Улады забаранілі эвангельскай царкве Навалукамля прымаць гуманітарную дапамогу

Новалукомль

У ліку таго, што забаранілі прымаць улады, інвалідныя вазкі, у якіх мелі патрэбу вернікі царквы.

Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта 21 студзеня чарговы раз адмовіў эвангельскай царкве Навалукамля ў атрыманьні гуманітарнай дапамогі, паведамляюць праваабаронцы. Пра гэта піша Хрысьціянская візія.

Дапамога на суму 25 625 швэдзкіх крон (2800 даляраў) прыйшла ад дабрачыннай арганізацыі «Ос-Хельпэн». Гэта інвалідныя вазкі, адзеньне, абутак, мэбля, посуд, якія мусілі разьмеркаваць паміж тымі, хто мае ў іх патрэбу.

Паведамленьне аб прыбыцьці гуманітарнай дапамогі царква атрымала яшчэ 20 верасьня 2021-га. Пасьля гэтага вернікі тройчы падавалі заявы на рэгістрацыю грузу, але кожны раз ім адмаўлялі. Адмова на трэцюю заяву прыйшла ў апошні дзень чатырохмесячнага тэрміну дзеяньня дазволу на захоўваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не ўпусьціла калёну гуманітарнай дапамогі з Польшчы

Улады загадалі вярнуць увесь груз адпраўніку за кошт царквы. Прычына такога рашэньня не паведамлялася.

Ня выключана, што на гэта паўплывала асоба пастара рэлігійнай суполкі Аляксандра Зарэцкага. На пачатку 2021 году ён падпісаў «Адкрыты ліст хрысьціянаў Беларусі» супраць гвалту з удзельнікаў пратэстаў. Пасьля гэтага пастара выклікалі на допыт у міліцыю і на гутарку да ідэоляга раёну. 8 ліпеня 2021 году ў доме Зарэцкага адбыўся ператрус. Цяпер пастар знаходзіцца ў статусе сьведкі ў крымінальнай справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец з турмы зьвярнуўся да вернікаў: «Цяжкае маўчаньне царквы азначае агульнае пачуцьцё безнадзейнасьці»