Аб сьмерці 30-гадовай жанчыны стала вядома толькі нядаўна, аб ёй паведаміла адвакатка сям’і.
Самая масавая акцыя ў памяць аб Ізабэле, пры ўдзеле дзясяткаў тысяч чалавек, прайшла ў польскай сталіцы – Варшаве. Людзі сабраліся каля будынка Канстытуцыйнага суду і накіраваліся ў бок міністэрства аховы здароўя. Людзі выходзілі з плякатамі «Ніводная больш», а таксама з фатаграфіямі Ізабелы.
30-гадовая Ізабэла зьвярнулася ў бальніцу на 22-м тыдні цяжарнасьці ў сувязі з заўчасным адыходам каляплодных водаў. Пры шпіталізацыі лекары пацьвердзілі раней дыягназаваныя прыроджаныя заганы разьвіцьця плода.
«Падчас шпіталізацыі зародак памёр. Пасьля менш як 24 гадзін знаходжаньня ў бальніцы жанчына таксама памерла. Прычынай сьмерці стаў сэптычны шок. У памерлай засталіся муж і дачка», – напісала адвакатка Ёланта Будзоўская.
Адвакатка расказала, што падчас знаходжаньня ў бальніцы Ізабэла перапісвалася са сваімі роднымі і сябрамі. Яна пісала, што «ў адпаведнасьці з інфармацыяй, якую паведамлялі ёй урачы, яны прынялі чакальную пазыцыю, устрымліваючыся ад апаражненьня маціцы да моманту сьмерці плода, што зьвязана зь дзейнымі нормамі, якія абмяжоўваюць магчымасьць правядзеньня легальнага аборту».
22 кастрычніка мінулага году Канстытуцыйны суд Польшчы ўзмацніў жорсткасьць і без таго аднаго з самых строгіх эўрапейскіх законаў у сфэры абортаў. Згодна з законам ад 1993 году, перарываць цяжарнасьць дазвалялася ў выпадку згвалтаваньня або інцэсту, калі цяжарнасьць і роды пагражаюць жыцьцю або здароўю маці, а таксама ў выпадку незваротнай інваліднасьці плода. Апошні пункт быў выкрасьлены з закону.
Гэта прывяло амаль да поўнай забароны абортаў у краіне, бо менавіта з гэтай прычыны жанчынам часьцей за ўсё дазвалялася перарываць цяжарнасьць. Тады па Польшчы пракаціліся шматтысячныя антыўрадавыя акцыі, людзі патрабавалі адстаўкі правакансэрватыўнага кабінэту партыі «Права і справядлівасьць».