«Гэтая групоўка займаецца кібэршпіянажам і зьвязаная са спэцслужбамі Рэспублікі Беларусь», — сказаў Дземядзюк у суботу ў інтэрвію агенцтву Reuters. На яго думку, атакі «былі прыкрыцьцём для больш дэструктыўных дзеяньняў, якія адбываюцца па-за полем грамадзкага зроку».
Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб масавай хакерскай атацы ў ноч з 13 на 14 студзеня на шэраг урадавых сайтаў, у тым ліку на сайт Кабінэту міністраў, а таксама міністэрстваў замежных спраў, энэргетыкі, адукацыі, аграрнай палітыкі, у справах вэтэранаў і іншых.
На галоўнай старонцы гэтых сайтаў хакеры разьмясьцілі паведамленьне пра тое, што ўсе пэрсанальныя дадзеныя ўкраінцаў загружаныя ў агульную сетку і іх немагчыма аднавіць.
«Уся інфармацыя пра вас стала публічнай, бойцеся і чакайце горшага. Гэта вам за мінуўшчыну, сучаснасьць і будучыню. За Валынь, за АУН, УПА, за Палесьсе і за гістарычныя землі», — было напісана ў паведамленьні па-ўкраінску, па-расейску і па-польску.
У СБУ паведамілі, што зьмест сайтаў не пацярпеў ад атакі хакераў і не адбылося выцеку пэрсанальнай інфармацыі.