Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вайскоўцы ахоўваюць у Казахстане вайсковы аэрадром — Міністэрства абароны


Вайскоўцы падразьдзяленьняў АДКБ на вучэньнях у Таджыкістане, кастрычнік 2021
Вайскоўцы падразьдзяленьняў АДКБ на вучэньнях у Таджыкістане, кастрычнік 2021

Перадысьлякацыя прайшла ў «штатным рэжыме», заявілі ў беларускім ведамстве.

Беларускі кантынгент са складу міратворчых сіл Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якія прыбылі ў Казахстан, ахоўвае адзін з вайсковых аэрадромаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі са спасылкай на намесьніка камандуючага сіламі спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Беларусі Сяргея Андрэева.

«У адпаведнасьці з прынятым рашэньнем міратворчы кантынгент ад Рэспублікі Беларусь прыбыў на тэрыторыю Рэспублікі Казахстан транспартам Ваенна-касьмічных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Перадысьлякацыя прайшла ў штатным рэжыме, прыбылі своечасова, без парушэньняў і затрымак. Пасьля прыбыцьця сюды разьмясьціліся — вайскоўцы забясьпечаны нармальным пражываньнем, харчаваньнем. Узялі пад ахову назначаныя аб’екты і выконваюць задачу па прызначэньні».

Таксама Андрэеў дадаў, што кантынгент складаецца «зь міратворчай роты 103-й паветрана-дэсантнай брыгады» і ахоўвае вайсковы аэрадром.

Сілы АДКБ запрасіў у Казахстан 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў. Кіраваць дзеяньнямі сіл АДКБ у Казахстане паставілі камандзіра ПДВ Расеі генэрал-палкоўніка Андрэя Сердзюкова, які браў удзел у акупацыі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе. Таксама быў удзельнікам Першай і Другой чачэнскіх войнаў, марш-кідка зводнага батальёну ПДВ на Прышціну і вайсковай апэрацыі Расеі ў Сырыі.

Акрамя Беларусі сваіх вайскоўцаў у Казахстан накіравалі Расея, Кіргізстан, Армэнія і Таджыкістан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG