Пры гэтым самі расейскія афіцыйныя асобы кожны раз манатонна заўважаюць, што ніякіх плянаў нападу на Ўкраіну ў Крамля няма — наадварот, гэта Захад «напампоўвае» Украіну зброяй, каб яна напала на кантраляваную Масквой тэрыторыю Данбаса. Аднак, выказваючы прэтэнзіі Захаду, у Маскве цяпер аддаюць перавагу рабіць акцэнт не на Ўкраіне і нават не на абароне правоў «рускамоўнага» насельніцтва, а на бясьпецы самой Расеі. Пры гэтым застаецца пад вялікім пытаньнем, як гэтай бясьпекі дасягнуць, нават калі пагадзіцца зь лёгікай патрабаваньняў Пуціна? Піша Віталь Портнікаў - кіеўскі журналіст і палітычны публіцыст.
Адмовіць былым савецкім рэспублікам, якія хацелі б уступіць у NATO? Але на Захадзе і так не сьпяшаюцца з інтэграцыяй Украіны ці Грузіі, ад пазачарговай дэклярацыі мала што зьменіцца. І што рабіць з Эўрапейскім зьвязам? Таксама пагроза бясьпецы ці яшчэ не? Мы ж памятаем, як у 2013 годзе ў Крамлі не хавалі раздражненьня ў сувязі з тым, што былыя савецкія рэспублікі вырашылі падпісаць пагадненьні аб асацыяцыі з ЭЗ. Ад тагачасных прэзыдэнтаў Армэніі і Ўкраіны патрабавалі адмовіцца ад дакумэнта ці ледзь не падчас іх сустрэч з Пуціным. А нядаўна галоўны рэдактар выданьня «Расея ў глябальнай палітыцы» Фёдар Лук’янаў даў зразумець, што ЭЗ ня лепшы за NATO, бо ўдзельнікі ў абодвух гэтых абʼяднаньнях дублююцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянон Пазьняк: «Пад траскатню пра расейска-ўкраінскую вайну адбылася акупацыя Беларусі»Таму ўзьнікае пытаньне: ці дастаткова для Крамля адмовы былых савецкіх рэспублік ад NATO? Ці трэба адмовіцца ад ЭЗ? І ці будзе ўспрыняты ў якасьці гарантыі бясьпекі для Расеі нэўтралітэт гэтых краін? Ці ў гэтым выпадку ўжо нэўтралітэт будзе выглядаць як выклік, таму што сёньня тая ці іншая краіна дэкляруе пазаблёкавасьць, а заўтра скарыстаецца слабасьцю Расеі, зьменіць заканадаўства і ўступіць у NATO і ЭЗ? Можа быць, гарантыі бясьпекі для Расеі — далучэньне былых савецкіх рэспублік да АДКБ і Эўразійскага эканамічнага саюза? Але ж такія гарантыі ўжо атрымаў ад шкоднага Захаду Савецкі Саюз, калі пасьля Ялты загнаў краіны-сатэліты ў арганізацыю Варшаўскай дамовы. Але варта было Савецкаму Саюзу аслабець, як усе гэтыя нібыта дружалюбныя дзяржавы разьбегліся па баках. Дакладней, у адзін бок — у NATO. Таму што сілком мілы ня будзеш, на жаль.
Такім чынам, аказваецца, што адзіная гарантыя бясьпекі — ізноў стварыць Савецкі Саюз, далучыць усе былыя савецкія рэспублікі да Расеі, ды так, каб яны больш не маглі выйсьці са складу дзяржавы. Але гэта ня так проста. Прыйдзецца ваяваць, асуджаць уласную краіну на разбуральныя заходнія санкцыі, кантраляваць вялікія нестабільныя краіны, якія, вядома ж, будуць экспартаваць гэтую сваю нестабільнасьць. Пры гэтым ударных узбраеньняў на тэрыторыі краін-чальцоў NATO стане ня менш, а больш, і ўжо ніхто ня стане размаўляць з Масквой аб іх скарачэньні. Дык што ж, знаходзячыся пад санкцыямі, уцягвацца яшчэ і ў гонку ўзбраеньняў? Ці пагадзіцца з тым, што для гарантыяў бясьпекі кантакт з NATO немінучы? І тады — колькі краін-чальцоў NATO трэба заваяваць для гарантыяў бясьпекі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША перадалі Ўкраіне шматфункцыянальныя гранатамёты SMAW, Канада дашле стралецкую зброю і бронекамізэлькіПрасьцей кажучы, якая павінна быць зона бясьпекі для самай вялікай дзяржавы ў сьвеце? «Нашы МІГі сядуць у Рызе»? А у Варшаве? А ў Бэрліне? Ці можна лічыць, што Расеі гарантаваная бясьпека, пакуль над Букінгемскім палацам лунае каралеўскі штандар, а не расейскі трыкалёр? Як суняць англасаксаў? Гэтыя пытаньні можна лічыць найчысьцейшай фантасмагорыяй, вядома. Але калі пагадзіцца з тэзай, што бясьпецы Расеі пагражае само суверэннае права іншых дзяржаў вызначаць уласную зьнешнюю палітыку і далучацца да абаронных і эканамічных саюзаў, то тады бясьпека Расеі ня ведае межаў і можа быць забясьпечана толькі ў тым выпадку, калі на ўсім зямным шары застанецца толькі адна-адзіная дзяржава.
Між іншым, гэтая ідэя таксама ня новая. Кіраўнікі Савецкай Расеі Ўладзімір Ленін і Леў Троцкі, натуральнымі пераемнікамі якіх зьяўляюцца Уладзімір Пуцін і Сяргей Лаўроў, выказвалі яе з 1917 года, адразу ж пасьля Кастрычніцкага перавароту ідэя пэрманэнтнай рэвалюцыі стала дзяржаўнай палітыкай. Таму што лічылася, што пакуль у сьвеце ёсьць хоць яшчэ адна нейкая «няправільная дзяржава», правільная — дзяржава пралетарыяў — у небясьпецы. І, дарэчы, менавіта гэтай ідэяй апраўдваліся акупацыя Ўкраіны, Беларусі, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджана, спробы акупацыі Польшчы, Фінляндыі, балтыйскіх краін, «саветызацыя» Вугоршчыны ці Баварыі і гэтак далей. Проста «пэрманэнтная рэвалюцыя» захлынулася. Захлынулася, каб праз дзесяцігодзьдзі стаць пуцінскай «рэвалюцыяй бясьпекі».
Але і гэтай рэвалюцыі таксама наканавана захлынуцца. Будзем спадзявацца, што не ў крыві.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.