У лісьце Леанід Судаленка прыгадвае сваё затрыманьне і крымінальную справу.
«Пасьля абеду мяне год таму спусьцілі ў падвал, дзе я прасядзеў у клетцы да 18:00. У 19:00 прыкладна мяне завезьлі сюды ў СІЗА. Забралі грошы, шнуркі ды іншае. Далі 10 хвілін памыцца ў душы, і вось ужо год як я тут. Узьнікае пытаньне — навошта ўладзе ўсе гэтыя ліпавыя прысуды, якія дакладна будуць адмененыя? Бо нават у СССР, пры моцнай КПСС, палітычных рэпрэсаваных рэабілітавалі. Цяпер іншы час, і думаю, гэта адбудзецца хутчэй», — піша праваабаронца.
Ён дзеліцца прагнозамі наконт будучыні палітвязьняў у Беларусі.
«Думаю, пройдзе яшчэ гэтая мітусьня вакол Канстытуцыі, і да восені пытаньне палітычных усё роўна давядзецца вырашаць. Таму, думаю, да восені ўсе палітычныя будуць дома. Гэта мае прагнозы з турэмнай камэры, дзе радыё і газэта „СБ“ фармуюць маю навінавы парадак дня», — піша Леанід Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Знак упершыню закупіўся ў турэмнай краме; Статкевіч расказаў пра галоўнае «месца сілы»18 студзеня 2021 году кіраўніка Гомельскай філіі «Вясны» Леаніда Судаленку затрымалі па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні.
3 лістапада суд Цэнтральнага раёну гораду пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўленьня волі, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў ягоную апэляцыйную скаргу.
26 студзеня палітзьняволенага Леаніда Судаленку этапавалі ў папраўчую калёнію № 3 «Віцьба».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.