Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўвёў візавыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў, датычных да незаконных рэпрэсій супраць дысыдэнтаў за межамі Беларусі — у прыватнасьці, супраць афіцыйных асобаў, якія ўдзельнічалі ў спробе гвалтоўнай рэпатрыяцыі беларускай спартоўкі Крысьціны Ціманоўскай падчас летніх Алімпійскіх гульняў у Токіё летась. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсаваныя беларускія спартоўцы сустрэліся з намесьніцай дзяржсакратара ЗША: «Захапляюся вашай адвагай»Санкцыі былі ўведзеныя ў рамках «забароны імя Хашогі» — інструмэнту для супрацьдзеяньня транснацыянальным рэпрэсіям, заснаванага ўладамі ЗША ў 2021 годзе.
«Злучаныя Штаты вітаюць намаганьні Беларускага фонду спартовай салідарнасьці ў падтрымцы і абароне правоў спартоўцаў ва ўмовах жорсткага ціску з боку рэжыму Лукашэнкі і рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў унутры краіны і за яе межамі. Мы салідарныя зь Ціманоўскай і ўсімі іншымі людзьмі, якія сутыкнуліся са спробамі рэжыму прымусіць замаўчаць крытыкаў», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара Энтані Блінкена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр, які прымушаў Ціманоўскую бегчы чужую дыстанцыю на Алімпіядзе, страціў пасадуДзяржсакратар пацьвердзіў, што ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць народ Беларусі, заклікаўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязьняў, распачаць дыялёг з дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю і правесьці свабодныя і сумленныя выбары пад міжнародным назіраньнем.
«Мы прадоўжым працаваць з міжнароднай супольнасьцю, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у рэпрэсіях і парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі», — падкрэсьліў Блінкен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім спартоўцам на Алімпіядзе-2022 дазволілі размаўляць толькі са СМІ, якія ўхваліў НАККрысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь
- 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
- Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
- Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
- Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
- Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
- Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
- 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
- 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
- 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
- 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.