Чым сёлетнія пратэсты ў Казахстане адрозныя, а чым падобныя да беларускіх пратэстаў 2020 году? Якая роля сілаў АДКБ у казахстанскім палітычным крызісе? Ці сыдуць гэтыя сілы з Казахстану ў хуткім часе?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў
- Паралеляў паміж Беларусьсю-2020 і Казахстанам-2022 ня так і шмат.
- Хіба ў тым, што гэта постсавецкая прастора і гэта аўтарытарныя краіны.
- Уражвае, наколькі Казахстан багатая краіна і як шмат там крадуць чыноўнікі.
- Там розныя ўладныя групоўкі скарысталіся народным незадавальненьнем, падкінулі куды трэба «дровы» і спрабавалі дасягнуць сваіх мэтаў.
- Што, аднак, не адмяняе народнага незадавальненьня і шматгадовым праўленьнем Назарбаева, і сацыяльнай несправядлівасьцю.
- Кіроўныя кланы паміж сабой, здаецца, разабраліся, але галоўныя сацыяльна-эканамічныя пытаньні ня вырашаныя.
- Там шмат моладзі, гэта значыць, што там можа яшчэ адбыцца рэвалюцыя.
- Там ня вельмі вялікая эміграцыя.
- Я мяркую, што цяперашнія пратэсты — не апошнія.
- Казахстанскі досьвед — гэта, безумоўна, аргумэнт у спрэчцы пра плён мірных і нямірных пратэстаў.
- У Беларусі ў 2020 годзе беларускае грамадзтва не было гатовае да іншых формаў пратэсту.
- Можна ўзгадаць, што ў жніўні 2020 году гучалі заклікі ісьці маршам на Дразды. Але гэтых заклікаў паслухаліся нямногія.
- Беларускі настрой на мірны пратэст быў настроем усіх і кожнага.
- Многімі гэта ўспрымалася як памылка.
- Казахстанскі прыклад — моцны аргумэнт на карысьць мірнага шляху.
- І рэч ня толькі ў шматлікіх сьмерцях, але і ў тым, што ў краіну ўвайшлі замежныя войскі.
- Калі што, дык прыйдзе Пуцін — гэты аргумэнт гучаў і ў 2015 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і ў 2020-м.
- Але што такое мірны пратэст?
- Агульнанацыянальны страйк — гэта таксама мірны пратэст.
- І ўкраінскі Майдан — гэта таксама быў мірны пратэст. Яго ўдзельнікі нічога не грамілі.
- Нямірны пратэст адрынае масу людзей, але ён можа быць эфэктыўны. У Кіргізстане зрынулі ўладу 3–5 тысячаў чалавек, а ня 300 тысячаў, якія хадзілі па Менску ў 2020 годзе.
- Я мяркую, што войскі АДКБ у хуткім часе з Казахстану выйдуць.
- Такаеў, калі іх запрасіў, парадаксальным чынам іх і абясшкодзіў.
- Яны прыйшлі дзеля падтрымкі гэтага рэжыму.
- Таму яны ўжо ня могуць ствараць там нейкую Паўночнаўральскую рэспубліку ў паўночных абласьцях Казахстану, населеных пераважна расейскамоўнымі.
- Не ў інтарэсах Крамля было б заставацца там.
- За гэтыя 30 гадоў казахстанская нацыя ўтваралася на антыкаляніяльных падмурках, там вельмі адмоўнае стаўленьне да сталінскіх рэпрэсіяў, да Галадамору, які там таксама быў.
- Грамадзтва можа ўспрымаць прысутнасьць замежных войскаў як акупацыю.
- І для Такаева, і для Расеі было б лепш, каб войскі сышлі.
- Разьмяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі — гэта апошняе, на што Лукашэнка хацеў бы пагадзіцца.
- Калі ён гаварыў пра місію сілаў АДКБ у Казахстане, як пра «добры прэцэдэнт», ён меў на ўвазе абарону аўтарытарнага рэжыму.
- Паводле яго, абаранілі — і пайшлі дадому.
Карбалевіч
- У Казахстане напачатку студзеня было ўсё — і народны пратэст, і марадэрства, і ўнутрыэлітны канфлікт.
- Паводле рыторыкі Такаева, як і паводле рыторыкі Лукашэнкі, ніякага народу на вуліцах не было, былі адно тэрарыстычныя банды, якія прыехалі з-за мяжы.
- А народ падтрымлівае ўладу.
- Другі момант падабенства — гэта масавыя рэпрэсіі, гаворка ідзе пра тысячы затрыманых.
- Маштаб рэпрэсіяў можна параўнаць зь беларускім, а можа, ён будзе і яшчэ большы.
- Відавочна, што Такаеў скарыстаўся сытуацыяй, каб адхіліць ад улады клан Назарбаева.
- Лёзунг пратэстоўцаў быў — «Стары, сыходзь». І Такаеў быццам бы пайшоў насустрач народу.
- А заявы Такаева пра алігархаў, якіх выгадаваў Назарбаеў, — гэта проста перадзел рынку.
- Беларуская рэвалюцыя была народным пратэстам у чыстым выглядзе, там не было канфлікту кланаў.
- У аўтарытарных рэжымах транзыт улады, нават кантраляваны, — гэта заўсёды палітычны крызіс.
- Адна з прычынаў, чаму ў Казахстане пратэст хутка скончыўся, — гэта тое, што ў Алматы пачаўся гэты гвалт.
- Ён вельмі моцна напалохаў саміх казахстанцаў і адштурхнуў ад удзелу ў пратэсьце шмат людзей.
- У 2020 годзе Пуцін падрыхтаваў сілавую рэзэрву для Беларусі.
- Але ён тады адзначыў, што яна прыйдзе, калі ў Беларусі пачнуцца забурэньні і гвалт.
- Зьяўленьне войскаў АДКБ у Казахстане адыграла хутчэй палітычную, чым ваенную ролю.
- Яны падтрымалі рэжым. Гэтак жа, як палітычная падтрымка Пуціна дапамагла Лукашэнку ўтрымацца ва ўладзе ў 2020 годзе без усялякага ўводу замежных войскаў.
- Дзяржаўнасьць Казахстану будавалася 30 гадоў, 30 гадоў Назарбаева называлі бацькам дзяржаўнасьці.
- Але здараецца крызіс, і высьвятляецца, што ўся гэтая дзяржаўнасьць збудаваная на вельмі хісткім фундамэнце, і ўлада зьвяртаецца па вайсковую дапамогу да суседніх дзяржаваў.
- Дык чаго вартая гэтая дзяржаўнасьць, чаго вартыя лідэры, якіх называюць бацькамі гэтай дзяржаўнасьці?
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.