Яшчэ ў адну гімназію даслалі фальшывы загад правесьці сустрэчу аб Канстытуцыі. Яе зноў правялі

Ілюстратыўнае фота

Гэтым разам ліст з патрабаваньнем арганізаваць «дыялёгавую пляцоўку» вакол зьменаў у Канстытуцыю даслалі ў рэчыцкую гімназію. Там далі справаздачу з фота, што сустрэчу правялі.

Гісторыя з фэйкавым лістом ва ўстановы адукацыі з патрабаваньнем арганізаваць «дыялёгавую пляцоўку» наконт зьменаў у Канстытуцыю атрымала свой працяг. Гэтым разам ліст даслалі ў рэчыцкую гімназію. Сустрэчу там правялі і даслалі справаздачу ў фатаздымках.

Раней такую ж сустрэчу правялі ў адной зь менскіх школаў. Тады школу разыграў малады настаўнік зь Менску, які быў вымушаны зьехаць у Польшчу.

З электроннай пошты «Грамадзкай дыялёгавай пляцоўкі па абмеркаваньні зьменаў у Канстытуцыю» беларус разаслаў ліст у менскія школы з патрабаваньнем арганізаваць цягам чатырох гадзін дыялёгавую пляцоўку з прадстаўнікамі «Белай Русі», «БРСМ» і адміністрацыі, зь дзяржаўнай сымболікай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды глядзяць бацькі?». У хвалю «Омікрону» школы працягваюць рабіць масавыя зборы дзяцей

Рэчыцкая гімназія — ужо другая ўстанова, якая адразу выканала загад, нават не дазнаўшыся, адкуль прыйшоў ліст і хто ягоны аўтар.