Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі яго проста на мяжы. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Ільля Вайцяховіч 17 студзеня знаходзіцца ў менскай турме на Акрэсьціна. Ён стаў падазраваным па крымінальнай справе.
Яго падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях, верагодная прычына — фота і відэа зь мітынгаў. Дакладны артыкул Крымінальнага кодэксу, па якім праходзіць Ільля, пакуль невядомы.
Некаторыя СМІ пасьля затрыманьня Вайцяховіча напісалі, што Ільля жыў у Эўразьвязе. Таксама ў «пакаянным» відэа сам Ільля кажа, што «ўдзельнічаў у акцыях, пасьля спалохаўся і зьехаў у Рыгу. Там не знайшоў сябе і вырашыў вярнуцца назад».
Але крыніцы «Нашай Нівы», знаёмыя з Ільлём, кажуць, што ўсё гэта няпраўда. Ён жыў і працаваў у Беларусі, нікуды не ўцякаў. Выехаў у Рыгу, бо там вырашыла нараджаць яго жонка, латышка паводле нацыянальнасьці. Ільля быў зь ёю.
«У панядзелак, 10 студзеня, жонка Ільлі нарадзіла дачку. А ў аўторак у яго памёр бацька. Ільля пабыў нейкі час зь сям’ёй і ў пятніцу паехаў у Беларусь, бо на суботу заплянавалі пахаваньне. На мяжы яго затрымалі і перадалі сілавікам», — расказалі «Нашай Ніве» крыніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы дэпутат, які галасаваў за імпічмэнт Лукашэнкі, бізнэсовец Эдуард Вайцяховіч