Сьцісла:
- Паводле расейскіх крыніцаў, ініцыятарам накіраваньня войскаў АДКБ у Казахстан быў менавіта Лукашэнка.
- Гэта актыўная спроба падштурхнуць Пуціна ў праблемы, якія для Расеі могуць мець сур’ёзныя наступствы.
- Праціўнікі рэжыму атрымаюць дадатковы аргумэнт, але балота будзе далей сядзець і ня булькаць.
- Масква падтрымала Такаева і цяпер ужо ня можа дапусьціць ягонага краху.
— Ці мела юрыдычнае права Беларусь пасылаць свае войскі ў Казахстан? Некаторыя спасылаюцца на тое, што высылка войскаў, паводле статуту АДКБ, магчымая толькі ў выпадку «замежнай агрэсіі»?
— Ёсьць пагадненьне аб стварэньні калектыўных міратворчых сілаў АДКБ. Беларусь яго ратыфікавала, так што юрыдычных праблемаў тут няма, як я лічу.
— У Казахстан, як паведамляецца, едуць беларускія кантрактнікі. Можна сказаць, што кожны зь іх прымаў гэтае рашэньне самастойна і ўсьвядомлена? Ці мае права кантрактнік адмовіцца ад выкананьня такой задачы?
— Так, безумоўна, мае права адмовіцца. Супраць ягонай волі ніхто ня можа накіраваць вайскоўца ў міратворчую місію за мяжу. Згода вайскоўца павінна быць зафіксаваная пісьмова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія вайскоўцы ахоўваюць у Казахстане вайсковы аэрадром — Міністэрства абароны— Выглядае, што яшчэ гады 2–3 таму Лукашэнка не паслаў бы беларускія войскі ў Казахстан, спаслаўся б на нейкія нормы беларускага заканадаўства, якія можна трактаваць па-рознаму. Цяпер ужо іншая сытуацыя, ён ужо ня можа адмовіць Маскве?
— Тры гады таму была, сапраўды, іншая сытуацыя ў беларуска-расейскіх адносінах. Лукашэнка тады заяўляў, што ў межах АДКБ Беларусь нясе адказнасьць выключна за заходні кірунак. Але я зьвярну ўвагу на іншае. Паводле расейскіх крыніцаў, ініцыятарам накіраваньня войскаў АДКБ у Казахстан быў менавіта Лукашэнка. Гэта вельмі цікавы разварот сытуацыі.
— Лукашэнка раней казаў, што «ніводзін беларускі салдат ня будзе ваяваць на чужой зямлі». А цяпер ён сам выступае ініцыятарам. Што зьмянілася?
— Фармальна кажучы, беларускія вайскоўцы паехалі ў Казахстан не ваяваць. Фармальна гэта міратворчая апэрацыя па стабілізацыі, ахова аб’ектаў і гэтак далей. Трэба памятаць, што даволі працяглы час у Беларусі ішла падрыхтоўка да ўдзелу ў міратворчых апэрацыях. Праўда, пад эгідай ААН. Таму тут уладам заўсёды можна выкруціцца, што размова ідзе пра няўдзел у баявых апэрацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэвалюцыянэр стаў жандарам. Армянскі аналітык пра войскі АДКБ у КазахстанеЧаму Лукашэнка стаў настолькі актыўным, што нават расейскі бок прыпісвае яму ініцыятыву ў правядзеньні гэтай апэрацыі? Я думаю, што ён спрабуе ўвапхнуць Расею ў крызіс на яе паўднёвых межах. Дзеля таго, каб, па-першае, зьнізіць палітычны ціск Масквы на афіцыйны Менск, а па-другое, падвысіць значэньне беларускага рэжыму як партнэра для Крамля. Гэта фактычна спроба ўштурхнуць Пуціна ў тыя праблемы, якія для Расеі могуць мець сур’ёзныя наступствы.
Заўважце, гэта ж не адзіная заява Лукашэнкі наконт гэтага. Ён таксама сказаў, што падзеі ў Казахстане — гэта атака на Расею, якая зьяўляецца цэнтрам праваслаўя. І, адпаведна, неабходнасьць падтрымаць казахстанскія ўлады можна разглядаць як крокі па абароне расейскага праваслаўя. Таму ўзьнікае пытаньне, як з такімі падыходамі ацэньваць «міратворцаў» АДКБ? Як «праваслаўных крыжакоў», канкістадораў? Дарэчы, гэтую заяву Лукашэнкі вельмі актыўна цытуюць казахстанскія мэдыя. Як цяпер казахам рэагаваць на падобныя заявы пра ратаваньне Расеі і праваслаўе?
