Delfi.lt паведамляе, што сфармаванымі ў Літве эшалёнамі перавозяцца пераважна нафтапрадукты, угнаеньні, чорныя мэталы.
Рэагуючы на дзеяньні Беларусі, некаторыя вытворцы краіны ўжо выпрабоўваюць новыя маршруты праз Польшчу, кажа прэзыдэнт Літоўскай асацыяцыі марскіх пагрузачных кампаній Вайдотас Шылейка. Паводле яго, літоўскія перавозчыкі маглі б перавозіць грузы фурамі або па чыгунцы праз Латвію ці Польшчу.
Ён называе варыянты маршрутаў: «Перавесьці частку грузаў з чыгункі на аўтатранспарт і перавозіць ім у абʼезд Беларусі або, калі ня будзе закрыты транзыт аўтатранспартам, дык перасякаць Беларусь аўтатранспартам. Іншае рашэньне — абгінаць Беларусь і спрабаваць везьці грузы па чыгунцы праз Латвію, аднак узьнікаюць сумненьні, ці будзе забясьпечаная дастатковая прапускная здольнасьць транзытных грузаў па гэтым маршруце. Яшчэ адна альтэрнатыва — перавозка грузаў праз Польшчу, якую выпрабавалі некаторыя літоўскія вытворцы».
Шылейка кажа, што з прычыны спыненьня транзыту празь Беларусь могуць пачацца перабоі з патокам грузаў 2-3 млн тон ці нават больш з Клайпедзкага порту. Паводле яго, не зразумела, ці будзе спынены цягнік «Вікінг», якім кантэйнэры дастаўляюцца ў Клайпедскі порт. Ён сказаў, што ў выніку такіх дзеяньняў ланцужкі паставак падаражэюць, таму натуральна, што ўладальнікі грузаў будуць думаць, ці варта ім выбіраць для транспартаваньня Клайпедзкі порт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў чаканьні спыненьня транзыту празь Літву выклікаў кіраўніцтва ўраду і «Беларуськалію»