«У Нямеччыне справа Пуцілы нават не дайшла б да суду». Што будзе, калі Беларусь запатрабуе вашай экстрадыцыі

Ілюстрацыйнае фота. 3 кастрычніка 2021 году беларусы пікетавалі штаб-кватэру Інтэрполу ў Ліёне. Нагодай паслужыла затрыманьне ў Польшчы беларускага актывіста Макарыя Малахоўскага, бо беларускія сілавікі ўнесьлі яго ў базу Інтэрполу. Малахоўскага выпусьцілі ў той жа дзень

Адвакат, спэцыяліст у галіне міжнароднага прававога супрацоўніцтва Алесь Міхалевіч тлумачыць, чаму краіны ЭЗ ніколі ня выдадуць «палітычных» беларускім уладам.

26 студзеня ў Варшаве прайшоў суд па справе заснавальніка тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы, выдачы якога ад польскіх уладаў запатрабавала Беларусь. Паседжаньне працягвалася каля 40 хвілін. Большую яго частку судзьдзя зачытваў сьпіс артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па якіх абвінавачваюць Пуцілу ў Беларусі. Пасьля чаго судзьдзя сьцьвердзіў: «Нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псыхапатычны дыктатар», і закрыў працэс.

Дакумэнты на выдачу Пуцілы і Пратасевіча СК Беларусі накіраваў у Польшчу ў лютым 2021 году, агулам разгляд усёй справы заняў прыкладна год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Варшаве адмовіўся выдаць Беларусі заснавальніка Nexta Сьцяпана Пуцілу

Суды над палітычнымі ўцекачамі зь Беларусі ў Польшчы праходзяць ня толькі пасьля запыту аб экстрадыцыі з боку беларускіх уладаў. 14 студзеня ў раённым судзе Белай Падляскай пачаўся працэс па справе Віталя Л., супраць якога ў Беларусі заведзеная справа за ўдзел у пратэстах. У сакавіку 2021 году, уцякаючы ад перасьледу, ён пераплыў Буг і быў затрыманы польскімі памежнікамі. Як расказаў сам Віталь у размове са Свабодай, напачатку да яго паставіліся як да сапраўднага злачынцы.

«Цэлы дзень мяне пратрымалі бязь ежы і вады, далі толькі гарбаты, — кажа Віталь. — Плюс у некаторых памежнікаў было такое стаўленьне... Калі мяне прывялі ў будынак, то пасадзілі ў адным месцы ў куце, дзе я чакаў, і там быў фатэль зь мяккім сядзеньнем. Вось я сяджу, і да мяне падыходзіць адзін памежнік і кажа: „Гэта не для цябе фатэль, бяры драўлянае крэсла“. Стаўленьне было такое, як да бандыта і тэрарыста. Хоць мяжу я пераплываў са спэцыяльным пакетам з дакумэнтамі, што ў мяне быў ператрус, што я палітычны. Пашпарта ў мяне не было. І я падаў ім гэтыя дакумэнты. Маўляў, правярайце мяне. Але я б сказаў, што памежнікам не было справы да маіх доказаў».

Па словах Віталя, ён адразу запытаўся ў польскіх памежнікаў пра магчымую дэпартацыю ў Беларусь. Яны адказалі, што гэта магчыма. Заяву на палітычны прытулак ён змог напісаць толькі пасьля размовы з пракурорам, пасьля чаго беларуса накіравалі на карантын. Суд па яго справе працягнецца 11 лютага. За нелегальны пераход мяжы беларусу пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычнага ўцекача зь Беларусі ў Польшчы судзяць за нелегальны пераход мяжы: «У мяне не было выбару, я хацеў уратаваць сваё жыцьцё»

«Працэсы па справах асобаў менш вядомых, чым Пуціла, праходзяць даўжэй»

Адвакат чэскай калегіі адвакатаў, спэцыяліст у галіне міжнароднага прававога супрацоўніцтва Алесь Міхалевіч у размове са Свабодай ацаніў магчымую колькасьць судовых спраў аб экстрадыцыі палітычных уцекачоў у Беларусь, а таксама расказаў, наколькі рэальны варыянт выдачы.

