Што застанецца ад Беларусі пасьля інтэграцыі? Адказвае намесьнік рэдактара «Коммерсанта»

Ці сапраўдны інтэграцыйны дэкрэт Лукашэнкі, вытрымкі зь якога былі апублікаваныя «Нашай Нівай»? У чым яго адрозьненьні ад скарочанага выкладу інтэграцыйнай дамовы, які быў апублікаваны летась? У чым дэкрэт і яго рэалізацыя абмяжуюць сувэрэнітэт Беларусі? Што набудзе Беларусь у выніку рэалізацыі гэтага дакумэнту?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік рэдактара расейскай газэты «Коммерсант» Дзьмітры Бутрын. У Беларусі ён вядомы як аўтар артыкула 2019 году пра зьмест праекту «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Бутрын

Дзьмітры Бутрын

  • Мяне ў гэтым дакумэнце не зьбянтэжыла нічога, акрамя таго, што ён не апублікаваны. Калі гэта і падробка, то яна настолькі ідэальная, што ў ёй нічога не выклікае сумневаў. Тое, што гэты дакумэнт не апублікаваны, хутчэй за ўсё, зьвязана зь нейкімі асабістымі прыярытэтамі Аляксандра Лукашэнкі. Я веру, што гэты дакумэнт сапраўдны.
  • З расейскага пункту гледжаньня гэты дакумэнт трэба публікаваць. Там мала ці наагул няма фармулёвак, за якія грамадзкая думка можа зачапіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч супраць аўтара нашумелага артыкулу «Коммерсанта»: да чаго вядзе «паглыбленая інтэграцыя»?
  • Гэта не канчатковы дакумэнт, гэта чарговы крок у інтэграцыйным працэсе. Ад спробы фарсаванай інтэграцыі па ўсіх франтах перайшлі да праверкі гіпотэзы расейскага Мінфіну, паводле якой усе ранейшыя спробы інтэграцыі не ўдаваліся з прычыны асаблівасьцяў беларускай падатковай сыстэмы.
  • Пытаньне аб адзінай валюце Беларусі і Расеі абмяркоўвалася вельмі даўно. Расеі гэта крыху надакучыла. І ў Маскве падумалі, што, можа, уся рэч у тым, што ў нас разьяднаныя фінансавыя сыстэмы і цэнтральныя банкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядома, што шчоўкае ў галаве грамадзтва, калі яно кажа: дыктатар, я цябе больш не люблю», — аўтар нашумелай публікацыі ў «Коммерсанте»
  • У дэкрэце даволі добра распрацаваная інтэграцыя банкаўскіх сыстэмаў, нябанкаўскага фінансавага сэктару, падатковых сыстэмаў і мытні. Расея зьняла прапанову аб прыняцьці агульнага Падатковага кодэксу і прапанавала міждзяржаўнае пагадненьне аб гарманізацыі падаткаў.
  • Сюжэт наконт адзінага рынку энэргарэсурсаў разглядаецца ў дэкрэце з пункту гледжаньня мытні. Расейская гіпотэза палягае ў тым, што калі Беларусі прапанаваць інтэграцыю фінансавых рынкаў, то інтэграцыя паліўных рынкаў адбудзецца хутка.
  • Гэтая гіпотэза будзе правярацца да канца 2023 году. Там няма ніякіх канчатковых рашэньняў. І ня выключаны і адмоўны вынік — што рэч не ў фінансавай сыстэме. Я думаю, што так і адбудзецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе», — намесьнік рэдактара «Коммерсанта»
  • Цэнтральны банк РФ і Мінфін бачаць пагрозу ў спэцыялізацыі фінансавай сыстэмы Беларусі на абслугоўваньні расейскіх транзакцыяў з трэцімі краінамі, у схеме расейскага афшору ва ўзаемадзеяньні з астатнім сьветам. Зрабіць гэта зь цяперашняга стану лёгка. Прапануецца альтэрнатыва гэтаму.
  • Гэтая дамова, калі яна будзе выкананая, пазбавіць Беларусь магчымасьці стаць расейскім афшорам, пасярэднікам у расейскіх зьдзелках з такімі краінамі, як Іран і Вэнэсуэла.
  • Гэтая дамова ўскладняе для Беларусі такі варыянт — выкарыстаньне слабасьцяў вялікага суседа, зарабляньне на ім. Гэта як у жывёльным сьвеце ёсьць птушкі, якія чысьцяць пашчы кракадзілам. Гэта ня вельмі прыгожае відовішча, але птушкам хапае. І гэта не паразытызм, гэта ўзаемавыгаднае суіснаваньне. І птушка пры гэтым сувэрэнная, яна можа паляцець. Толькі тады ёй ня будзе чаго есьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палкоўнік ФСБ у адстаўцы: «Лукашэнка ня сыдзе, пакуль будзе Пуцін, ідзе паглынаньне Беларусі Расеяй»
  • Гэтая дамова ў межах ЭАЭС. Наколькі я разумею, ЭАЭС не выклікае ў Беларусі асаблівага непрыняцьця.
  • З пункту гледжаньня кліентаў банкаў, інтэграцыя фінансавых сыстэмаў Расеі і Беларусі, безумоўна, выгадная. Значна больш шырокі фінансавы рынак, на які беларусаў пусьцяць практычна на ўзроўні рэзыдэнтаў.
  • Калі ў вас падаткі як у Смаленскай вобласьці, фінансавая сыстэма як у Смаленскай вобласьці, то, напэўна, у вас і цэны на газ — як там. Але пры гэтым паліцэйская сыстэма як у Смаленскай вобласьці Беларусі не гарантаваная — яна там будзе свая, як у Беларусі. Але незразумела, ці добра гэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты працэс у выніку нічога ня дасьць». Павал Латушка аб падпісаньні Пуціным і Лукашэнкам дэкрэту «саюзнай дзяржавы»
  • Бэнзін як у Смаленскай вобласьці — ну, напэўна. Ён там таньнейшы, чым у Беларусі.
  • Галоўная спакуса ў гэтай дамове палягае ў тым, што Расея з 2014 году жыве ў іншым рэжыме функцыянаваньня Цэнтрабанку. У нас плывучы рубель, рэжым таргетаваньня інфляцыі. Нягледзячы на любоў Расеі да эпатажу на міжнароднай арэне, гэта не вядзе да сурʼёзнай інфляцыі. У Беларусі з гэтым больш праблемаў (у Беларусі ў 2021 годзе гадавы рост спажывецкіх цэнаў склаў 9,97%. — РС).
  • У Беларусі даволі архаічныя прынцыпы рэгуляваньня грашова-крэдытнай палітыкі. У Расеі цяпер інфляцыя каля 8%. «Як у ЗША», — так у нас жартуюць. Калі ня здарыцца нічога экстраардынарнага, яна зьнізіцца да 4–5%, гэта камфортная інфляцыя. Беларуская інфляцыя мае рызыку стаць турэцкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Капуста +55%, бульба +31%. Што за год найбольш падаражэла ў Беларусі
  • Калі ацэньваць гэты дакумэнт па шкале «фэдэрацыя — канфэдэрацыя», то канструкцыя больш падобная да канфэдэрацыі. У дакумэнце больш павагі да фармальнага сувэрэнітэту Беларусі.
  • Рамантычнае бачаньне прадугледжвае, што добрыя агульныя правілы выгадныя ўсім бакам. На прынцыпы антыінфляцыйнай палітыкі перайшлі амаль усе краіны сьвету, Беларусь робіцца сусьветным выключэньнем.
  • А цынічны адказ палягае ў тым, што мы можам абʼяднаць законы, але ці можам мы абʼяднаць беззаконную практыку? Не, гэта застаецца на волю таго, хто практыкуе беззаконьне. Таму беззаконьне ў Беларусі будзе не такое, як у Расеі, яно будзе сувэрэннае. Беззаконьне абʼяднаць немагчыма.
  • За два апошнія гады ў Беларусі ў пэўным сэнсе сувэрэнітэту стала нават больш. Ну і як — спадабалася?

