Сьцісла
- Разьмяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі будзе азначаць, што ва ўладаў Беларусі будуць скарачацца магчымасьці для правядзеньня самастойнай зьнешняй палітыкі.
- Насельніцтва Беларусі не падтрымае ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны.
- Верагоднасьць удзелу Беларусі ў вайне Расеі з Украінай даволі вялікая.
- Удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны будзе адназначна нэгатыўна ўспрыняты ўнутры краіны, унутры беларускага войска, і тут можна чакаць нэгатыўнай і вельмі непрадказальнай рэакцыі.
- Улады Беларусі будуць да апошняга спрабаваць пазьбегчы ўмяшаньня ў гэты канфлікт.
- Але калі ў бягучай сытуацыі дзеючая ўлада страціць падтрымку Масквы, то гэта можа азначаць і крах рэжыму.
- Сытуацыя значна больш складаная, чым проста залежнасьць рэжыму ў Менску ад Пуціна. Ёсьць і іншыя сродкі і мэханізмы, якія дазваляюць Лукашэнку трымацца ва ўладзе.
- Калі ж гаварыць пра ўстойлівасьць, то па ўсіх структурных парамэтрах рэжым у Беларусі цяпер вельмі няўстойлівы. Гэта не азначае, што ён вось-вось разбурыцца. Проста сыстэма ўжо няздольная да самааднаўленьня.
- 2020 год прывёў да перафарматаваньня ўсяго палітычнага поля. Рэжым ня змог вярнуцца да 2019 ці 2018 году і цалкам перафарматаваўся ўнутры сябе за кошт узмацненьня сілавікоў, іх выхаду на першыя пазыцыі.
«Большасьць беларусаў хоча быць далей ад вайны»
— Калі расейскія войскі застануцца ў Беларусі надоўга, што гэта будзе азначаць для кіруючага рэжыму? Большую стабільнасьць ці яшчэ большую кампрамэтацыю ў вачах народу?
— Дакладна будзе азначаць большую залежнасьць. Разьмяшчэньне большай колькасьці расейскіх войскаў у Беларусі будзе азначаць, што ў Расеі будзе больш мэханізмаў ціску на іншыя краіны рэгіёну. Але і больш мэханізмаў уплыву на ўлады Беларусі, і, адпаведна, поле для іх манэўру будзе зьмяншацца, будуць скарачацца магчымасьці для правядзеньня ўласнай, самастойнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі. Улады Беларусі будуць вымушаныя ўсё больш каардынаваць сваю палітыку з Масквой.
Што ж да стаўленьня народу, то гэта не дадасьць папулярнасьць кіроўнаму рэжыму. Я думаю, што гэта ня будзе пазытыўна ўспрынята большасьцю насельніцтва. З розных апытаньняў і замераў мы ведаем, што большасьць беларусаў хочуць быць далей ад вайны — чым далей, тым лепш. І людзі ўжо прызвычаіліся да таго, што Беларусь калі не нэўтральная, то імкнецца да нэўтралітэту. А з павелічэньнем расейскай вайсковай прысутнасьці гэта ўсё будзе паламана. Таму, я думаю, народ гэта ўспрыме нэгатыўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палкоўнік ФСБ у адстаўцы: «Лукашэнка ня сыдзе, пакуль будзе Пуцін, ідзе паглынаньне Беларусі Расеяй»«У сытуацыі вайны супраць Украіны можна чакаць нэгатыўнай і вельмі непрадказальнай рэакцыі беларускіх вайскоўцаў»
— Лукашэнка ўжо казаў, што калі пачнецца ўкраінска-расейская вайна, Беларусь убаку не застанецца. Ці рэальна, каб беларускія салдаты ступілі на ўкраінскую зямлю ў якасьці агрэсараў — саюзьнікаў Расеі?
— Усё залежыць ад кантэксту таго, што адбудзецца. Бо Лукашэнка ж казаў, што калі на Расею нападзе Ўкраіна, то тады мы ўбаку не застанёмся і будзем абараняць Расею разам з расейцамі. У гэтай сытуацыі ніхто сябе ня хоча лічыць агрэсарам. Так што ўдзел беларускіх войскаў будзе залежаць ад кантэксту. Калі будуць падставы лічыць гэта агрэсіяй Масквы, то верагоднасьць будзе зьмяншацца.
Год назад, адказваючы на гэтае пытаньне, я б сказаў адназначна «не». Але цяпер верагоднасьць гэтага дастаткова вялікая. Бо ўплыў Расеі ў Беларусі павялічыўся, роля Масквы ў захаваньні рэжыму ў Беларусі цяпер ключавая, што яшчэ ня так відавочна было год таму, тым больш паўтара. Але, тым ня менш, існуе шэраг праблем, якія перашкаджаюць таму, каб улады Беларусі цалкам уключыліся ў гэты працэс.
Па-першае, удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны будзе адназначна нэгатыўна ўспрыняты ўнутры краіны, унутры беларускага войска, і тут можна чакаць нэгатыўнай і вельмі непрадказальнай рэакцыі. Па-другое, сама па сабе такая авантура нясе ў сабе вялікія рызыкі для дзейнай улады — і зьнешнепалітычныя, і эканамічныя.
Так што калі такое адбудзецца, то ўжо ў самым скрайнім выпадку. Думаю, улады Беларусі будуць да апошняга спрабаваць пазьбегчы ўмяшаньня ў гэты канфлікт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яфім Фіштэйн: «Пуціну патрэбна фікцыя Беларусі. Лукашэнку ўжо нельга лічыць самастойным кіраўніком»«База падтрымкі дзейнай улады захоўваецца»
— Вось вы кажаце, што роля Расеі — ключавы фактар у захаваньні рэжыму ў Беларусі. Ці залежыць знаходжаньне Лукашэнкі ва ўладзе толькі ад Пуціна, або ўсё ж і ад нейкіх унутрыбеларускіх фактараў? Нехта нядаўна сказаў, што Лукашэнка будзе кіраваць датуль, дакуль будзе жывы Пуцін. А гэта можа працягвацца яшчэ вельмі доўга. Дый падзеі ў Казахстане паказалі, што Масква мае жаданьне і магчымасьць быць жандарам на тэрыторыі былога СССР.
— Сьцьверджаньне, што Лукашэнка будзе кіраваць столькі, колькі будзе жыць Пуцін, прадугледжвае, што Лукашэнка Пуціна перажыве. Гэта спэкулятыўныя развагі.
Калі ж сур’ёзна адказваць на гэтае пытаньне, то, канечне, у Лукашэнкі шмат іншых мэханізмаў, акрамя Масквы. Проста сталася так, што ў выніку зьнешнепалітычнай ізаляцыі, якая пачалася пасьля крызісу 2020 году, роля Масквы значна вырасла.
Тым ня менш база падтрымкі дзейнай улады захоўваецца. Замераць яе цяжка, лічбы мяняюцца ў залежнасьці ад формы пытаньняў, але відавочна, што гэта ня менш за чвэрць, можа траціна насельніцтва, гэта меншасьць. Праціўнікі ж улады мабілізаваныя і больш асэнсавана выступаюць супраць улады, чым гэта было да 2020 году, але меншасьць прыхільнікаў улады таксама захоўваецца.
Таксама ў Лукашэнкі ёсьць сілавы апарат, гэта важная апора, якая дазваляе яму трымаць сытуацыю. Ну, і таксама Лукашэнка кантралюе дзяржаўныя структуры і дзяржаўны эканамічны сэктар, ён можа на іх уплываць, і гэта таксама важны рэсурс. Можна дадаць сюды і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Ня менш за 20–25% інфармацыйнай прасторы знаходзяцца пад прамым кантролем дзяржавы.
Таму сытуацыя, вядома ж, значна больш складаная, чым проста залежнасьць ад Пуціна. Ёсьць і іншыя сродкі і мэханізмы, якія дазваляюць Лукашэнку трымацца ва ўладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саша Філіпенка ў калядным лісьце Аньне Франк расказвае пра Менск 2021-гаАле ўсё ж роля Расеі вельмі важная, вырашальная, з пункту гледжаньня эканамічнай дапамогі, інфармацыйнай падтрымкі і з псыхалягічнага пункту гледжаньня. Напрыклад, для сілавога блёку гэтая падтрымка неабходная. Яны павінны адчуваць, што калі раптам у Беларусі нешта адбудзецца, то ў іх ёсьць тылы, яны змогуць пераехаць у Расею. Або яны павінны быць упэўненыя ў тым, што Расея ўмяшаецца, каб выправіць сытуацыю.
Так што калі ў бягучай сытуацыі дзейная ўлада страціць падтрымку Масквы, то гэта можа азначаць і крах рэжыму.
«Наіўна чакаць, што санкцыі дадуць эфэкт празь месяц ці праз два»
— У 2020 годзе шмат хто чакаў заходніх санкцыяў і заклікаў да іх, спадзеючыся, што яны выклічуць вялікія праблемы ў эканоміцы, страйкі работнікаў і крах рэжыму. Гэтага, аднак, не адбылося. Цяпер мы бачым, што санкцыі не настолькі эфэктыўныя і даюць шмат магчымасьцяў іх абыходзіць. Дык ці трэба было іх уводзіць?
— Мне падаецца, што такія спадзяваньні мелі людзі, якія не зусім разумеюць мэханізм дзеяньня санкцый.
Вось шмат кажуць, што санкцыі неэфэктыўныя, хоць яны толькі пачалі дзейнічаць. Так што пра іх эфэктыўнасьць можна будзе меркаваць хіба праз год. Усё ж эканамічныя санкцыі — гэта доўгі мэханізм. Вядома, калі цалкам блякаваць краіну, перакрыць і экспарт, і імпарт, то тады такія захады маглі б мець кароткі па часе эфэкт. Але гэта было б вельмі разбуральна для беларускай эканомікі і эканомікі суседніх краін. Невядома, які гуманітарны аспэкт мелі б такія захады, дый прыкладаў такіх няма.
А вось тыя санкцыі, якія ўводзяць супраць Беларусі заходнія краіны, — гэта рэчы, якія ўскладняюць жыцьцё аўтарытарным дзяржавам. Не паставіць іх на калені, але ўскладніць жыцьцё, напрыклад, зрабіць рэпрэсіі больш дарагімі. Умоўна кажучы, яшчэ сотня палітвязьняў — і страты на 200 млн, яшчэ сотня — яшчэ 150–200 млн, і г. д.
Таксама санкцыі скарачаюць поле магчымасьцяў для эканамічнага росту. Але наіўна чакаць, што санкцыі дадуць эфэкт празь месяц ці праз два.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслаў Крывой: «Дэмантаж незалежнасьці Беларусі ў значнай ступені ўжо адбыўся»«Рэжым у Беларусі ўжо ня зможа вярнуць сабе стабільнасьць»
— Калі думаць стратэгічна, на наступныя гады або наступнае дзесяцігодзьдзе, то наколькі ўстойлівы, на вашу думку, аўтарытарны рэжым у Беларусі? Як доўга ён можа праіснаваць? Я асабіста, напрыклад, думаю, што ён можа існаваць яшчэ вельмі доўга.
— Ніхто гэтага ня ведае. Гісторыя рэч такая, што вельмі няўстойлівая, на першы погляд, сыстэма ў выніку можа праіснаваць дзесяцігодзьдзі. А сыстэма, якая падавалася вельмі ўстойлівай, можа разбурыцца за некалькі дзён. Вось нядаўнія падзеі ў Казахстане гэта добра дэманструюць. Але і падзеі 2020 году ў Беларусі таксама.
Калі ж гаварыць пра ўстойлівасьць, то па ўсіх структурных парамэтрах рэжым у Беларусі цяпер няўстойлівы. Гэта не азначае, што ён вось-вось разбурыцца. Проста сыстэма ўжо няздольная да самааднаўленьня. Яна ня здольная, адказваючы на нейкія выклікі, вяртацца да папярэдняга стану. Мы бачым, што любы шок проста разбурае сыстэму, разбурае кансэнсус, які існаваў дагэтуль.
Гэтак 2020 год прывёў да перафарматаваньня ўсяго палітычнага поля. Рэжым ня змог вярнуцца да 2019 ці 2018 году і цалкам перафарматаваўся ўнутры сябе за кошт узмацненьня сілавікоў, іх выхаду на першыя пазыцыі.
Цалкам разбураная тая мадэль, якая існавала доўгі час у адносінах паміж уладай і апазыцыяй, калі апазыцыя была маргіналізаванай зьявай — цяпер гэта зусім ня так.
Маштаб рэпрэсій цяпер беспрэцэдэнтны. Раней людзі пагаджаліся з тым, што кіруе аўтарытарная сыстэма, але яна, прынамсі, не выходзіла за нейкія рамкі. Раней рэпрэсіі ня тычыліся сваякоў ці сяброў, але тычыліся нейкай далёкай апазыцыі. Цяпер рэпрэсіі тычацца вельмі многіх, і гэта дэманструе, наколькі сыстэма няўстойлівая.
Калі ж гаварыць пра структурныя рэчы, то, па-першае, беларускі аўтарытарызм няўстойлівы, бо залежыць ад зьнешняга фактара — ад Расеі. А ў Расеі можа адбыцца ўсё што заўгодна, улада Беларусі не ўплывае на тое, што там адбываецца. Гэта фактар няўстойлівасьці. Бо там можа нешта зьмяніцца — нават не рэжым, а проста зьнешняя палітыка. Дзеля нейкіх прычын Пуцін вырашыць палепшыць эканамічныя і палітычныя стасункі з Захадам, і для Беларусі адразу ўсё зьмяняецца, гэта нават можа прывесьці да таго, што рэжым у Беларусі будзе заменены іншым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Андрэй Зубаў: рэжымы Лукашэнкі і Пуціна абрынуцца хутка, самае доўгае — у найбліжэйшыя гадыДругі фактар няўстойлівасьці — гэта ўнутрыпалітычная сытуацыя. Лукашэнка цяпер ня мае большасьці і, хутчэй за ўсё, гэтай большасьці не атрымае. Цяпер ён мае мабілізаваную частку насельніцтва, якая выступае супраць яго, мае праціўнікаў. Яны мабілізаваныя ня ў тым сэнсе, што заўтра гатовыя выступіць супраць яго на вуліцах, але ў тым, што яны прывязаныя да інфармацыйнага поля альтэрнатыўных палітычных сілаў, яны памятаюць траўму 2020 году, памятаюць непрапарцыйныя сілавыя дзеяньні ўладаў і памятаюць ахвяраў. Гэта сытуацыя вельмі няўстойлівая, таму яе можна ўтаймоўваць толькі рэпрэсіямі, якія мы і бачым у апошнія паўтара года.
Эканамічная сытуацыя таксама ня самая лепшая. Калі мы гаворым пра больш-менш працяглую пэрспэктыву, напрыклад, возьмем апошнія 10 ці 5 гадоў, мы ўбачым, што эканамічны рост быў мінімальны, фактычна была стагнацыя. Улады могуць радавацца, што рост быў 2%. Але сярэдні сусьветны паказьнік — 3%. Таму і для такой небагатай краіны, як Беларусь, эканамічны рост на 3% у год павінен быць нармальны. А цяпер няма ніякіх падставаў спадзявацца, што ў наступныя гады будзе бурлівы рост эканомікі. Хутчэй за ўсё, стагнацыя будзе працягвацца, базавы сцэнар на будучыню — ня крызіс, а эканамічны застой. І гэта таксама фактар няўстойлівасьці. Бо эканоміка падрывала ўстойлівасьць сыстэмы ўсе апошнія 5–10 гадоў, успомнім 2017 год. І ў 2020 годзе таксама было шмат сацыяльнага парадку дня, асабліва ў рэгіёнах.
Ну, і яшчэ крызіс у стасунках з Захадам — важны фактар няўстойлівасьці.
Вось гэтыя фактары вельмі важныя. Яны і не дадуць сыстэме вярнуцца да стабільнага стану.