Каманда зьняволенага ўдзельніка выбараў 2020 году Віктара Бабарыкі агучыла «Публічную пазыцыю аб мэтазгоднасьці канстытуцыйнай рэформы».
У ёй заяўлена, што прапанаваныя канстытуцыйныя зьмены «не садзейнічаюць разьвіцьцю і дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы і не адпавядаюць грамадзкаму запыту, яны маюць ідэалягічны і фармальны характар, ня ўлічваюць думку значнай колькасьці беларусаў і, як вынік, не спрыяюць вырашэньню бягучага ўнутранага палітычнага крызісу».
«У кароткатэрміновай пэрспэктыве прыняцьце прапанаваных зьменаў фактычна замарожвае сытуацыю, якая склалася ў Беларусі, а ў сярэднетэрміновай — стварае небясьпечныя перадумовы для ўзьнікненьня дваяўладзьдзя. Такім чынам, правядзеньне прапанаванай канстытуцыйнай рэформы зьяўляецца непажаданым.
Любыя зьмены ў Канстытуцыю магчымыя толькі пасьля шырокага грамадзкага абмеркаваньня, рэальнага ўлічваньня пададзеных прапаноў і крытыкі або пры наяўнасьці і вынясеньні на галасаваньне альтэрнатыўных праектаў, якія прапануюць розныя палітычныя сілы».
«Новы праект канстытуцыйных паправак не задавальняе запросу грамадзтва, у тым ліку на вырашэньне палітычнага крызісу шляхам пераразьмеркаваньня ўладных паўнамоцтваў. Праект не прадугледжвае павелічэньня ролі парламэнту і мясцовага самакіраваньня, а таксама не прадугледжвае рэформаў судовай і выбарчай сыстэмаў.
Наадварот, папраўкі фактычна замацоўваюць захаваньне абсалютнай улады ў руках асобы, якая займае пасаду прэзыдэнта на момант уступленьня зьменаў у сілу. Займаючы адначасова пасады прэзыдэнта і старшыні Усебеларускага народнага сходу (УНС), які ўпершыню замацоўваецца, яна захоўвае найшырэйшыя паўнамоцтвы як у галіне прызначэньня ўсіх ключавых службовых асобаў і судзьдзяў, так і ў сфэры нарматворчасьці. Пры гэтым у будучых прэзыдэнтаў права сумяшчаць некалькі пасад ня будзе.
Што тычыцца УНС як „найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладзьдзя“, то, нягледзячы на шырокія паўнамоцтвы, якія фармальна даюцца, на справе іх рэалізацыя не дэталізаваная, носіць супярэчлівы характар і часта залежыць ад іншых дзяржаўных органаў і інстытутаў, у тым ліку прэзыдэнта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў пра два шляхі канстытуцыйнага працэсу ў Беларусі27 сьнежня зьявіўся тэкст праекту новай Канстытуцыі ад Канстытуцыйнай камісіі, створанай Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі, у якім прапануецца імунітэт для былога прэзыдэнтаЯкія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі. Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Канстытуцыйны рэфэрэндум заплянаваны на люты 2022 году, але дагэтуль няма канкрэтнай даты, а тэкст праекту дакумэнту хоць і абяцалі апублікаваць яшчэ ўвосень, выклалі толькі 27 сьнежня. Ніводзін экспэрт зь ліку апанэнтаў Лукашэнкі да выпрацаваньня праекту Канстытуцыі ня быў дапушчаны. На грамадзкае абмеркаваньне застаецца меней за два месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас усё выдатна, а будзе яшчэ лепш». Як у Беларусі абмяркоўваюць новую КанстытуцыюЯк Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі
- У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы да зьмены Асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
- Да 1 жніўня сёлета камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале з старшынём Канстытуцыйнага суду Пётрам Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
- У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
- У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі альбо будзе новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
- У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
- У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
- У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
- Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі прынамсі да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
- 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. Заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
- «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
- Ён падкрэсьліў, што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».