Як стала вядома 22 студзеня праваабаронцам «Вясны», учора ў Горадні затрымалі журналіста «Народнай Волі» Міхала Карневіча. Прычыны і абставіны затрыманьня пакуль не вядомыя.
«Народная Воля» піша, што ня ведае, дзе цяпер знаходзіцца іх журналіст і з чым зьвязаны яго арышт. Паводле выданьня, некалькі дзён таму ён атрымаў рэдакцыйнае заданьне падрыхтаваць матэрыял зь лягеру мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
На цяперашні момант у няволі ў Беларусі працягваюць знаходзіцца 34 прадстаўнікі мэдыя.
СМІ: на Берасьцейшчыне затрымалі мужчыну, які прапанаваў забараніць удзельнічаць у выбарах вусатым і лысым
Як паведамілі «Еўрарадыё», на прадпрыемстве «Высокаўскае ДРСУ-137» у Высокім 21 студзеня быў затрыманы мясцовы жыхар Андрэй Дубіна.
Сьведкі затрыманьня кажуць, што мужчына падчас абмеркаваньня праекту Канстытуцыі на прадпрыемстве выказаў прапанову, каб у выбарах забаранілі ўдзельнічаць вусатым і лысым.
За «непадпарадкаваньне» арыштавалі псыхоляга зь Менску Аксана Ткачук
Вядомы менскі псыхоляг Аксана Ткачук арыштаваная на 13 сутак паводле арт. 24.3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў).
21 студзеня сын Ткачук паведаміў аб яе 13-сутачным арышце. На свабоду 50-гадовая Аксана Ткачук павінна выйсьці 27 студзеня.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году на добраахвотных пачатках Ткачук дапамагала пацярпелым ад гвалту і рэпрэсій.