13 студзеня 2022 году а 19:00 паводле беларускага часу на youtube-канале Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» адбудзецца паказ відэавэрсіі спэктакля паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі».
Офлайн-прэм’ера спэктаклю ў рэжысуры Мікалая Пінігіна, якім «Купалаўцы» распачалі свой другі тэатральны сэзон, адбылася на фэстывалі «Боская камедыя» ў сьнежні ў польскім Кракаве і выклікала цёплы прыём публікі.
У ролях — Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігаў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосьцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская, Аляксандар Зелянко і Аляксандар Паўлаў.
Сяргей Пясецкі — польскі пісьменьнік зь Ляхавіч. А яшчэ кантрабандыст, шпіён і нястомны авантурыст. Ягоны раман «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» апісвае падзеі Другой сусьветнай вайны ў Вільні і Горадні. Твор лічыцца жорсткай сатырай, якая ў гратэскавай форме адлюстроўвае перш за ўсё псыхалягічны вобраз тыповага прадстаўніка савецкага мэнталітэту сталінскіх часоў, няздольнага думаць самастойна, чалавека мэханізаваных паводзінаў, заснаваных на страху, паслухмянасьці, бальшавіцкай ідэалёгіі і нянавісьці да ўяўных «буржуазных» ворагаў.
З польскай на беларускую мову кнігу пераклаў Алесь Астраўцоў. Да 1990 году кніга была забароненай у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвяточныя імпрэзы на відэа: «Святы вечар» з Маргарытай Ляўчук і хорам «Унія», канцэрт NaviBand, спэктакль «Radziva Prudok» ад «Купалаўцаў»Раней «Купалаўцы» паказалі онлайн-спэктакль «Radziva Prudok» паводле кнігі Андруся Горвата. Аднайменны твор выйшаў у канцы 2016 году і пабіў рэкорды па хуткасьці продажаў. У пачатку 2018-га акторы Купалаўскага тэатру Раман Падаляка і Міхаіл Зуй зьнялі паводле кнігі кароткамэтражны фільм, а неўзабаве Раман Падаляка стаў адным зь пераможцаў конкурсу рэжысэрскіх эксплікацыяў, які праводзіў Мінкульт, і атрымаў магчымасьць паставіць спэктакль на малой сцэне Купалаўскага тэатру. Прэмʼера адбылася ў тым жа годзе. Ролі ў онлайн-пастаноўцы «Radziva Prudok» выканалі тыя ж акторы, што і на менскіх паказах: Сьвятлана Анікей, Дзьмітры Есяневіч, Міхаіл Зуй.
У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.
Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках. Іх першай прэм’ерай стаў культавы спэктакль «Тутэйшыя», спэктакль на YouTube паглядзелі больш за 300 тысяч чалавек. 29 верасьня «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбылася прэм'ера аўдыёпастаноўкі «1984» паводле раману Оруэла, якую зрабілі «Купалаўцы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўцы» падрыхтавалі аўдыёпастаноўку «1984» паводле раману Оруэла. Прэм’ера — сёньня