Хроніка перасьледу 24 студзеня: 2 гады калёніі за «счэпку», 3 гады «хіміі» за ўдзел маршах 2020 году

«Марш новай Беларусі», Менск, 23 жніўня 2020

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

У судзе Ленінскага раёну Менску на тры гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 году асудзілі 36-гадовага менчука Аляксея Лаўскага. Такі прысуд вынесла судзьдзя Анастасія Ачалава.

Як паведамляе «Вясна», за ўдзел у двух маршах, 23 і 30 жніўня 2020 году («Марш новай Беларусі» і «Марш міру і незалежнасьці»), яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Таксама намесьнік пракурора Менску заявіў пазоў у інтарэсах «Менсктрансу» ў памеры 13 419 рублёў 87 капеек.

Доказамі ў справе выступалі фота і відэа з тэлефонаў і ноўтбука Лаўскага. Акрамя таго, некаторыя здымкі Аляксей апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram, што таксама паслужыла на судзе доказам ягонай віны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: выйшаў на волю дырэктар ДК, які бараніў дубы; сэрыя затрыманьняў у Ашмянах, Пружанах і Менску

У Менску затрымалі кіроўцу за налепку «3%»


У цэнтры Менску 22 студзеня затрымалі кіроўцу, на аўтамабілі якога была налепка «3%», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вядома імя затрыманага — Андрэй Грыцэвіч. Яго даставілі ў Ленінскі РУУС, а затым у ІЧУ ў 1-м завулку Акрэсьціна, дзе ён прабудзе да суду.

«3%» — вядомы мэм, які зьявіўся пасьля інтэрнэт-апытаньняў перад прэзыдэнцкімі выбарамі-2020, калі толькі 3% гатовыя былі галасаваць за Аляксандра Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 студзеня: у Горадні затрымалі журналіста Міхала Карневіча, арыштавалі псыхоляга Аксану Ткачук

Два гады калёніі за ўдзел у счэпцы на праспэкце Пераможцаў у Менску

У Судзе Савецкага раёна Менска агучылі вырак па крымінальнай справе Сяргея Лагуткіна, абвінавачанага ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт.342 КК РБ).

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Шаціла, паведамляе «Вясна».

Згодна з абвінавачваньнем, Сяргей, у вячэрні час з 9 па 10 жніўня 2020 года, рухаўся ў калёне пратэстоўцаў разам зь іншымі асобамі па праспэктах Пераможцаў і Машэрава ў Менску, станавіўся «ў счэпку локцямі». Таксама нібыта ён «разам зь іншымі выкрыкваючы лёзунгі, блякаваў і перагароджваў шлях аўтамабілям, што прывяло да парушэньня працы грамадзкага транспарту».
Судовы працэс над Лагуткіным распачаўся 13 студзеня. Падчас судовага сьледзтва Лагуткін сваю віну прызнаў цалкам. Ён мусіць сплаціць урон на суму звыш 3 тысяч рублёў КУП «Менсктранс».

У выніку Сяргея асудзілі на 2 гады калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. На суровасьць пакараньня паўплывала наяўнасьць ранейшай судзімасьці.