У Берасьці звольнілі дырэктарку гімназіі, якая на выбарах-2020 вывесіла сапраўдныя пратаколы галасаваньня

Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на выбарах 2020 году ў Беларусі

Алена Шкулепа, дырэктарка берасьцейскай гімназіі № 4, у якой разьмяшчаліся адразу два ўчасткі для галасаваньняў на выбарах 2020 году, была кіраўніцай дзьвюх выбарчых камісій. Абодва яе ўчасткі вывесілі пратаколы, паводле дадзеных якіх перамагла Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле пратаколаў, колькасьць галасоў на ўчастку № 37 — 543 за Ціханоўскую, 524 за Лукашэнку, а на ўчастку № 38 — 510 за Ціханоўскую, 380 за Лукашэнку.

Як піша выданьне «Новы Час», яшчэ перад Новым 2022 годам сярод берасьцейскіх настаўнікаў папаўзьлі чуткі, што дырэктарку здымаюць разам з усімі намесьніцамі, якія таксама былі ў выбарчай камісіі і падпісалі сапраўдны пратакол. Прычым, нібыта, здымаюць з папярэджаньнем, што ў Берасьці працы сабе яны ня знойдуць.

На сайце гімназіі перад Новым годам у разьдзеле «адміністрацыя» была толькі адна намесьніца дырэктара па малодшых клясах, іншыя пяць улучна з пазыцыяй дырэктара былі пустымі. Тое самае было і 6 студзеня, а сайт Берасьцейскага гарвыканкаму нават паказваў Алену Шкулепа як дзейную дырэктарку гімназіі № 4.

Праз тыдзень на месцы пацьвердзіўся факт звальненьня Алены Шкулепы і прызначэньня замест яе Дзіяны Басалай. Паводле інфармацыі «Новага Часу», дзьвюх намесьніц Шкулепы панізілі ў рангу да шараговых настаўніц.

Сама Алена Шкулепа пацьвердзіла «Новаму Часу» факт звальненьня і на пытаньне, ці казалі ёй пры звальненьні, што працы ў Берасьці яна не знойдзе, адказала: «Наўпрост не сказалі, але адчуваю, што гэта сапраўды так».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля відэазвароту нас зрабілі ворагамі народу». Былая настаўніца расказвае пра ціск у школе пасьля выбараў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольненыя выкладчыкі, студэнты-ўцекачы і студэнты-вязьні. Як пратэсты 2020 году зьмянілі школы і ВНУ Беларусі ў 2021
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка музэю Янкі Купалы страціла пасаду за тое, што адмовілася звальняць супрацоўнікаў з палітычных матываў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд мэдыцынскай салідарнасьці паведаміў пра 200 беларускіх мэдыкаў, звольненых з палітычных матываў