Ператрусы ў магілёўскіх праваабаронцаў
«Вясна» паведаміла пра ператрусы ў сябраў грамадзкай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтар».
18 студзеня супрацоўнікі невядомага сілавога ведамства ў цывільным прыйшлі да сябра праўленьня «МПЦ» Аляксандра Паўловіча, аднак нічога не канфіскавалі.
Раніцай 19 студзеня сілавікі ўварваліся да члена кантрольна-пагаджальнай камісіі, 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, і канфіскавалі ў яе сыстэмны блёк кампутара.
У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра «МПЦ», Васіля Ліпскага. Яго завезьлі ў ягоную кватэру, якую таксама абшукалі, але нічога не канфіскавалі.
«Магілёўскі праваабарончы цэнтар» — адзіная ў Беларусі рэгіянальная арганізацыя праваабаронцаў, зарэгістраваная ўладамі. Аднак апошнія паўтара года «МПЦ» актыўна не функцыянавала.
Затрымалі сябру прэзыдыюму БСДП Людмілу Волкаву
19 студзеня затрымалі сябра прэзыдыюму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Людмілу Волкаву, якая кіравала тэлеграм-каналам партыі, паведамляе партыя БСДП.
Сілавікі затрымалі яе на працы і разам зь ёй паехалі да яе дахаты, дзе правялі ператрус. Пасьля таго як тэлефон трапіў у рукі сілавікоў, паводле БСДП, партыйную сымболіку замянілі на дзяржаўны герб, а ўсіх падпісчыкаў тэлеграм-каналу партыі выдалілі.
Цяпер вырашаюць, як даць Волкавай адваката.
Раней Людміла Волкава праходзіла сьведкай па крымінальнай справе і год таму (22 студзеня 2021 году) у яе прайшоў вобшук, які зладзіў ГУБАЗік.
У канцы 2020 году Міністэрства юстыцыі ініцыявала праверку дзейнасьці БСДП. Гэта адбылося пасьля таго, як 10 партый, у тым ліку праўладных, падпісалі сумесную рэзалюцыю з заклікам спыніць гвалт і правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары. Пазьней БСДП атрымала папярэджаньне за публікацыю ў партыйным часопісе аднаго з твораў мастака Ўладзімера Цэсьлера — улады ўбачылі ў гэтым зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 студзеня: пракурор запрасіў 11 гадоў калёніі для Руслана Слуцкага; праваабаронцу Капуцкаму прысудзілі яшчэ 15 сутакНа гамельчука, якога падазраюць у нанясеньні надпісаў на дамах у Навабеліцы, завялі новую справу
12 студзеня 36-гадовага Аляксандра Булашова затрымалі супрацоўнікі АУС Навабеліцкага раёну па падазрэньні ў нанясеньні надпісаў на фасады дамоў. Агулам яго вінавацяць у нанясеньні 20 надпісаў цягам 2020–2021 гадоў (апошні раз — 17 сьнежня 2021 году). У той жа дзень прайшлі ператрусы ў яго дома і ў кватэры, дзе жывуць ягоныя бацькі. Забралі кампутарную тэхніку і тэлефоны. Булашову прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 341 КК РБ («Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці».
18 студзеня ў 16.00 Булашова адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, паведаміўшы, што суд над ім пачнецца ў красавіку. А ўжо празь дзьве гадзіны яго зноў затрымалі. Гэтым разам — па адміністрацыйным артыкуле па падазрэньні ў распаўсюджваньні інфармацыйнай прадукцыі, якая заклікае да экстрэмісцкай дзейнасьці. Суд прызначаны на 19 студзеня. Да суду Булашоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, паведамляе «Гомельская Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 студзеня: у Мазыры пакаралі яшчэ 2 футбольных фанатаў, адзін зь іх непаўналетні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 студзеня: палітвязьня Пяскова адправілі ў ШІЗА; гарадзенку Саўко выпусьцілі на волю