«Гульня пра камунікатыўнае надвор’е паміж людзьмі»
«Наша настолка — пра жыцьцё, пра тое, як зразумець адзін аднаго і разам зрабіць нешта файнае. Як палепшыць сваё жыцьцё ў горадзе і якія для гэтага ёсьць простыя, але эфэктыўныя інструмэнты», — кажа каманда (чальцы пажадалі застацца ананімнымі).
Ідэя гульні «nadvorʼe» зьявілася на пачатку 2021 году, калі стала відавочна, што ў дваровых суполках узьнікае дыскамунікацыя паміж людзьмі, бо ў іх раней не было практыкі камунікацыі паміж сабой, кажуць распрацоўшчыкі і распрацоўшчыцы.
«Людзі не з суполак ня ведаюць, як можна размаўляць з суседзямі і суседкамі, як далучыцца да ініцыятыў, як нешта зьмяняць у дваровым асяродзьдзі. А гульня дапамагае паглядзець на матывацыю адзін аднаго, навучыцца камунікаваць зь вельмі рознымі людзьмі і трошкі пазнаёміцца з урбаністыкай ды горадам. Яна ня вучыць, а матывуе вучыцца».
Узроставых абмежаваньняў у гульні няма, але зусім малым дзеткам будзе цяжкавата, бо правілы больш-менш складаныя, кажа каманда.
Мэтаў у «nadvorʼe» шмат. Першая — сабраць людзей «за адным сталом»: суседзяў ды суседак, суполкі, сяброў і сябровак, ды нават незнаёмых паміж сабой гараджан ды гараджанак. Пазнаёміцца, абмяняцца сваімі меркаваньнямі і гісторыямі.
«Таксама мы спадзяёмся, што гульня зацікавіць людзей у паляпшэньні сваіх дваровых прастораў. На фінішы гульцы ня змогуць застацца бяз новых ведаў! Гульнявая форма навучаньня ў прыемным ды простым фармаце пазнаёміць людзей з інструмэнтамі, якія даступныя кожнаму і кожнай і з дапамогай якіх гараджане ды гараджанкі могуць зьмяняць свае двары».
Гульцам стане больш зразумела, як камунікаваць і супрацоўнічаць з самымі рознымі суседзямі ды суседкамі, як вырашаць канфлікты.
«Яны разьбяруцца, як вырашаць пытаньні добраўпарадкаваньня ды самакіраваньня. Даведаюцца пра крытэры Яна Гейла [дацкі архітэктар, кансультант па гарадзкім дызайне. — РС] і пра элемэнты, якія можна выкарыстоўваць для паляпшэньня двара».
Дарэчы першапачатковая назва гульні мелася быць блізкая да прымаўкі «як дбаем, так і маем», бо тая добра адлюстроўвала зьмест галоўнай ідэі.
«Мы абмяркоўвалі назву ўсёй камандай, як раптам адзін чалец прапанаваў „наДВОР’е“. Гэта не пра ападкі і тэмпэратуру. Гэта хутчэй пра камунікатыўнае надвор’е паміж людзьмі. І, канечне, тут захавана слова „двор“. І нам вельмі спадабалася, што такая назва намякае на сюжэт, але ўсё ж пакідае месца для інтрыгі. Да таго ж атрымліваецца, што нават назва — гэта тая ж самая гульня, але словаў. Таму спыніліся на гэтым трошкі жартоўным варыянце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніца і дызайнэрка робяць настольныя гульні, якія дапамагаюць дзецям вывучаць беларускую мову
«Кіроўца з нашай гульні можа вельмі нагадаць тату ўдзельніка каманды»
Кіроўца, бабуля, раварыстка і шмат хто яшчэ. Пэрсанажы «nadvorʼe» — гэта людзі, які ёсьць у кожным двары.
«Нам вельмі хацелася, каб гульцы адчувалі, нібыта сапраўды апынуліся ў знаёмым двары, таму ўсе пэрсанажы маюць прататыпы з рэальнага жыцьця. Мы прааналізавалі, хто ўвогуле жыве ў двары, каго там можна сустрэць. І такім чынам знайшлі 5 галоўных пэрсанажаў. Але гэта ня ўсе пэрсоны гульні: таксама ёсьць архітэктар, падлетак, старшыня ТУЖ і іншыя гараджане ды гараджанкі. Калі мы прапісвалі пэрсанажаў, мы нічога не выдумлялі, а змалёўвалі са знаёмых. Пацешны факт: кіроўца з нашай гульні можа вельмі нагадаць тату аднаго з удзельнікаў каманды».
Бліжэй пазнаёміцца з пэрсанажамі можна на сайце Менскай урбаністычнай плятформы, якая дапамагае камандзе з распаўсюдам інфармацыі пра гульню.
Падчас працы над гульнёй узьнікала шмат складанасьцяў, прызнаецца каманда.
