У Польшчы і раней было шмат беларусак — туды пераяжджалі вучыцца, працаваць, уцякалі ад палітычнага перасьледу, ехалі да каханых. Звычайныя міграцыйныя працэсы, якія бываюць паміж суседнімі краінамі. Але ў выніку рэпрэсій 2020, 2021 і ўжо 2022 году беларускіх жанчын у Польшчы стала нашмат болей. І калі ва Ўкраіне ўсё ж пачнецца новая вайна, шмат хто з нашых уцякачак рушыць адтуль акурат у Польшчу.
Яны ратуюцца там ад турмы і катаваньняў, але трапляюць у новую пастку — антыжаночую палітыку польскіх уладаў. Якая фізычна забівае жанчын і відавочна не зьбіраецца спыняцца.
Падобна, што ў дыяспар суседніх з Польшчай краін можа дадацца новы напрамак працы — ратаваць беларускіх жанчын ужо ад польскіх уладаў і вывозіць іх на перарываньне цяжарнасьці. Спадзяюся, абыдзецца хоць бы безь летальных выпадкаў, але трэба разумець, што гэта выключна пытаньне шанцаваньня. Агнешцы і яе сям’і не пашанцавала, бо плод у першым трымэстры для сыстэмы аказаўся больш каштоўны, чым жанчына і яе трое жывых дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Польшчы прайшлі акцыі памяці цяжарнай жанчыны, якая памерла ў шпіталіПерарываць цяжарнасьць у Польшчы можна толькі ў двух выпадках: калі цяжарнасьць стала наступствам згвалтаваньня ці калі яна пагражае жыцьцю жанчыны. І што тычыцца пагрозы жыцьцю жанчыны, тут і ў дзяржаўнай сыстэмы, і ў канкрэтных мэдыкаў, якія прымаюць рашэньні пра будучы лёс жанчыны, вялікая прастора для манэўраў.
У апошнім вядомым мне летальным выпадку 37-гадовая Агнешка была цяжарная двойняй, і ў нейкі момант адзін плод перастаў разьвівацца. Дактары ня сталі цалкам перарываць цяжарнасьць, нягледзячы на кепскае самаадчуваньне жанчыны. Але калі праз тыдзень замёр і другі плод, дактары працягвалі нечага чакаць. Апэрацыю Агнешцы зрабілі толькі праз два дні. Фінал у такой бязьдзейнасьці мэдыкаў жудасны і прадказальны — жанчына памерла. Гэта лягічны фінал, калі ў целе спачатку тыдзень раскладаўся адзін плод, а потым яшчэ на два дні да яго далучыўся другі.
І беларускім уцякачкам трэба разумець, што такі сцэнар можа паўтарыцца зь любой цяжарнай у Польшчы. Насуперак міту, нібыта забарона абортаў нязручная толькі безадказным жанчынам, якія ня хочуць напружвацца з сучаснымі сродкамі кантрацэпцыі, у рэальнасьці яна пагражае ўсім жанчынам, якія могуць зацяжараць. Такая рэальнасьць адной з краін Эўразьвязу ў 2022 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры жаночыя ідэі для новых падручнікаў па гісторыіА той факт, што рэжым Лукашэнкі на фоне інфармацыйнай вайны ніяк не выкарыстоўвае супраць Польшчы такі, здавалася б, добры (і нават справядлівы) аргумэнт, можа быць ускоснай прыкметай, што ў гэтым два рэжымы заадно. Вядома, сама па сабе адсутнасьць рэакцыі беларускай прапаганды ня можа быць доказам, і яна магла проста прапусьціць гэтыя навіны як нязначныя для сябе. Але я б і праўда не адмахвалася ад варыянту наконт традыцыйных «скрэпаў», якія ў Лукашэнкі і Дуды нашмат больш падобныя, чым прынята лічыць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.