Алесь Міхалевіч

«Справа Пуцілы — гэта далёка не адзінкавы выпадак, вядома, — кажа Алесь Міхалевіч. — Толькі ў мяне было некалькі судовых працэсаў аб экстрадыцыі па грамадзянах Беларусі. Гэта за апошні час. Але яны, натуральна, выйграюцца вельмі лёгка. Бо трэба разумець, што на працэсах аб экстрадыцыі не дасьледуюцца абвінавачаньні па сутнасьці. Гэта значыць, што суд разглядае толькі, ці існуе прававая дапушчальнасьць выдачы чалавека. На такіх судах маюць значэньне аргумэнты ў галіне правоў чалавека. Якія ў Беларусі цяпер, безумоўна, парушаюцца. І сытуацыя вельмі дрэнная. У тым ліку ў беларускіх турмах, утрыманьне ў якіх прызнаецца катаваньнем».

Па словах адваката, выйграваць працэсы аб экстрадыцыі можна ўжо на падставе гэтага. А калі ёсьць дадатковыя аргумэнты наконт таго, што перасьлед носіць палітычны характар, то сытуацыя спрашчаецца вельмі значна. Алесь Міхалевіч кажа, што колькасьць працэсаў аб экстрадыцыі беларусаў у Польшчы можна ацэньваць як некалькі дзясяткаў на год.

«Працэсы па справах асобаў, менш вядомых за Сьцяпана Пуцілу, праходзяць даўжэй, — кажа Алесь Міхалевіч. — Але практычна заўсёды, так ці інакш, рашэньне аднолькавае. Часта яно прымаецца на падставе адсутнасьці ў Беларусі справядлівага судовага разбору. Сытуацыя ў турмах указваецца як падстава для адмовы ў экстрадыцыі. Статус уцекача таксама можа быць падставай для аўтаматычнай адмовы, альбо статус асобы, якая падала на дадатковую абарону ў Польшчы. Тады аўтаматычна дзейнічае прынцып нявыдачы. Судзьдзя фактычна мае абавязак адмовіць у выдачы, згодна зь міжнародным правам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышт, экстрадыцыя ў ЗША, суд. Што можа пагражаць беларускім чыноўнікам, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце з самалётам Ryanair

«Верагоднасьць „прысесьці“ ў некаторых краінах Эўразьвязу існуе»

Як кажа Алесь Міхалевіч, Польшча часта адмаўляе ў экстрадыцыі таму, што беларус мае «карту паляка», сям’ю альбо проста сталую працу. Да таго ж сыстэма экстрадыцыі ў Польшчы двухузроўневая. Ёсьць базавы суд, які разглядае справу. Калі рашэньне аб экстрадыцыі станоўчае, то можна падаваць апэляцыі ў суды вышэйшых інстанцый. А фінальнае рашэньне аб экстрадыцыі ўвогуле прымаецца міністрам юстыцыі. І гэта значыць, кажа Міхалевіч, што беларусу быць выдадзеным з Польшчы ў Беларусь сёньня амаль немагчыма.

«Для таго каб чалавек быў выдадзены, я нават ня ведаю, ці дастаткова будзе крымінальнага злачынства, абвінавачваньняў у забойстве, напрыклад, — кажа Міхалевіч. — Але акрамя экстрадыцыі Беларусь спрабуе перадаваць у Польшчу самі крымінальныя справы. У мяне сярод кліентаў ёсьць грамадзянін Польшчы, чалавек, які ўжо атрымаў грамадзянства. Беларусь перадала польскім уладам матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненьні да яго. Але прайшло ўжо некалькі гадоў з гэтага моманту, і я нейкага руху па гэтай справе ня бачу».

Па словах Міхалевіча, у розных краінах Эўразьвязу існуюць адрозьненьні ў заканадаўстве аб экстрадыцыі. Калі ў Польшчы і Літве справа ў любым выпадку вырашаецца ў судзе, то ў іншых краінах усё можа быць іначай.

«Ёсьць краіны, дзе пракуратура проста не перадасьць такую справу ў суд, — кажа экспэрт. — Напрыклад, у Нямеччыне справа Пуцілы проста не дайшла б да суду, бо ў экстрадыцыі было б адмоўлена на ўзроўні пракуратуры. Але ў Польшчы сыстэма такая, што да суду даходзіць абавязкова ўсё. У Літве суд таксама ўсё будзе разглядаць, але Літва на сёньняшні дзень для грамадзян Беларусі — дастаткова спрыяльная краіна».

Пры гэтым Міхалевіч згадвае гісторыю Валянціна Ўласіка, які знаходзіцца ў вугорскім ізалятары ўжо больш за паўгода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вугоршчыне затрымалі валянтэра, які дапамагаў каля ІЧУ на Акрэсьціна, яму пагражае экстрадыцыя

Валянтэра і палітычнага актывіста Ўласіка 30 ліпеня 2021 году затрымала паліцыя Вугоршчыны, калі ён з Польшчы ехаў цягніком у Харватыю. Афіцыйная прычына — нявыплата алімэнтаў у Беларусі. Суд па ягонай справе пакуль так і не адбыўся. З просьбай вызваліць Уласіка да ўладаў Вугоршчыны зьвярнулася Сьвятлана Ціханоўская.

«Я перакананы, што ў Беларусь ён у выніку не паедзе, — кажа Міхалевіч. — Яго справа альбо будзе выйграная, альбо ён не паедзе ў Беларусь зь іншых прычын. Але, як вы бачыце, верагоднасьць, што называецца, „прысесьці“ ў іншых краінах Эўразьвязу існуе».

Што будзе, калі Беларусь запатрабуе вашай экстрадыцыі?

«Гэта залежыць ад таго, ці ёсьць ужо прамы запыт на вашую экстрадыцыю ўладам канкрэтнай краіны, ці вас проста падалі ў Інтэрпол, — кажа Алесь Міхалевіч. — Калі вас падалі ў Інтэрпол, альбо зьбіраюцца гэта зрабіць, то дастаткова проста падаць туды прэвэнтыўны запыт. Мы ў бюро гэтым займаемся. Для беларускіх актывістаў, журналістаў, грамадзкіх дзеячоў мы гэта робім бясплатна. Дастаткова туды напісаць, і вас ужо ў базе Інтэрполу ня будзе. Альбо калі Беларусь будзе падаваць, то ўсё можна будзе абскардзіць».

Па словах Міхалевіча, суды аб экстрадыцыі ў Беларусь з краін ЭЗ ня стануць масавымі. Беларускія ўлады могуць падаваць пэрсанальныя запыты ў дачыненьні да некаторых найбольш вядомых асобаў, менш папулярных палітуцекачоў гэтыя працэсы наўрад ці закрануць.

«Мне падаецца, Беларусь ня будзе рабіць запыты па тысячах сваіх грамадзянаў, — кажа Міхалевіч. — У тым ліку разумеючы, што гэта бессэнсоўна і ніхто ёй нікога ня выдасьць. Зразумела, што Польшча ня выдасьць журналістаў, палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і гэтак далей. Наконт людзей, якія, скажам так, дастаткова добра „гугляцца“, я ніякіх перасьцярогаў ня маю. Максымальна, што пагражае, — утрыманьне пад вартай у ізалятары на працягу трох сутак. А пасьля абавязкова павінен адбыцца суд, і чалавека выпусьцяць. Зь менш вядомымі людзьмі можа быць крыху складаней, але ім таксама ў выніку няцяжка будзе дамагчыся адмовы ў экстрадыцыі. Тое самае можна сказаць і пра Літву. Зь іншымі краінамі, нават краінамі Эўразьвязу, можа быць складаней».

Па словах Алеся Міхалевіча, калі ёсьць сур’ёзныя падставы лічыць, што Беларусь падала вас у міжнародны вышук, трэба вельмі асьцярожна ставіцца да паездак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браціславе на запыт Інтэрполу затрымлівалі беларускага блогера і актывіста Яўгена Малахоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кандыдат у прэзыдэнты Міхалевіч пра палітычна матываваныя экстрадыцыі і Лукашэнку-галяграму