«Мы вырашылі распрацаваць паўнавартасную настольную гульню за 7–8 месяцаў, але потым ужо даведаліся, што такія ідэі ператвараюцца ў рэальнасьць за некалькі гадоў. Таксама вельмі доўга шукалі мэханіку, якая будзе яднаць, а не разьядноўваць, сутыкнуліся са складанасьцямі і падчас тэставаньня. Ну, і вырашылі друкаваць гульню пад канец году, калі ў друкарні мільён замоваў і праблем і бяз нас».
Але не абышлося і безь цікавых момантаў.
«Спачатку адзін з кампанэнтаў гульні мы хацелі заказваць на вытворчасьці ў Кітаі, але ў апошні момант яны перасталі выходзіць на сувязь. Тады чалавек зь Менску, які вельмі захапляецца настольнымі гульнямі, вырашыў пачаць сваю вытворчасьць фішак і адмыслова пад нас вырабіў патрэбныя кампанэнты. Як ён сам расказвае, у яго была такая думка даўно, але мы сталі каталізатарам. Цяпер ён плянуе працягваць разьвівацца ў гэтым кірунку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенцы зрабілі бізнэс на настольных гульнях пра паўстанцаў і хочуць зьдзівіць ЭўропуЯк пагуляць у «nadvor’e»?
Гульня з самага першага кроку вучыць камунікацыі, бо «nadvor’e» нельга набыць, а толькі знайсьці ў суседзяў і суседак, у суполках.
«Мы хацелі, каб як мага больш людзей пагулялі ў „nadvor’e“, таму прыдумалі цікавы мэханізм зь перадаваньнем гульні. За яе ня трэба плаціць, але трэба знайсьці тую суполку ці суседзяў/суседак, у якіх ёсьць скрыня з гульнёй, і папрасіць пагуляць. Гэткі буккросінг атрымліваецца».
Каб пратэставаць «nadvor’e» першымі, трэба коратка расказаць угугл-форме, чаму вы хацелі б пагуляць у яе. Аўтарам і аўтаркам адказаў зь цікавай матывацыяй адправяць гульню на тэст.
«Людзям стала важна і нават неабходна адчуваць датычнасьць да ўсяго беларускага»
Каманда адзначае, што за апошнія два гады моцна павысілася цікавасьць да ўсяго беларускага: мовы, падзеяў і навін, праектаў, якія ствараюць беларусы.
«Насамрэч, гэта нам паказваюць і матывацыйныя лісты, якія мы цяпер атрымліваем. Людзям стала важна і нават неабходна адчуваць датычнасьць да ўсяго беларускага. Таму гульня на беларускай мове, падчас якой ты ператвараесься ў жыхара ці ў жыхарку аднаго з тыповых беларускіх двароў, задавальняе гэты запыт і зацікаўленасьць».
Таксама каманда заўважае, што гараджане і гараджанкі пачалі самастойна прыходзіць да разуменьня, што гарадзкое асяродзьдзе, асабліва дваровыя прасторы, у пэўнай ступені залежаць ад дзеяньняў саміх жыхароў ды жыхарак.
«Вельмі важна гэтае разуменьне падтрымліваць і пашыраць. А гульня здаецца вельмі эфэктыўным і не надакучлівым спосабам гэта рабіць. Да таго ж цяпер сярод пастаянных хваляваньняў ды ня вельмі бадзёрых навін людзям як ніколі патрэбна падтрымка адно аднаго, простыя сустрэчы і размовы, і вось такія пазытыўныя спосабы бавіць час. Гэта можа стаць невялічкім актам тэрапіі».
Цяпер камандзе патрэбная падтрымка. І вось што кожны можа зрабіць для «nadvor’e»:
Дапамагчы з распаўсюдам
«Мы цяпер просім людзей не трымаць гульню ўвесь час толькі ў сябе, а перадаваць далей сябрам, сяброўкам ды знаёмым зь іншых раёнаў ды гарадоў Беларусі. Гэта дапаможа вырашыць пытаньне зь невялікай (пакуль што) колькасьцю асобнікаў, але таксама дазволіць узмацніць гарызантальныя сувязі як сярод гульцоў, так і сярод гараджан і гараджанак увогуле».
Напісаць матывацыйны ліст
«Каб атрымаць гульню „на тэст“. Калі ў вас будзе цікавая матывацыя, вам адправяць гульню. Мы будзем бачыць шмат попыту і зразумеем, што гульня актуальная. А попыт, як вядома, нараджае прапанову».
Пакінуць водгук
«У выпадку, калі вы атрымалі гульню, не забудзьцеся пакінуць водгук, каб мы змаглі зрабіць яе яшчэ лепшаю! У інструкцыі падрабязна напісана, як гэта зрабіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенец запрашае пагуляць у «Мову»: Кампутар стаў прычынай папулярнасьці настолак