Першая і апошняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага адбылася на форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў 2019 годзе. Тады Лукашэнка прызнаваўся ў любові да ўкраінцаў, гаварыў аб супрацоўніцтве і абяцаў, што ніякіх цяжкасьцяў для Ўкраіны Беларусь ня створыць: «Я хачу вас запэўніць, што ніколі вы ўвогуле ня мелі праблем з тэрыторыі Беларусі і Беларусьсю, вы ніколі ня будзеце іх мець. Мы заўсёды будзем самымі добрымі, надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнэрамі». Уладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Жытоміры таксама гаварыў пра партнэрства паміж краінамі, пра новыя кантракты, і нават жартаваў з Лукашэнкі.
Але менш чым праз год адносіны паміж краінамі пачынаюць пагаршацца: Аляксандар Лукашэнка перадае затрыманых пад Менскам байцоў ПВК «Вагнэр» Расеі, хаця, паводле Ўладзіміра Зяленскага, абяцаў выдаць баевікоў украінскім уладам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве абавязаў Дзяржбюро расьсьледаваньняў завесьці справу супраць Зяленскага за зрыў апэрацыі з «вагнэраўцамі»Дыпляматычным адносінам Беларусі і Ўкраіны — 30 гадоў. За гады незалежнасьці паміж краінамі заключана сотні дамоваў аб супрацоўніцтве. Беларусь пастаўляе электраэнэргію, трактары, аўтобусы МАЗ, нафтапрадукты і іншую сыравіну. Украіна экспартуе ў Беларусь сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю.
Сьледам за краінамі ЭЗ і ЗША афіцыйны Кіеў не прызнаў легітымнасьці Аляксандра Лукашэнка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У адказ на прымусовую пасадку самалёта і арышт блогера Рамана Пратасевіча Украіна спыніла авіязносіны зь Беларусьсю. Але, нягледзячы на пагаршэньне палітычных адносін, эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі працягваецца. Паводле нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», у 2021 годзе Беларусь прадала Ўкраіне рэкордныя за апошнія сем гадоў 17,1 млрд кВт/г электраэнэргіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны вызначыў дату, калі спыніць пастаўкі электраэнэргіі зь БеларусіЭканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, на думку ўкраінскага палітоляга Яўгена Магды, можа мець сур'ёзныя палітычныя наступствы для афіцыйнага Кіева. «Такія вялікія закупкі электраэнэргіі, вядома, зьвязаныя з нашым украінскім разгільдзяйствам. Але не забывайцеся, што сама энэргасыстэма Ўкраіны — яшчэ шмат у чым рудымэнты Савецкага Саюзу ў ёй застаюцца. І таму, з аднаго боку, гэта [купля электраэнэргіі ў Беларусі] вымушаны крок. З другога боку, АЭС у Астраўцы пабудаваная „Росатамом“, і пабудаваная для экспарту электраэнэргіі. Таму нас як бы ловяць на кручок, — лічыць Яўген Магда. — Цяпер, пастаўляючы ва Ўкраіну электраэнэргію, калі мароз стане яшчэ мацнейшым, могуць гэтым пачаць шантажаваць: мы вам зараз рубільнічак клацнем — і ўсё».
Калі яшчэ пару гадоў таму Лукашэнка гаварыў, што Беларусь ня створыць праблем Украіне, дык ужо ў канцы 2021 году рыторыка палітыка прынцыпова зьмянілася. «Яны выдатна разумеюць: калі зноў разьвяжуць вайнушку ў Данбасе або дзесьці на мяжы з Расеяй, Беларусь у баку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь», — заявіў Лукашэнка 29 лістапада на нарадзе ў пытаньнях ваеннай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Украіны ў Менску: «Беларусь усё больш „растае“ ў наратывах і задумах Крамля»Украінскі палітоляг Яўген Магда ўпэўнены, што такія дзеяньні ня пойдуць на карысьць беларускім уладам. «Любы стрэл ракетны, артылерыйскі з тэрыторыі Беларусі проста зьнішчыць і без таго вельмі кволую легітымнасьць Лукашэнкі. Яна і цяяпер кволая. Яго там за кошт апэрацыі ў Казахстане Расея крыху падцягнула, паказала, што ён прымае нейкія рашэньні. А далей — агрэсія супраць Украіны?.. Гэта проста размажа самога Лукашэнку», – лічыць Яўген Магда.
«Пачынаючы з восені 2021 году [ідзе] дэманстрацыя беспрэцэдэнтнай падтрымкі Расеі на міжнароднай арэне і ўвогуле расейскіх авантур. Заява Лукашэнкі аб тым, што ў выпадку новай вайны на Данбасе або ў прынцыпе Расеі і Ўкраіны Беларусь не застанецца ў баку, проста перакрэсьлівае ўсю лінію афіцыйнага Менска, якую ён выконваў, вёў апошнія сем гадоў», – камэнтуе сытуацыю палітычны аглядальнік Ігар Ільляш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі зь Беларусі паляцяць ракеты, Украіне давядзецца наносіць удары ў адказ», — украінскі экспэрт- Яшчэ ў лютым 2021 году, паводле зьвестак Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі, Аляксандар Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў, абагнаўшы ў рэйтынгу Джо Байдэна і Эманюэля Макрона. Але ўжо да верасьня, як паказала апытаньне сацыялягічнай групы «Рэйтынг», да кіраўніка Беларусі нэгатыўна ставіліся 59 % грамадзян Украіны.
- У лютым у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі пройдуць пазаплянавыя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні: у краіну ўжо прыбывае расейская вайсковая тэхніка. У выпадку чарговага расейска-ўкраінскага канфлікту, на думку вайсковых экспэртаў, адзін з удараў можа быць нанесены з тэрыторыі Беларусі.