Настольная гульня «Мова» — адукацыйна-забаўляльны праект, які мае на мэце разьвіцьцё беларускай мовы, пашырэньне яе ўжытку ў грамадзтве і стварэньне перадумоваў для моўнай практыкі ў коле сваіх сяброў. Адначасова гульня — гэта спаборніцтва за тытул лепшага мовазнаўцы, дзе для перамогі кожнаму трэба быць кемлівым, хуткім, уважлівым, сканцэнтраваным.
Гульня займае ад 15 хвілінаў да гадзіны, зьбірае за сталом ад двух да васьмі чалавек — і ў выніку дапамагае падвысіць слоўнікавы запас.
Настолка — сумесны праект аўтараў першай беларускай настольнай гульні «Паўстанцы» і курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». Працу над праектам вядзе гарадзенская творчая кампанія «А4».
Стваральнік гульні «Мова» гарадзенец Антон Янкоўскі распавёў Свабодзе, чаму ў эпоху кампутарных гульняў усё большую папулярнасьць набываюць настолкі:
«Цягам апошніх год я займаюся распрацоўкай і вытворчасьцю настольных гульняў. Таму магу з усёй адказнасьцю сказаць, што настолкі цяпер вельмі запатрабаваныя, яны ні ў якім разе не выцясьняюцца кампутарнымі гульнямі. Я б сказаў, што кампутарныя гульні наадварот спрыяюць пашырэньню настолак. Чаму? Таму што людзям хочацца размоваў, стасункаў, жывой камунікацыі — таго, чаго ня можа даць кампутар. А што зьяўляецца вялікім плюсам настольных гульняў незалежна ад іх жанру? Вядома, зносіны, камунікацыя паміж людзьмі. Калі для гульні ў настольную гульню зьбіраецца два, тры, дзесяць чалавек, — атрымліваецца камунікацыя, якой цяпер так часта нам не хапае. Падчас гульні можна проста размаўляць, дзяліцца ідэямі, уражаньнямі. Нездарма, настольныя гульні вельмі папулярныя ў Эўропе, расьце іх папулярнасьць і ў Расеі. А цяпер гэты від адпачынку і хобі даходзіць і да нас: зьявілася шмат крамаў настольных гульняў, выпускаюцца новыя настолкі, гучаць новыя імёны аўтараў-распрацоўнікаў. Усё гэта сьведчыць пра цікавасьць да сьвету беларускіх настольных гульняў».
Галоўная мэта, якую ставілі перад сабой стваральнікі гульні «Мова», — разьвіцьцё беларускай мовы:
Гэтая гульня — яшчэ адзін мэханізм наблізіцца да беларускай мовы праз выкарыстаньне забаўляльнай формы, якую мае любая настолка.
«Гэтая гульня — яшчэ адзін мэханізм наблізіцца да беларускай мовы праз выкарыстаньне забаўляльнай формы, якую мае любая настолка. Гуляючы ў „Мову“, чалавек даведаецца новыя беларускія словы, навучыцца спалучаць іх зь іншымі словамі. Увогуле, мы б хацелі ствараць глебу для таго, каб чалавек захацеў гаварыць па-беларуску. У гульні для кожнай тэмы створаны міні-слоўнік, які можна дапаўняць сваімі словамі і пасьля выкарыстоўваць іх для гульні. Я думаю, што такія практыкі будуць спрыяць пашырэньню слоўнікавага запасу тых, хто будзе гуляць у „Мову“. Любая настолка мае інтэлектуальны складнік, патрабуе пэўнага ўзроўню ведаў і кемлівасьці — тым яны і цікавыя. Да прыкладу, у гульні „Мова“ гульцам давядзецца загадваць і ўгадваць прапанаваныя словы, працаваць з прыметнікамі і дзеясловамі, дапасоўваючы словы, складаць словы.»
Большую частку сродкаў для выпуску настолкі сабралі дзякуючы краўдфандынгавай плятформе talaka.by, рэшту стваральнікі ўкладалі з уласных зьберажэньняў:
«Talaka.by — гэта вельмі добрая пляцоўка, якая паспрыяла збору сродкаў на выданьне гульні. Мы сабралі там троху больш за 50 адсоткаў — і гэта быў вельмі добры вынік, таму што мы апроч гэтага ўкладалі і ўласныя грошы. Зразумела, што ўсе, хто ахвяраваў на выданьне гульні, атрымаюць ўласны экзэмпляр „Мовы“.»
Замовіць настолку можна на сайце symbal.by, а таксама ў кнігарні «Логвінаў».
Публічная прэзэнтацыя гульні «Мова» адбудзецца пасьля Новага году падчас курсаў «Мова нанова» ў Менску і іншых гарадах.