У беларускім футболе няшмат прыватных камандаў. У найвышэйшай лізе выступае берасьцейскі «Рух», які належыць праўладнаму бізнэсоўцу Аляксандру Зайцаву. А ў першай лізе недзяржаўнай зьяўляецца каманда «Крумкачы» зь Менску.
«Магчыма, АБФФ так элегантна пазбаўляецца ад каманды»
Раман Шаўцоў раней працаваў прэс-сакратаром «Крумкачоў», ён і сёньня застаецца абазнаным у справах клюбу чалавекам.
«Каля двух тыдняў таму каманда выйшла з адпачынку. На кантракце цяпер знаходзіцца толькі адзін гулец зь мінулага складу, таму ў асноўным трэнуецца моладзь. Леташні трэнэр Алег Кубараў таксама працягвае пакуль займацца з камандай, але гэта такая джэнтэльмэнская дамова, новага кантракту ў яго няма», — кажа Раман.
Але гэта ўся інфармацыя, якую распаўсюджвае сам клюб, а вось пра што яны не гавораць, дык гэта аб праблемах са стадыёнам.
«Летась „Крумкачы“ гулялі на стадыёне САК „Алімпійскі“ на вуліцы Сурганава. У сьнежні дамова скончылася, але заключаць новую на стадыёне не захацелі. Ніхто нават не патлумачыў сытуацыі. Магчыма, гэта Беларуская фэдэрацыя футболу вырашыла так „элегантна“ пазбавіцца ад каманды», — разважае Шаўцоў.
Іншы чалавек, цесна зьвязаны з «Крумкачамі», расказаў Свабодзе, што за дзень да афіцыйнай адмовы на САК «Алімпійскі» бачылі кіраўніка фэдэрацыі футболу, былога вайскоўца Уладзімера Базанава. «Натуральна, ніхто ня ведае, пра што ён там гаварыў, але такі факт яго прысутнасьці на стадыёне ёсьць», — паведаміла крыніца.
Ёсьць ідэя пераехаць у Смалявічы
Вядома, што камандзе адмаўляюць з арэндай пляцоўкі для гульняў і іншыя стадыёны.
«Наколькі ведаю, „Крумкачы“ былі гатовы плаціць рыначную цану за арэнду стадыёна ФК „Менск“ на Маякоўскага (гэта каля 5 тысяч рублёў), але і там адмовілі. Пры гэтым цікава, што ахвотнікаў гуляць на САКу замест „Крумкачоў“ няма, але галоўнае, каб не было іх саміх», — расказвае былы прэс-сакратар.
Чалавек блізкі да клюбу пацьвярджае гэтыя адмовы. Паводле яго, цяпер камандай разглядаецца варыянт з гульнямі ў Смалявічах.
Што тычыцца фінансавага стану каманды, то ён дастаткова стабільны. Наша крыніца сьцьвярджае, што грошай магло хапіць нават на найвышэйшую лігу, але цяпер спонсары ў невялікім чаканьні, бо незразумела, ці зможа каманда заявіцца на сэзон увогуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскаму футбольнаму клюбу «Крумкачы» не працягнулі арэнду стадыёну. Журналіст: гэта асабісты загад старшыні фэдэрацыі футболу
Штрафавалі за ютуб
«Усё гэта я праходзіў чатыры таму, у студзені—сакавіку 2017 году, калі нас не дапускалі да ліцэнзаваньня. Мы тады не маглі падпісваць футбалістаў, якія чакалі, як усё вырашыцца. Тое самае і цяпер: хтосьці ня стаў чакаць, падпісаўся зь іншымі беларускімі камандамі ці зьехаў за мяжу. Падпісвацца з клюбам, якому не дадуць гуляць, ніхто ня хоча. Падрыхтоўцы да сэзону гэта моцна шкодзіць», — кажа Раман Шаўцоў.
Ён расказвае, што за многія дзеяньні каманды, ці то на полі, ці то па-за ім, накладаюцца вялікія штрафы.
«Быў, напрыклад, штраф за ютуб, калі каманда рабіла выпускі пра памылкі арбітраў у гульнях з „Крумкачамі“. Фэдэрацыя выпісвала за гэта штрафы, таму ініцыятыва спыніліся на трох відэа».
Выходзілі ў майках «Мы з народам»
Чаму ў «Крумкачоў» і фэдэрацыі футболу ўзьніклі такія няпростая адносіны? Раман Шаўцоў тлумачыць:
«Уладзімер Базанаў — гэта такая „гаваркая“ галава. Гісторыя пачалася з 2019-га, калі было вырашана зьмяніць кіраўніка АБФФ, якой кіраваў тагачасны прэм’ер-міністар Сяргей Румас. У ФІФА ёсьць правіла, што дзяржава ня можа ўмешвацца ў футбольныя справы. Але часта, калі гэта робіцца ціхенька, заплюшчвае вочы. Так і адбылося з Базанавым. Задачай яму паставілі, каб у беларускім футболе ўсе былі аднолькавымі і ніхто не вылучаўся».
Тым ня менш на фоне дзяржаўных клюбаў «Крумкачы» былі нетыповымі, са сваімі падыходамі да справы.
«Крумкачы» — гэта каманда з бунтарскім духам. Яны ідуць супраць там, дзе лічаць гэта справядлівым. У жніўні 2020-га яны выйшлі на гульню ў майках з надпісам «Мы з народам». Потым падчас аднаго зь нядзельных маршаў пабілі гульцоў каманды Паўла Расольку і Сяргея Казеку, яны там апынуліся выпадкова, калі вярталіся з трэніроўкі. Пасьля гэтага футбалісты выйшлі на матч у майках з словамі падтрымкі гэтых гульцоў і ня толькі. Клюб пайшоў адкрыта супраць, нягледзячы на тое, што дырэктара выклікалі ў гарвыканкам, дзе прапаноўвалі маўчаць у абмен на адсутнасьць праблем«, — расказвае Шаўцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя футболу пакарала «Крумкачоў» пасьля матчу, на які яны выйшлі ў майках з заклікамі супраць гвалтуІвулін падпісаў новы кантракт
Ён не загадвае, што можа адбыцца з камандай у наступным сезоне, бо «ўсё залежыць ад жаданьня Базанава і міністра спорту Кавальчука».
Адметны факт, што менавіта ў складзе «Крумкачоў» выступаў вядомы блогер Аляксандар Івулін, якога нядаўна асудзілі на 2 гады калёніі. Выйсьці ў афіцыйнай гульні за «Крумкачоў» у яго, праўда, пакуль так і не атрымалася.
Нядаўна Івулін і каманда падпісалі новы кантракт, прычым адбылося гэта проста ў судовай залі, таму ён працягвае быць дзейным футбалістам, нават знаходзячыся ў няволі.
«Гэта была нейкая агульная ініцыятыва, яе нават не абмяркоўвалі. Усе ўспрынялі гэта як само сабой зразумелае», — кажа чалавек, блізкі да клюбу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакараў спартовага журналіста Івуліна 2 гадамі калёнііГалоўны спонсар — муж міністаркі працы
Вядома, што адной з ключавых асобаў у «Крумкачах» зьяўляецца бізнэсовец Андрэй Касьцевіч, муж міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касьцевіч.
Андрэй Касьцевіч зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам кампаніі ASBIS, якая займаецца дыстрыбуцыяй тэхнікі сусьветных кампутарных брэндаў найперш ва Ўсходнюю Эўропу і Блізкі Усход. Бізнэсам валодае родны брат Андрэя Сяргей Касьцевіч; ён быў сярод тых ІТ-бізнэсоўцаў, якія падпісаліся за спыненьне гвалту ў жніўні 2020 году.
«Што тычыцца Касьцевіча, то гэта такі сакрэт полішынэля. Ён калісьці прыйшоў на гульню „Крумкачоў“ зь менскім „Дынама“, якое скончылася нашай перамогай 4:1. Зрабіўся заўзятарам, яму вельмі спадабалася атмасфэра на гульні. Дзесьці з 2017 году быў ужо амаль асноўным спонсарам, бо ў Дзяніса Шунто сродкі скончыліся. У 2018-м стаў фактычным уладальнікам каманды, бо мае галоўны фінансавы ўплыў.
Безумоўна, трошкі дзіўная гісторыя: нібыта „Крумкачы“, а з другога боку — міністарка працы. Але ніякага адміністрацыйнага рэсурсу ў „Крумкачоў“ няма, думаю, калі б яна паспрабавала ўмяшацца, то гэта быў бы яе апошні дзень на пасадзе», — падсумоўвае Раман Шаўцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крумкачоў» ізноў папярэдзілі, бо заўзятары стаяць сьпінай да чырвона-зялёнага сьцяга