Грузавік з 20 тонамі дапамогі для беларускіх пратэстоўцаў 12 гадзінаў чакае, каб уехаць у Беларусь, паведаміў кіраўнік офісу польскага прэм’ера Міхал Дворчык. Грузавік перасек польскую мяжу ў сераду ўвечары і ўсё яшчэ не атрымаў дазволу на ўезд у Беларусь.
У памежнай службе Беларусі заявілі, што на груз няма ўсіх неабходных дакумэнтаў. Дворчык цьвердзіць, што ўсе неабходныя дакумэнты на транспарт ёсьць.
Гуманітарная дапамога была арганізаваная прафсаюзам «Салідарнасьць». У грузавіку харчы, у асноўным кансэрвы. Накіроўваючы транспарт у Беларусь, «Салідарнасьць» паведамляла, што на прадпрыемствах, якія страйкуюць у Беларусі, могуць быць зачыненыя сталоўкі.
«Салідарнасьць» запусьціла праграму дапамогі Беларусі, выдзеліўшы на яе 1 мільён злотых.
— Як прафсаюз, мы абавязаныя дапамагчы, гэтак жа, як 40 гадоў таму нам дапамагалі іншыя людзі з усяго сьвету, калі мы змагаліся за свабоду і дэмакратыю, — сказаў прадстаўнік «Салідарнасьці» Марэк Левандоўскі.