Хроніка перасьледу 26 студзеня: затрымалі гарадзенку, якая мае непаўналетняе дзіця, і пінчука, што вярнуўся з Польшчы

Сілавікі ў Менску, архіўнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

У Горадні затрымалі маці непаўналетняга дзіцяці

Учора ў Горадні затрымалі Ніну Радзівілку — мяркуецца, супрацоўніцу «Гродна Азоту», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Падрабязнасьці затрыманьня невядомыя, дома ў Ніны Радзівілкі засталося непаўналетняе дзіця. Пэўна, цяпер яна ў горадзенскім ІЧУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 студзеня: 2 гады «хіміі» за камэнтар у адрас кобрынскага падпалкоўніка

18 студзеня затрымалі Антона Акунёва, работніка энэргетычнага цэху заводу «Хімвалакно», што ўваходзіць у «Гродна Азот».

Ён цяпер у ІЧУ Горадні. Гэта ўжо 11-ы работнік прадпрыемства, якога затрымалі за апошні час, піша «Вясна». Паводле «Нашай нівы», масавыя затрыманьні на «Гродна Азоце» пачаліся з 14 студзеня, многіх затрымлівалі на працы. Лябарантку хімічнага аналізу затрымалі ў прытулку для бяздомных жывёлаў, дзе яна была валянтэркай. Аднаго з майстроў узялі па дарозе дадому.

Па словах кіраўніка страйкаму заводу Юрыя Рававога, пратаколы на затрыманых складалі па артыкуле 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі). Ён кажа, што «сутак» пакуль нікому не давалі: або затрымлівалі на 72 гадзіны, а пасьля выпісвалі вялікі штраф, або адпускалі да суду.

Юры Рававы кажа, што людзей знаходзілі ў адкрытых чатах заводу, вылічвалі актыўных удзельнікаў, якія не засакрэцілі свайго нумару ў Telegram. Затрыманьні ён зьвязвае з рэфэрэндумам, які чакаецца празь месяц.

Затрымалі беларускага музыку Васіля Ярмоленку

Затрыманы 36-гадовы Васіль Ярмоленка, беларускі гітарыст і кантрабасіст (у гуртах Unia, «Голая Манашка», Мутнаевока), былы артыст беларускага дзяржаўнага ансамбля танцаў, які дзейнічае ў будынку Дзяржфілармоніі, піша «Вясна».

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» зь ім і ягонай сяброўкай, спэцыялісткай па кадрах Сьвятланай Гайко. У ім Васіль распавядае, што ў жніўні 2020 году ўдзельнічаў у некалькіх масавых мерапрыемствах, а таксама стаяў у счэпцы. На відэа Сьвятлана таксама прызнаецца, што яе ў жніўні 2020 году сфатаграфавалі на Нямізе зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Другі ператрус за два дні: на лецішча да дырэктара Магілёўскага праваабарончага цэнтру прыехаў АМАП з аўтаматамі

Днём 26 студзеня на лецішчы ва Ўладзімера Краўчанкі зьявіліся супрацоўнікі АМАП са зброяй. Якая структура на гэты раз праводзіла ператрус — невядома, як і тое, у якім статусе цяпер Краўчанка, паведамляе MAYDAY.

На гэты момант ператрус скончаны, дырэктара Магілёўскага праваабарончага цэнтру павезьлі ў невядомым кірунку. Вядома, што ў яго забралі ноўтбук.

Учора, 25 студзеня, супрацоўнікі ДФР КДК правялі ператрус ва Ўладзімера дома.

Пасьля вяртаньня з Польшчы затрымалі жыхара Пінску

Падстава для затрыманьня — ягоныя камэнтары ў сацсетцы «ЎКантакце», зробленыя ім у чэрвені 2021 году, паведамляе «Вясна». Міліцыя сьцьвярджае, што ў паведамленьнях зьмяшчаліся абразы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Паводле ведамства, за гэтыя камэнтары ў кастрычніку 2021-га завялі крымінальную справу, іх аўтара абвясьцілі ў міжнародны вышук. Ці ведаў пінчук, што ён у вышуку, зь «відэа ў палоне» незразумела.

У сталіцы раніцай затрымалі дваіх менчукоў

Сёньня раніцай у Менску затрыманыя Данііл Марчанка і Данііл Іваноў. Верагодна, іх затрымлівалі супрацоўнікі АМАП і ГУБАЗіК. Пры вобшуку вынятая антыфашысцкая прадукцыя. Цяпер яны знаходзяцца ў Фрунзэнскім РАУС, паведамляе«Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярнуцца, каб быць арыштаваным. Пра што варта памятаць палітэмігрантам, якія наважыліся ў зваротную дарогу

Канфіскацыя цацачнага пісталета

У дырэктара «Магілёўскага праваабарончага цэнтру» забралі цацачны пісталет падчас ператрусу. Гэта здарылася 25 студзеня, калі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў забралі на допыт Уладзімера Краўчанку, а потым правялі ў яго дома чатырохгадзінны ператрус. Падчас яго сілавікі забралі цацачны пісталет сына, піша Mayday.

Паведамляецца, што сілавікі забралі таксама буклеты Беларускага Хэльсынскага камітэту і тэлеканалу «Белсат» прыкладна дзесяцігадовай даўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 студзеня: ператрусы ў магілёўскіх праваабаронцаў; затрымалі сябру прэзыдыюму БСДП

Учора ў Гомлі за «заклікі да блякаваньня дарог» затрымалі 24-гадовага Аляксандра Гузанава

Гомельская міліцыя апублікавала відэа жорсткага затрыманьня хлопца: некалькі сілавікоў накінуліся на яго і паклалі тварам у сьнег, а потым пацягнулі ў машыну. Апэрацыю праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК і АМАП. На відэа хлопец адказвае, што ня ведае, за што яго затрымалі.

Па сьведках міліцыянтаў, летам 2020 году хлопец пакідаў у мясцовым чаце паведамленьні з парадамі «зьбірацца па купках у кожным раёне, а потым натоўпам у цэнтар», а аўтамабілістам — «кідаць машыны на дарозе» на цэнтральных вуліцах.

На яго завялі крымінальную справу паводле арт.342 Крымінальнага кодэксу, хлопца зьмясьцілі пад варту, паведамляе «Флагшток».

Зьняволенага на «хіміі» паказальна затрымалі па палітычным артыкуле

25 студзеня ў гомельскай ВУАТ-17 затрымалі Івана Яшчанку, які адбывае там пакараньне па непалітычным артыкуле, паведамляюць праваабаронцы. Затрымалі за камэнтар у сацсетках, які ён пакінуў у верасьні 2021 году. Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманьне магло быць зьвязанае са «справай Зельцэра».

У памяшканьне ВУАТ прыйшлі сілавікі, і паказальна надзелі кайданкі на Івана Яшчанку перад астатнімі асуджанымі. Паведамляецца, што іх сабралі спэцыяльна для таго, каб правесьці затрыманьне. Яшчэ ў некалькіх чалавек забралі тэлефоны.