«Омікрон» стаў самым распаўсюджаным штамам каранавірусу ў Беларусі

Ілюстрацыя

Улады прызналі цыркуляцыю «Омікрону» ў краіне толькі ў канцы 2021 году, а ўжо пад канец студзеня заявілі, што ён цяпер найбольш распаўсюджаны штам хваробы.

Омікрон-штам каранавірусу становіцца самым распаўсюджаным у Беларусі. Пра гэта расказала першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Краткова, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

«Паводле зьвестак эпідэміёлягаў за апошні тыдзень, сярод штамаў, якія цыркулююць па горадзе Менску, больш за 50%, — гэта ўжо „Омікрон“. Па рэгіёнах удзельная вага „Омікрону“ крыху ніжэйшая, але гэта справа часу. Таму „Омікрон“ у нас ёсьць, і пакуль нельга сказаць, што ён адзіны (таксама цыркулююць „Дэльта“ і грып)», — расказала спэцыялістка.

Пры гэтым упершыню «Омікрон» афіцыйна зарэгістравалі ў Беларусі толькі ў канцы сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што прышчэпленыя часьцей заражаюцца «Омікронам»? Праверка фактаў

Паводле Кратковай, штам мае пэўныя адрозьненьні ад папярэдніх варыянтаў, у прыватнасьці ад «Дэльты».

«Ён мае меншую патагеннасьць, але больш высокую кантагіёзнасьць, гэта значыць распаўсюджваецца хутчэй, чым „Дэльта“», — растлумачыла Алена Краткова.

Яна дадала, што вялікая колькасьць мутацый, якія адбыліся ў спайк-бялку (гэта бялок-шып, якім вірус чапляецца за клетку, за рэцэптар), дазваляе яму абыходзіць імунную абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі акадэмік заявіў, што «Омікрон» ня стане выхадам з пандэміі COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідэальная» вакцына супраць ковіду ад Лукашэнкі: усім перахварэць на «Омікрон»