МЗС Беларусі абвясьціла, што за мяжой участкі для галасаваньня адкрываць падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму ня будуць.
Прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз заявіў, што на сёньня больш як траціна замежных устаноў не ўтваралі ўчасткі з прычыны «нязначнай колькасьці грамадзян, якія знаходзяцца на консульскім уліку». Доля галасуючых за мяжой, адзначыў ён, складае менш за адзін адсотак. Паводле апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, у Беларусі 6 904 649 выбарцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС заявіла, што ўчасткаў для галасаваньня на рэфэрэндуме за мяжой ня будзе. Прадстаўнік Ціханоўскай: Баяцца экзыт-полаў
Колькі беларусаў за мяжой і як яны галасавалі
Па стане на 2017 год 300 тысяч беларусаў працавалі пастаянна ў Расеі, каля 100 тысяч — у ЭЗ. У 2019 годзе, па афіцыйных зьвестках, з Расеі туды на працу прыехалі 163 тысячы чалавек, у 2020 годзе — 85,5 тысячы.
Гэта менавіта грамадзяне Беларусі. Пасьля падзеяў 2020 году гэтая лічба магла зьмяніцца.
Пра тое, колькі беларусаў пакінулі радзіму пасьля выбараў 2020 году, афіцыйных зьвестак няма. Розныя экспэрты называюць лічбы ад некалькіх дзясяткаў тысяч да некалькіх сотняў тысяч чалавек.
То бок сумарна патэнцыйных выбаршчыкаў за мяжой — мінімум некалькі сотняў тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрэчка палітоляга Вусава і прадстаўніка НАК Праскаловіча: Чаго і як можна дасягнуць на рэфэрэндуме па Канстытуцыі?
Як галасавалі за мяжой раней
На прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе на замежных участках для галасаваньня ўтвараліся чэргі з ахвотных прагаласаваць. Чаргу пад амбасадаю ў Маскве журналісты на месцы ацэньвалі ў тры тысячы чалавек, яна расьцягнулася на 2 кілямэтры.
Валянтэры, якія займаліся назіраньнем за выбарамі 2020 году за мяжой, кажуць, што многія беларусы, каб прагаласаваць, стаялі на сьпёцы па 3–4 гадзіны.
На многіх замежных участках для галасаваньня ў 2020 годзе, нават па афіцыйных дадзеных, перамагла Сьвятлана Ціханоўская.
Так, у Нью-Ёрку Сьвятлана Ціханоўская, па афіцыйных дадзеных, атрымала 93,2%, у Мюнхэне — 91,7%, у Тэль-Авіве — 91,5%, у Лёндане — 80,1%, у Рыме — 79,7%, у Стакгольме — 75,6%. Пры гэтым экзыт-полы, якія праводзілі беларусы замежжа, давалі ёй нават 95% галасоў.
На ўчастках у Расеі Ціханоўская, па афіцыйных дадзеных, прайграла, але неістотна: у Санкт-Пецярбургу яна набрала 45,8%, а Лукашэнка — 51,1%. Прыкладна тое самае было і ў Маскве. Пры гэтым там у асноўны дзень галасаваньня сотні людзей не змаглі прагаласаваць — участкі працавалі вельмі марудна.
Як працавалі выбарчыя ўчасткі за мяжой у 2020 годзе
На прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе за мяжой працавалі 44 участкі для галасаваньня ў 36 краінах сьвету. У некаторых краінах участкаў было некалькі: тры ў Расеі, тры ў Польшчы, па два ў Нямеччыне, Латвіі, ЗША і Турэччыне.
Для таго каб прагаласаваць на гэтых участках, патрэбны быў дакумэнт, па якім можна ідэнтыфікаваць асобу, і дакумэнт, які пацьвярджае грамадзянства Беларусі.
«Дзяржава павінна забясьпечыць права галасаваць»
Права галасаваць можа быць абмежавана, але для гэтага патрэбныя дакладныя падставы і абгрунтаваньні. Пра гэта кажа праваабаронца Алег Гулак.
«У людзей ёсьць права, і дзяржава павінна яго забясьпечыць. Прыехаць прагаласаваць з-за мяжы змогуць адзінкі. Пераважная большасьць не паедзе галасаваць дадому, гэта значыць, што людзі за мяжой галасаваць ня будуць. Іх проста пазбаўляюць такой магчымасьці. І Канстытуцыя, і міжнародны пакт „Аб грамадзянскіх правах“ прадугледжвае, што права галасаваць павінна быць рэальна рэалізуемым», — гаворыць Алег Гулак.
Ён зважае, што ў іншыя часы не было ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі, калі б за мяжой не ствараліся выбарчыя ўчасткі.
«Калі яны гавораць пра ковід, то прэзыдэнцкія выбары таксама адбываліся ў час пандэміі, але ўчасткі за мяжой ствараліся. Цяпер людзей выехала з краіны нашмат больш. Насамрэч, яны паглядзелі, што замежжа галасавала супраць у 2020 годзе, і цяпер там для іх будуць праблемы. Іншага рэальнага абгрунтаваньня няма, бо зьехалі ў асноўным іх праціўнікі. Таму іх проста выключылі. Дзяржава проста наўмысна ня выканала свае абавязкі», — кажа Алег Гулак.