«Сёньня ўсё залежыць ад Царквы. Царквы ў шырокім сэнсе, як супольнасьці вернікаў Ісуса Хрыста. Бог спытае за гэтую зямлю з хрысьціянаў. Такім чынам, тое, як паводзіць сябе Царква Беларусі, і ёсьць вырашальным, — кажа сустаршыня БХД. — Агулам кажучы, царква — гэта частка народу, адказная за веру. Бязь веры ня можа быць ані „Можам“, ані тым больш „Пераможам“. Таму цяпер цяжкае маўчаньне царквы азначае толькі адно — агульнае пачуцьцё безнадзейнасьці».
Паводле Паўла Севярынца, нягледзячы на асобных прадстаўнікоў, «большая частка Царквы — і праваслаўнай, і каталіцкай, і эвангельскай — на жаль, апускае вочы долу і робіць выгляд, што нічога не адбываецца».
«Бог хоча вызваленьня нашай зямлі ад беззаконьня і зла — падзеі, адкрыцьці і цуды летась пераканаўча пра гэта сьведчаць. Калі мы, беларускія хрысьціяне, хочам таго ж — тады трэба:
- Адкрыта, на поўны голас казаць праўду
- Выкрываць беззаконьне і абараняць свой народ ад зла
- Весьці людзей за Ісусам Хрыстом, Які гаворыць па-беларуску.
Бог ня будзе рабіць беларускіх хрысьціянаў вольнымі, адважнымі і шчасьлівымі супраць іх волі. Некаторыя рэчы давядзецца рабіць самім. Менавіта гэта і значыць вера», — зазначае Павал.
Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. Тады яму вынесьлі тры прысуды аб адміністрацыйных арыштах па 15 дзён кожны за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019 і студзені 2020 гадоў.
Пасьля 75 дзён Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там выставілі абвінавачаньне.
25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Севярынцу абвясьцілі прысуд. Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла палітыка да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.