Так што гэта ня толькі гульня на ўцягваньне Расеі, але і спроба зрабіць удзел Расеі настолькі сур’ёзным, каб Масква не змагла выкруціцца. І відавочна, што Пуцін у гэтую пастку трапіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка: «Дэмакратыя і свабода ня могуць быць пабудаваныя ў дзяржаве, якая знаходзіцца пад пратэктаратам імпэрыі»— То бок хвост круціць сабакам? Лукашэнка Пуціным?
— Менавіта так. Хвост вельмі добра выбраў момант, каб гэтага сабаку аб сьценку шматануць. Пуцін ня мог адмовіцца ад уводу войскаў АДКБ у Казахстан — пасьля паводзінаў АДКБ падчас армянска-азэрбайджанскага канфлікту. Бо калі АДКБ ня можа абараніць ні ад зьнешніх, ні ад унутраных праблемаў, то ўзьнікае пытаньне — на халеру яно патрэбнае? Так што ў Пуціна выбар быў паміж паступовым крахам АДКБ альбо ўцягваньнем у казахстанскія праблемы. І Лукашэнка ў сваёй манеры спрабуе гуляць так, каб гэтыя казахстанскія праблемы сталі для Пуціна той багнай, у якой ён загрузьне.
— А навошта гэта Лукашэнку?
— Як я ўжо сказаў — адцягнуць крамлёўскую ўвагу ад заходняга боку, зьнізіўшы ціск Крамля на Менск. Па-другое, падвысіць каштоўнасьць Менску як фармальнага, хай і сымбалічнага, саюзьніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кіргізстану не было куды падзецца». Меркаваньне кіргіскага экспэрта— Як могуць успрыняць засыланьне беларускіх вайскоўцаў у Казахстан беларускія грамадзяне? І ці можа гэтая сытуацыя стаць нагодай для адмены беларускага рэфэрэндуму?
— Пакуль беларускі ўдзел у гэтай міратворчай апэрацыі вельмі абмежаваны, на ўзроўні кантрактнікаў, і нават калі там будуць нейкія страты — я ня думаю, што гэта можа прывесьці да нейкіх унутрыпалітычных хваляваньняў. Безумоўна, праціўнікі рэжыму атрымаюць дадатковы аргумэнт, але балота будзе далей сядзець і ня булькаць.
Што тычыцца беларускага рэфэрэндуму, то відавочна, што сытуацыя ў Казахстане мае выключна ўнутрыпалітычны кантэкст, няма там ніякага замежнага ўварваньня. Таму перанос рэфэрэндуму можа быць абумоўлены толькі адным — псыхалягічным станам Аляксандра Лукашэнкі, калі ён проста пачне панікаваць. Але пакуль пра гэта гаварыць зарана. Тым больш — зь якой мэтай, навошта пераносіць рэфэрэндум?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго размову з Назарбаевым. Але невядома, дзе цяпер першы прэзыдэнт Казахстану— Але Масква можа таксама палічыць, што знаходжаньне яе войскаў у Казахстане — сапраўды пастка, і вырашыць як мага хутчэй выходзіць адтуль. Тады стаўка Лукашэнкі на ўцягваньне Пуціна ў казахстанскія падзеі не згуляе?
— Масква ня можа хутка вывесьці свае войскі — пакуль Такаеў ня вырашыць, што ім трэба сыходзіць. Праблема для Крамля ў тым, што, падтрымаўшы запыт Такаева, яны сталі закладнікамі ўнутрыпалітычных раскладаў у Казахстане. Вы падтрымалі Такаева — і цяпер ужо ня можаце дапусьціць ягонага краху. Тым больш пад ціскам вуліцы альбо нейкіх незразумелых «зьнешніх сілаў».
І гэта адна з прычынаў, чаму Такаеў зьвярнуўся па падтрымку да Масквы. Такім чынам ён нэўтралізаваў магчымасьць умяшаньня Расеі ва ўнутрыпалітычны канфлікт у Казахстане на баку сваіх праціўнікаў. Бо зараз Масква будзе вымушаная падтрымліваць Такаева да канца і любой цаной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніводзін беларускі салдат ня будзе ваяваць на чужой зямлі». Што Лукашэнка казаў пра ўдзел беларусаў у вайне— То бок цяпер ніякая прарасейская «Южноуральская республика» на тэрыторыі Казахстану ўжо немагчымая?
— Канечне. Такаеў фактычна нэўтралізаваў тыя прарасейскія рухі, якія яшчэ заставаліся ў Казахстане. І зьвязаў расейскую палітыку з уласнай палітычнай будучыняй. Зараз Масква ня можа яго кінуць ці прымусіць да чаго б там ні было.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.