям мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — агулам каля 30 лістоў атрымалі тэлеканал «Настоящее время», Украінская, Таджыцкая, Казаская, Татара-Башкірская службы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Радыё Свабода асудзіў пашырэньне сьпісу «іншаземных агентаў» у РасеіАналягічныя патрабаваньні нагляднае ведамства раней на гэтым тыдні прад’явіла тэлеканалу «Дождь», вэбсайту «Медуза» (абодва прызнаныя СМІ-«іншаземнымі агентамі»), радыёстанцыі «Эхо Москвы», сайту Znak. com, «Новой газете» і іншым.
- Выданьне «Праект» прызнана ў Расеі непажаданай арганізацыяй. Імёны некалькіх журналістаў, якія супрацоўнічалі з «Праектам», уключаны ў рэестр «іншаземных агентаў» — фізычных асобаў.
- У жніўні летась Фонд барацьбы з карупцыяй унесены ў сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый. У пачатку чэрвеня 2021 году гэты фонд і рэгіянальныя штабы Аляксея Навальнага былі прызнаныя Маскоўскім гарсудом экстрэмісцкімі.
- Расейскія ўлады штрафуюць Радыё Свабода і іншыя праекты мэдыякарпарацыі за невыкананьне асобных палажэньняў заканадаўства аб СМІ — «іншаземных агентах». Агульная сума штрафаў перавышае дзесяць мільёнаў даляраў. ТАА «РСЭ / РС», якое прадстаўляе інтарэсы мэдыякарпарацыі ў Расеі, абскардзіла сотні прынятых супраць яго рашэньняў, лічачы абмежавальныя меры «Роскомнадзора» праявамі цэнзуры, аднак апэляцыі нязьменна пакідаюцца судамі без задавальненьня.
- Як неаднаразова заяўлялі кіраўнікі мэдыякарпарацыі, абмежавальныя захады супраць Радыё Свабода і іншых яе расейскамоўных праектаў маюць на мэце выштурхоўваньне незалежных СМІ з расейскай грамадзкай прасторы. РСЭ/РС дзейнічае на падставе строгага кодэксу журналісцкіх правілаў і нязьменна праводзіць незалежную рэдакцыйную палітыку, якая не дапускае ўмяшаньня ў яе любых палітычных сілаў.
- У траўні 2021 году прадстаўнікі РСЭ/РС зьвярнуліся з пазовам супраць расейскіх уладаў у Эўрапейскі суд правоў чалавека. У чэрвені ЭСПЧ прыняў гэты пазоў да разгляду.