Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пагутарыла зь беларускімі чыноўнікамі пра рэфэрэндум і альтэрнатыўны ўрад


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская правяла званок з дзяржаўнымі службоўцамі і чыноўнікамі Беларусі, якія раней зьвярнуліся ў ініцыятыву «Сумленныя людзі» праз ананімны бот @honest_dialog_bot.

Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, падчас размовы абмяркоўвалі:

  • плян «Перамога» і далучэньне чыноўнікаў да яго;
  • унутраны эканамічны ціск на рэжым;
  • пры якіх умовах мае сэнс стварыць альтэрнатыўны ўрад;
  • супрацоўніцтва зь іншымі краінамі — акрамя ЗША і Эўропы;
  • стратэгію, транзытны пэрыяд, а таксама бачаньне новай Беларусі;
  • санкцыі і закрыцьцё шчылін у іх;
  • захаваньне сувэрэнітэту Беларусі;
  • фарматы рэгулярнага супрацоўніцтва.

Таксама ўзьнялі пытаньне канстытуцыйнага рэфэрэндуму 27 лютага. Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, чыноўнікі згадвалі яго як «рэфэрэндум» у двукосьсі, таму што ён ніяк не адлюстроўвае інтарэсы народу.

Дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі расказаў, як дэмакратычныя сілы аб’ядналіся для сумеснай работы па адзінай стратэгіі і дадаў, што плян «Перамога» могуць запусьціць, калі грамадзтва будзе гатовае да актыўных дзеяньняў пасьля таго, як прыйдзе на ўчасткі, каб зрабіць бюлетэнь несапраўдным.

Падчас размовы ў Ціханоўскай спыталі, ці могуць чыноўнікі далучацца да пляну «Перамога», на што яна адказала: «Важна далучацца прама зараз. ByPol загадзя ацэньвае сытуацыю для разуменьня, што канкрэтна могуць зрабіць удзельнікі пляну».

Аляксандар Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум аб зьмяненьнях і дапаўненьнях Канстытуцыі Беларусі на 27 лютага.

21 студзеня прадстаўнікі дэмакратычных сілаў прадставілі супольную стратэгію і плян дзеяньняў падчас рэфэрэндуму. У рамках яго беларусаў заклікалі прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным, перакрэсьліваючы ўсе прапанаваныя варыянты, фатаграфаваць бюлетэні і дасылаць плятформе «Голас», каб правесьці незалежны падлік галасоў. Таксама беларусаў заклікалі фіксаваць парушэньні, якія яны заўважаць на ўчастках, і дасылаць інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Зубар».

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG