10 лютага ў Беларусі пачынаюцца маштабныя беларуска-расейскія вучэньні. Паведамлялася, што войскі з Расеі на гэтыя вучэньні пачалі прыбываць нават да іх афіцыйнага абвяшчэньня. Паводле інфармацыі, якая высьвятляецца, гэта даволі вялікі кантынгент вельмі баяздольных вайсковых частак. Таксама зьяўляюцца зьвесткі пра тое, што салдатаў гэтага кантынгенту папярэджваюць, што, магчыма, ім давядзецца затрымацца ў Беларусі на некалькі месяцаў.
Гэта вайна, гэта вайна зь беларускай тэрыторыі, а магчыма і з удзелам беларускіх вайскоўцаў? Неабавязкова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імавернасьць нападу вышэйшая за 50%». Амэрыканскі дасьледчык пра расейскі ціск на Ўкраіну і ЗахадСтратэгія Ўладзіміра Пуціна палягае зусім ня ў тым, каб захапіць яшчэ некалькі тэрыторыяў Украіны ці яе ўсю. Ён дамагаецца зьмены глябальных правілаў геапалітычнай гульні ў сьвеце і прынамсі ў Эўропе. Інструмэнтам гэтых намаганьняў зьяўляецца ўзмацненьне вайскова-палітычнага ціску, «трымаць нашых партнэраў у напружанасьці» — як ён казаў неаднойчы.
Прамы напад, вайна, могуць прывесьці да непажаданых для самога Крамля наступстваў — гэта і абяцаныя санкцыі, і людзкія страты, і нечаканасьці вайны, і рызыка яе эскаляцыі і ператварэньня ў сусьветную вайну, чаго ён наўрад ці хоча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь упершыню ў гісторыі можа стаць краінай-агрэсарамІншая справа — падтрыманьне, узмацненьне напружанасьці, павялічэньне няпэўнасьці для «шаноўных партнэраў». Вучэньні ў Беларусі — гэта яшчэ адзін фронт у вайне нэрваў. Ці ўдарыць расейская армія па Ўкраіне з Беларусі, ці застануцца ў Беларусі расейскія войскі пасьля вучэньняў ці пасьля гіпатэтычнай вайсковай апэрацыі, ці адна Ўкраіна можа стаць аб’ектам такой апэрацыі — гэта ўсё дадатковыя няпэўнасьці, якія Крэмль стварае для заходніх і ўкраінскіх палітыкаў і вайскоўцаў.
І адказы салдатаў кантынгенту, які накіроўваецца ў Беларусі, наконт таго, што іх «камандзіроўка» можа зацягнуцца, могуць быць часткай «дымавой заслоны», падвышэньня той самай няпэўнасьці: можа зацягнуцца, а можа і не.
Для Ўкраіны гэта ў любым выпадку ўскладненьне стратэгічнага плянаваньня адпору гіпатэтычнага нападу — дык будзе Расея нападаць з поўначы ці не, калі так, то колькі сілаў трэба перакінуць на паўночную мяжу, колькі сродкаў выдаткаваць на мадэрнізацыю ці аднаўленьне абарончых збудаваньняў на мяжы зь Беларусьсю. А калі гэта адно «дымавая заслона», падманны манэўр, то мо мэта яго і палягае ў тым, каб Украіна распыляла свае сілы, тузалася, траціла грошы на абарону фронту, празь які насамрэч і не зьбіраюцца нападаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Лукашэнкі прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі ўжо ня страшная, — Ягор ЛебядокЯшчэ адна невядомая ў гэтым палітычным ураўненьні — калі вучэньні ўсё ж перарастуць у напад на Ўкраіну (а можа, дарэчы, і ня толькі на яе), ці будуць у гэтым удзельнічаць беларускія вайскоўцы? Тое, што будуць спрыяць, дапамагаць, забясьпечваць вайсковую лягістыку — дык тут і сумневаў няма. Але вось менавіта ваяваць... Гэта пытаньне. Відавочна, што Лукашэнку гэтага вельмі ня хочацца. Можна казаць пра пэўныя ступені страты незалежнасьці, дык вось гэтая — адна з апошніх.
Аднак зь іншага боку паляцелі ж беларускія вайскоўцы ў Казахстан у складзе місіі АДКБ. Напэўна, знайшлося б у Расеі яшчэ пару соцень дэсантнікаў, каб яны паляцелі ў Казахстан замест беларусаў. Але было пытаньне прынцыпу, дэманстрацыя салідарнасьці, саюзьніцтва, супольнага рашэньня. Ну дык і адносна Ўкраіны можа ўзьнікнуць патрэба ў такой дэманстрацыі з боку Лукашэнкі. Праўда, падаўленьне забурэньняў у саюзнай дзяржаве і ўдзел у нападзе на суседнюю дзяржаву — рэчы крыху розныя. Але на пэўным этапе, у пэўнай сытуацыі магчыма ўжо і аднолькавыя.
Але мяркую, што і для Ўкраіны, і для Захаду гэта будзе крытэрам. Калі беларускія вайскоўцы наўпрост будуць удзельнічаць у нападзе, увесь набор мераў адносна Расеі будзе распаўсюджаны і на Беларусь. Калі наўпроставага ўдзелу ня будзе — ня ўвесь набор мераў будзе распаўсюджаны на Беларусь. Прамы ўдзел у нападзе — гэта крытэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі з высокай імавернасьцю будуць уведзеныя ў Беларусь зімой 2021/22 — прагноз American Enterprise InstituteУ вучэньнях насамрэч большая небясьпека тычыцца ўласна Беларусі і яе міжнароднай ролі. Пэўны час таму амэрыканскія дасьледчыкі адзначалі, што ўвод расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі можа наагул стаць адзіным вынікам пуцінскай палітыкі ўльтыматумаў і напампоўваньня напружаньня. Паводле сцэнароў гэтых экспэртаў нападу на Ўкраіну можа і ня быць, Пуцін пад выглядам падрыхтоўкі нападу проста возьме Беларусь пад свой, значна больш шчыльны, чым зараз, вайсковы кантроль. І гэтым нават і абмяжуецца.
Гэта, безумоўна, зьмена сытуацыі ў сфэры бясьпекі ў рэгіёне. Усе ранейшыя развагі, што Беларусь у вайсковым сэнсе — гэта амаль Расея, будуць выглядаць паэтычнымі мэтафарамі. Ля межаў Польшчы, Літвы, Латвіі і ў поўначы — Украіны ўстануць рэальныя расейскія войскі. А магчыма і ўдарная зброя, а можа нават і тактычная ядзерная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці гатовы Лукашэнка ўцягнуць Беларусь у чужую вайну дзеля ўтрыманьня сваёй улады?Расейскі галоўны перамоўшчык з ЗША Сяргей Рабкоў казаў на мінулым тыдні, што калі ўльтыматум Крамля ЗША ня прымуць, у адказ Масква створыць пагрозы для бясьпекі Амэрыкі. Вайсковы кантроль над Беларусьсю — адзін з варыянтаў. Прычым, варыянт, які, наагул кажучы, неабавязкова павінен выклікаць «пякельныя» санкцыі.
Калі справа гэтым і абмяжуецца, беларусам ад таго, зразумела, будзе мала радасьці. Хіба ад таго, што зь іх зямлі і з іх удзелам вайна не абрынецца на ўкраінскіх суседзяў. Прынамсі, цяпер.
Перадрук з парталу Zerkalo.io
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі