Яшчэ на пачатку пратэстаў яны маглі блытаць «пратэстоўцаў» і «тэрарыстаў», як паказана ў гэтым твіце, але даволі хутка хор загаварыў адзіным голасам.
Яшчэ 5 студзеня прэс-сакратар Пуціна называў падзеі ў Казахстане ўнутранымі праблемамі краіны, але ўжо на наступны дзень у МЗС Расеі заявілі, што падзеі ў Казахстане разглядаюцца Расеяй як інсьпіраваная звонку спроба гвалтоўным шляхам падарваць бясьпеку і цэласнасьць дзяржавы. Ясна, што калі трэба ідэалягічна абгрунтаваць увядзеньне ў краіну замежных войскаў, то не абысьціся бяз вэрсіі пра абарону ад замежнага ўмяшаньня. Прадстаўляць любы ўнутраны крызіс як замежную агрэсію — у савецкай традыцыі, якая менавіта гэтым тлумачыла ўвод войскаў у Вугоршчыну, Чэхію і Афганістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Алматы загінулі дзясяткі ўдзельнікаў пратэстаў. Сытуацыя ў Казахстане на раніцу 7 студзеняМы назіралі гэта ў Беларусі падчас падзеяў 9–12 жніўня 2020 году. Тады некалькі дзён пасьля галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах расейская прапаганда ня мела дакладнай устаноўкі, як рэагаваць на зьверствы на вуліцах беларускіх гарадоў — тым больш што пад гарачую руку беларускіх сілавікоў траплялі і расейскія журналісты. Але як толькі стала зразумела, што Лукашэнка пайшоў на паклон да Масквы, дык расейская прапаганда хуценька зацягнула сваю звыклую песьню пра захад і лялькаводаў.
Пры гэтым можна не сумнявацца, што калі б казахстанскія пратэстоўцы і «пагромшчыкі» выходзілі з прарасейскімі лёзунгамі і настроямі, то расейская прапаганда ўхваляла б іх, выстаўляла б іх як герояў, змагароў за справядлівасьць — прыблізна як прарасейскіх ваеўнікоў на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: улады Казахстану ўзялі пад кантроль усе дзяржаўныя будынкі ў Алматы. Сьведкі: людзей расстрэльвалі з аўтаматаўЛюдзі выходзяць на вуліцы ад жабрацтва і несправядлівасьці. Але расейская і беларуская прапаганда ўсё роўна запісвае іх у заходнія агенты. Пры тым, што казахстанскія падзеі яўна не былі пратэстам хіпстэраў і сярэдняй адукаванай клясы. Тыя кадры, якія мы бачым, акурат пераконваюць, што гэта быў пратэст самых звычайных людзей, магчыма, нават пераважна незаможных, сацыяльна неабароненых. Тыя зь іх, хто з кіямі кідаўся на міліцыянтаў, — наўрад ці чыстыя прыхільнікі павагі да закону і парлямэнцкай дэмакратыі. А іх туды ж — у заходнія агенты.
Але беларуская і расейская прапаганда не зьвяртаюць увагі на канкрэтыку. Любыя выступы ў любой форме супраць уладаў адразу малююцца як рука Захаду, замежнае фінансаваньне, зьнішчэньне стабільнасьці і гэтак далей. Прытым кормяць гэтымі казкамі шырокую публіку нават у тых выпадках, калі выступы ня маюць ніякай геапалітычнай накіраванасьці і нават дэ-факта могуць у канчатковым выніку прынесьці карысьць Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рана ці позна яны памруць або іх заб’юць», — экспэртка пра тое, што насамрэч адбываецца ў КазахстанеЯк іранічна адзначыў калега Яраслаў Шымаў, «самы кайф сытуацыі з Казахстанам у тым, што гэта рай для кансьпіролягаў самых розных, нават процілеглых кірункаў». То бок падзеі ў Казахстане пры жаданьні і адпаведным настроі можна ацэньваць і як змову Масквы дзеля большай залежнасьці казахстанскага кіраўніцтва ад Расеі, «Пуцін зноў усіх перайграў», — і як гульню ЗША ў «подбрюшье» Расеі, кіраваны хаос, аслабленьне Расеі і Кітаю і перамогу Вашынгтону.
Для кансьпіролягаў і прапагандыстаў няма такога паняцьця, як свабодная воля свабодных людзей, іхныя эмоцыі, жаданьні і пачуцьці. Любы радок у СМІ, любую спантанную акцыю пратэсту яны заўсёды тлумачаць дзеяньнямі таямнічых лялькаводаў, якія кажуць тысячам людзей, што і як рабіць, што адчуваць, што любіць, а што ненавідзець, калі сядзець дома, а калі выходзіць на вуліцы. Для расейскіх і беларускіх прапагандыстаў кожны чалавек, які ў нейкай форме выступае за перамены, супраць аўтарытарнай улады, — апрыёры замежны агент.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін баіцца паўстанцаў». Намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі пра Казахстан і пляны расейскага ўварваньня ва ЎкраінуКалі я быў у РАУСе, а потым на Акрэсьціна 12–13 жніўня 2020 году, то ў кожнай размове сілавікоў з затрыманымі я чуў пытаньне: «Колькі вам заплацілі?». Спачатку я думаў, што яны прыколваюцца. Потым вырашыў, што яны выконваюць нейкі рытуал перад начальствам. Але ў канцы дня ў мяне сасьпела разуменьне, што некаторыя зь іх сапраўды ў гэта вераць, што гэта ўбілі ў іхныя галовы за месяцы інфармацыйнай падрыхтоўкі-напампоўкі.
Для гэтых сілавікоў, не абцяжараных глыбокім інтэлектам і верай у прагрэс, не бывае шчырых парываў, не існуе барацьбы за справядлівасьць, не існуе жаданьня людзей жыць сумленна і прыстойна. Ёсьць толькі адпрацоўка грошай сваіх гаспадароў. Такую карціну сьвету малюе аўтарытарная прапаганда ў аўтарытарных дзяржавах.
Што называецца, па сабе мяркуюць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.