Што было раней

Аляксандар Лукашэнка падчас пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» падпісаў дэкрэт «Аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэньняў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады».

10 верасьня ў Менску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў 28 саюзных праграм і асноўныя кірункі стварэньня «саюзнай дзяржавы» да 2023 году, паведаміў сайт расейскага ўраду.

Якія кірункі інтэграцыі ўхвалілі

Банкі і грошы

1. Збліжэньне макраэканамічнай палітыкі.

2. Гарманізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і рэгуляваньня фінансавых рызыкаў

3. Гарманізацыя валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю

4. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне інфармацыйнай бясьпекі ў фінансавай сфэры

5. Гарманізацыя нормаў рэгуляваньня крэдытных і некрэдытных фінансавых арганізацый, а таксама фінансавага рынку ў цэлым, уключна з забесьпячэньнем стварэньня адзіных прынцыпаў страхаваньня ўкладаў

6. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне супрацьдзеяньня адмываньню даходаў і фінансаваньню тэрарызму для фінансавага сэктару

7. Інтэграцыя плацёжных сыстэмаў у галінах

  • нацыянальных сыстэмаў плацёжных картаў,
  • сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў,
  • укараненьня міжнароднага стандарту фінансавых паведамленьняў ISO 20022,
  • сыстэмы хуткіх плацяжоў,
  • разьвіцьця фінансавых тэхналёгій,
  • гарманізаваных падыходаў у галіне нагляду і назіраньня за плацёжнымі сыстэмамі
  • гандлю і кантролю за таварамі

8. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвэстараў, а таксама прадухіленьня нядобрасумленных практык на фінансавым рынку

9. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў што да адсочвальнасьці тавараў

10. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў

11. Гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства і супрацоўніцтва ў мытнай сфэры. Будзе створаны Камітэт саюзнай дзяржавы ў падатковых пытаньнях

12. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў у частцы вэтэрынарнага і фітасанітарнага кантролю

Транспарт

13. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў

14. Уніфікацыя рэгуляваньня транспартнага рынку

Нафта, газ, электраэнэргія

15. Фармаваньне абʼяднанага рынку газу. (З тэрмінамі плянуюць вызначацца да 1 сьнежня 2023 году)

16. Фармаваньне абʼяднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў

17. Фармаваньне абʼяднанага рынку электрычнай энэргіі

18. Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі

Гаспадарка і дзяржзакупкі

19. Фармаваньне адзінай аграрнай палітыкі

20. Фармаваньне адзінай прамысловай палітыкі

21. Увядзеньне адзіных правілаў доступу да дзяржаўнай замовы і дзяржаўных закупак

Правы спажыўцоў і канкурэнцыя

22. Адзіныя правілы ў галіне абароны правоў спажыўцоў плянуюць прыняць да канца 2022 году

23. Адзіныя правілы канкурэнцыі

24. Уніфікацыя патрабаваньняў да арганізацыі і ажыцьцяўленьня гандлёвай дзейнасьці

Сувязь, турызм, справаздачнасьць, занятасьць

25. Фармаваньне адзіных прынцыпаў функцыянаваньня адзінага рынку сувязі і інфарматызацыі

26. Уніфікацыя рэгуляваньня бухгальтарскага ўліку і складаньня бухгальтарскай (фінансавай) справаздачнасьці

27. Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турыстычнай дзейнасьці

28. Правядзеньне ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сфэры.