Расея пачала перакідваць войскі ў Беларусь на гэтым тыдні, нібыта ў рамках падрыхтоўкі да сумесных вайсковых вучэньняў, заплянаваных на люты. Паведамляецца, што вучэньні пад назвай «Саюзная рашучасць-2022» пройдуць у заходняй Беларусі ля межаў з Украінай, Польшчай і Літвой. Яны адбываюцца ў той час, калі пуцінская Расея працягвае канцэнтраваць каля 100 000 вайскоўцаў у раёнах каля мяжы з Украінай.
Разьмяшчэньне войскаў у Беларусі дае Расеі адну асабліва важную матэрыяльна-тэхнічную перавагу. Гэта дае Маскве магчымасьць дабрацца да Кіева, які знаходзіцца ўсяго за 90 кілямэтраў ад беларускай мяжы, не перасякаючы Дняпро. Ваенныя аналітыкі асьцерагаюцца, што калі Крэмль пачне адначасова атакі з поўначы, поўдня і ўсходу, такая шматбаковая атака можа сур’ёзна расьцягнуць абарону Украіны.
Дырэктар польскай кансалтынгавай кампаніі Rochan Конрад Музыка заявіў Reuters, што ў выніку ўзмацненьня прысутнасьці Расеі ў Беларусі Украіна будзе вымушаная разьвесьці свае войскі і адысьці з пазыцый насупраць паўднёвага захаду Расеі. «Ім не хапае чалавечых рэсурсаў, таму давядзецца рабіць выбар», — пракамэнтаваў Музыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі зь Беларусі паляцяць ракеты, Украіне давядзецца наносіць удары ў адказ», — украінскі экспэртПамочнік Расеі і ў кібэратаках
Ператварэньне сябе ва ўзброеную плятформу і пашырэньне Заходняй вайсковай акругі Расеі — не адзіны спосаб, якім Беларусь становіцца мультыплікатарам сіл для Масквы. Аўтакратычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі таксама зьяўляецца «маленькім памочнікам» Пуціна ў адной з улюбёных агрэсіўных тактык Масквы — кібэратаках.
Намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны Сяргей Дземядзюк заявіў Reuters, што хакерская група, вядомая як UNC1151, якая, як паведамляецца, зьвязаная з беларускімі спэцслужбамі, нясе адказнасьць за атаку 14 студзеня, калі на сайтах украінскіх урадавых установаў былі апублікаваныя паведамленьні з пагрозай украінцам «баяцца і чакаць найгоршага».
«Узлом сайтаў быў толькі прыкрыцьцём для больш дэструктыўных дзеяньняў, якія адбываліся за кулісамі, і наступствы якіх мы адчуем у бліжэйшы час», — сказаў Дземядзюк, адзначыўшы, што UNC1151 у мінулым рабіла кібэратакі на Літву, Латвію, Польшчу і Украіну, і ён падазрае што Расея таксама мае да гэтага дачыненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўрадовец: За кібэратакай стаяць зьвязаныя зь беларускай выведкай хакерыУ лістападзе 2021 году амэрыканская фірма па кібэрбясьпецы Mandiant апублікавала даклад, у якім «з высокай доляй упэўненасьці» сьцьвярджалася, што група UNC1151 зьвязаная з беларускім урадам і стаіць за так званай кампаніяй Ghostwriter з антыамэрыканскай ды антынатаўскай дэзынфармацыяй, якая была скіраваная на краіны Ўсходняй Эўропы. У дакладзе Mandiant гаворыцца, што «нельга выключаць унёсак Расеі ў UNC1151 або Ghostwriter, адзначаючы, што група «не нацэленая на расейскія або беларускія дзяржаўныя ўстановы».
У артыкуле для Cyberscoop ад 13 студзеня Гэвін Уайлд з Krebs Stamos Group і Джасьцін Шэрман з Cyber Statecraft Initiative Атлянтычнай рады заявілі: «Амэрыканскія палітыкі павінны прызнаць, што сьціраньне межаў паміж расейскімі і беларускімі спэцслужбамі будзе фармаваць ляндшафт кібэрапэрацый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад спэцыялістаў у кібэрбясьпецы: Беларусь ад 2016 году вядзе падрыўную дзейнасьць супраць краінаў NATO з Усходняй ЭўропыНа чыім баку будзе Беларусь
Лукашэнка ўжо заявіў, што Менск «не застанецца ў баку» ў супрацьстаяньні Масквы з Кіевам і падкрэсьліў, што «зразумела, на чыім баку будзе Беларусь». Ягоныя дзеяньні за апошнія тыдні пацьвярджаюць, што тыя словы былі даволі сурʼёзнымі.
З набліжэньнем сёлета стагодзьдзя Савецкага Саюзу, Пуцін удзельнічае ў небясьпечнай гульні на мяжы вайны. Расейскі кіраўнік запатрабаваў ад NATO не пашырацца на ўсход і прыпыніць любое вайсковае супрацоўніцтва з Украінай, а таксама паабяцаў не разьмяшчаць войскі або зброю ў краінах Усходняй Эўропы, якія далучыліся да Паўночнаатлянтычнага альянсу пасьля траўня 1997 году.
Патрабаваньні Масквы аб уплыве Пуціна ва Усходняй Эўропе ЗША і NATO адкінулі як немагчымыя.
Паколькі надзеі на дыпляматычнае вырашэньне цяперашняга крызісу невялікія, маштабнае ўварваньне Расеі ва Украіну выглядае ўсё больш рэалістычным. І дзякуючы Беларусі пагроза для Украіны цяпер вялікая як ніколі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Перадрук зроблены з дазволу «Атлянтычнай Рады» ЗША.