Прафэсары Юлія Гаўрыльчанка і Кірыл Тамашэўскі і старшая выкладчыца Тацяна Аўдзеева больш не выкладаюць на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яны звольненыя «па сьпісах», піша тэлеграм-канал студэнтаў і выкладчыкаў юрфаку Law Verum.
«На гэты момант вядома пра некалькіх топавых юрыстаў, якія былі вымушаныя пакінуць выкладаньне ў БДУ і сваіх студэнтаў, нават ня ўбачыўшы, як тыя выпускаюцца», — адзначае канал.
- Юлія Гаўрыльчанка — доктар юрыдычных навук, прафэсар катэдры гаспадарчага права, адна з заснавальніц магістратуры па IT-праве;
- Кірыл Тамашэўскі — доктар юрыдычных навук, прафэсар катэдры грамадзянскага працэсу і працоўнага права;
- Тацяна Аўдзеева — старшы выкладчык катэдры грамадзянскага права.
Зьявілася інфармацыя, што звольнены з факультэту і Сяргей Пратасавіцкі — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт катэдры грамадзянскага права. Адзін з аўтараў камэнтару да Грамадзянскага кодэксу, які вывучаецца ўсімі студэнтамі-юрыстамі. Аднак затым канал абверг гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што інфармацыя аказалася недакладнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭГУ запісаў відэа ў падтрымку палітзьняволеных студэнтаў і выпускнікоў унівэрсытэтуГэта ня першыя «чысткі» на факультэце: у 2020-2021 «за палітыку» тут звольнілі як мінімум трох выкладчыкаў: Яраслава Ката, Алену Лаеўскую і Алену Басалай.
Ад пачатку пратэстаў пасьля масавых фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ўлады пачалі ціск на ўнівэрсытэцкую супольнасьць. Шэраг выкладчыкаў звольніліся пасьля гутарак з адміністрацыяй і спэцслужбамі, якія завяршыліся падпісаньнем заяваў «пры згодзе бакоў» або празь непадаўжэньне кантракту.
Улады ініцыявалі супраць выкладчыкаў і студэнтаў гучную крымінальную справу, асудзіўшы многіх на турэмнае зьняволеньне. Многія выкладчыкі і студэнты вымушана пакінулі Беларусь. Сілавікі тым часам затрымліваюць выкладчыкаў і студэнтаў нават у аўдыторыях падчас заняткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можаце пацалавацца». Палітзьняволеная Яна Арабейка выйшла замуж у калёніі. Муж узяў ейнае прозьвішча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗБС: асуджаных у «справе студэнтаў» змушаюць падпісаць прашэньні аб памілаваньні