Палітвязьню Ўладзімеру Ганчарову далі новы тэрмін
1 лютага ў судзе Ленінскага раёну Магілёва Ўладзімера Ганчарова, якога раней ужо асудзілі на 1,5 года калёніі па берасьцейскай «справе карагодаў», прызналі вінаватым па новай крымінальнай справе. Гэтым разам Уладзімера абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады», паведамляе «Вясна».
Згодна з абвінавачаньнем, у адным з тэлеграм-каналаў ён пакінуў нэгатыўны камэнтар на адрас супрацоўніка ДПС ДАІ з Горак Юрыя Дзем’яновіча. Сваёй віны Ганчароў не прызнаў.
«Высокі суд, і я, і вы выдатна ведаем, што я за свае дзеяньні не павінен знаходзіцца ў турме. Хачу зьвярнуцца да сваёй сямʼі. Дзякуй вам за дапамогу. Не перажывайце за мяне. Турма не такое страшнае месца, як здаецца. Я вас вельмі люблю», — сказаў Уладзімер Ганчароў у апошнім слове.
Судзьдзя Аксана Ратнікава шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова прысудзіла Ганчарову 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 15 чалавек, у тым ліку Анатоля Латушку і Алену ГнаўкСям’ю з Гародні пакаралі за ўдзел у верасьнёўскім маршы 2020 году
У судзе Гародні 3 лютага вынесьлі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да юрысткі Алены Ягорычавай і сьлесара Ігара Пазьнякова, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Віталь Лабоцкі прысудзіў Ігару 2,5 года «хіміі», а Алене — 2 гады калёніі.
Палітвязьняў абвінавачвалі ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт 342 КК) і гвалце альбо пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК).
Паводле абвінавачваньня, муж і жонка ўдзельнічалі ў маршы 6 верасьня 2020 году, дзе «натхняючы сваімі паводзінамі іншых, станавіліся ў „счэпку“, дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».
Алену таксама абвінавачвалі ў гвалце ў дачыненьні да амапаўца — нібыта яна «нанесла ня менш за адзін удар у вобласьць твару і шыі, пасьля чаго ажыцьцявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізычны боль і пабоі».
Вартаўніка астравецкай школы арыштавалі за камэнтары пад пастом «экстрэмісцкага» канала
На жыхара Астраўца, які працуе вартаўніком у мясцовай сярэдняй школе, міліцыянты склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае». «Распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў» палічылі камэнтары, якія ён пакінуў пад пастом канала «Нехта» «ЎКантакце».
Мужчына прызнаў сваю віну, але патлумачыў, што ня ведаў пра прызнаньне старонкі «экстрэмісцкай». Доказамі віны вартаўніка суд палічыў тры «лайкі» да камэнтароў пад гэтым пастом. У выніку яму прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту.
«Белыя халаты»: у Менску на працы затрымалі трох мэдыкаў
Тэлеграм-канал «Белыя халаты» паведаміў, што ў гарадзкім наркалягічным дыспансэры Менску 2 лютага сілавікі затрымалі трох мэдыкаў на працоўным месцы. Пасьля міліцыянты праверылі ўсе памяшканьні, у тым ліку прыбіральні, ці няма там нацыянальнай сымболікі. У праверцы таксама ўдзельнічалі галоўны доктар клінікі і асобы без апазнавальных знакаў.
Вядома, што затрыманыя мэдыкі пасьля падзеяў жніўня 2020-га выступалі супраць гвалту сілавікоў, выходзілі ў «ланцугі салідарнасьці» ў свой вольны час.
Масавыя ператрусы ў Карэлічах
У пасёлку Карэлічы Горадзенскай вобласьці 2 лютага прайшлі масавыя ператрусы. Прыходзілі мінімум да 15 чалавек. Нікога не затрымалі. Іншых падрабязнасьцяў пакуль няма, паведаміла Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй на месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт у Карэлічах даслаў позву 8-гадовай дзяўчынцыГаўпвахта за «абразу прадстаўніка ўлады»
19-гадовага вайскоўца адправілі на месяц на гаўпвахту па абвінавачаньні ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Па дадзеных Генпракуратуры, у траўні 2021 году малады чалавек разьмясьціў у адным з тэлеграм-каналаў абразьлівы камэнтар пра пружанскага ўчастковага, піша праект Позірк.
Абвінавачаны прызнаў віну. У яго таксама канфіскавалі тэлефон, «зь якога зьдзейсьнена злачынства».
800 рублёў штрафу за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Тацяну Саўко затрымалі яшчэ 13 студзеня. Сілавікі прыйшлі да горадзенкі зь ператрусам а шостай раніцы. Пазьней у РАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але цягам трох дзён так і не асудзілі. Яе пратрымалі ў мясцовым ІЧУ 72 гадзіны, а пасьля выпусьцілі на волю з пратаколам.
3 лютага ў судзе Ленінскага раёну Горадні над Тацянай адбыўся суд. Судзьдзя Ганна Леўсік прызнала Саўко вінаватай і пакарала штрафам у памеры 800 рублёў. Дачка Тацяны на сваёй старонцы ў Instagram паведаміла, што ў матэрыялах справы былі памылкі, але судзьдзя не зьвярнула на гэта ўвагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактара баранавіцкага выданьня Intex-Press аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў