Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт у Карэлічах даслаў позву 8-гадовай дзяўчынцы


Акцыя пратэсту ў Карэлічах у верасьні 2020 году
Акцыя пратэсту ў Карэлічах у верасьні 2020 году

Акрамя таго, што выклікаць непаўналетніх на допыт бязь іх законнага прадстаўніка забаронена, сілавікі праігнаравалі таксама той факт, што дзяўчынка ад нараджэньня жыве ў Польшчы.

У гарадзкім пасёлку Карэлічы, што на Горадзеншчыне, Сьледчы камітэт даслаў позву 8-гадовай дзяўчынцы Ганьне Пякарскай. Разам з бацькам Раманам Пякарскім дачка зарэгістраваная ў Карэлічах. Раман разьмясьціў фота позвы ў Facebook, піша Hrodna.life.

Пякарскі ад 2007 году жыве ў Польшчы, але мае беларускі пашпарт і прапісаны ў Карэлічах. Там сама зарэгістраваная і народжаная ў 2012-м Ганна, якая зьяўляецца грамадзянкай іншай краіны.

За камэнтары ў Telegram супраць Рамана Пякарскага распачалі крымінальную справу, пры гэтым канкрэтны артыкул дасюль застаецца невядомым. На допыт у гэтай справе пачалі выклікаць усіх зарэгістраваных па адрасе.

Позву прыслалі і бацьку Рамана, інваліду І групы. А маці ўжо хадзіла ў Сьледчы камітэт. У яе пыталіся пра сына і сказалі, што прыйдуць зь ператрусам, хаця даўно вядома, што Раман у краіне шмат гадоў не жыве.

8-гадовая дачка Рамана была ў Карэлічах некалькі разоў, але ад нараджэньня жыве і вучыцца за мяжой. Позву на яе імя бацька назваў «непрафэсійнай працай супрацоўнікаў». Аднак скардзіцца на дзеяньні СК у Беларусі ён ня бачыць сэнсу.

У прэс-службе Сьледчага камітэту журналістам не пракамэнтавалі здарэньне.

Згодна з арт. 27 Крымінальнага кодэксу крымінальная адказнасьць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, за некаторыя злачынствы можна прыцягнуць з 14 гадоў. У іншых выпадках адказнасьць за дзіця будуць несьці бацькі. Выклікаць на допыт позвай непаўналетняе дзіця — парушэньне закону.

Пасьля жніўня 2020 году супраць сілавікоў не пачалі ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і забойствы пратэстоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG