У судзе Гарадзенскага раёну 25 студзеня разгледзелі крымінальную справу ў дачыненьні да Пятра Анісімовіча, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паведамляе «Вясна».
У якасьці пацярпелага выступаў падпалкоўнік міліцыі Віктар Турчыновіч, на той момант — намесьнік начальніка Кобрынскага РАУС па ідэалягічнай рабоце і кадрах.
Згодна з абвінавачаньнем, Анісімовіч у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» пакінуў пад фатаздымкам пацярпелага і яго зьвесткамі камэнтар «дзярмо». Свае маральныя пакуты ад гэтага камэнтара пацярпелы падпалкоўнік ацаніў у 1000 рублёў.
У выніку судзьдзя Жанна Сафарэвіч прысудзіла абвінавачанаму два гады «хіміі» і пастанавіла, каб ён сплаціў міліцыянту 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.