У Алматы, паведамілі відавочцы ў жывым эфіры «Настоящего Времени», бліжэй да вечара пачалася страляніна і выбухі. Увечары прыйшло афіцыйнае паведамленьне, што плошча ачышчаная.
Радыё Азаттык паведамляе падрабязнасьці страляніны па людзях на плошчы Рэспублікі ў цэнтры Алматы. На плошчы знаходзіліся актывісты, якія раней бралі ўдзел у розных акцыях пратэсту.
Паводле журналіста Ануара Даніярава, а 18:43 паводле мясцовага часу з боку праспэкту Назарбаева падышла бранятэхніка і зь яе быў адкрыты агонь з аўтаматаў. Актывісты Марат Турымбетаў і Айгерым Талеўжан таксама пацьвердзілі факт страляніны. Самі яны на той момант былі на плошчы.
Сьведкі бачылі, як загінуў сама менш адзін малады чалавек, на выгляд 18–20 гадоў.
Пад абстрэл таксама патрапіла здымачная група тэлеканалу «Алматы» ў раёне рэзыдэнцыі прэзыдэнта, паведамляе Orda.kz. Загінуў кіроўца аўтамабіля. Журналісту раздрабніла некалькі пальцаў, яго шпіталізавалі.
Паводле прадстаўніка ініцыятыўнай групы па стварэньні Дэмакратычнай партыі Айгерыма Талеўжана, большасьць з тых, хто выйшаў на плошчу, складала бяззбройная моладзь.
Дэманстранты патрабавалі стварэньня адмысловага крызіснага штабу, адмовы ад уводу вайскоўцаў АДКБ, адстаўкі ўраду, фармаваньня часовага ўраду на чале з прадстаўніком грамадзянскай супольнасьці і атрадаў апалчэньня для абароны насельніцтва ад правакатараў і марадэраў.
Колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія загінулі ў выніку сутыкненьняў у Алматы, вырасла да 18. Як паведаміў дзяржаўны канал «Хабар 24», двое зь іх абезгалоўленыя. Параненых, паводле МУС, 748. У дэпартамэнце паліцыі Алматы заявілі, што дзясяткі «ўдзельнікаў беспарадкаў» у горадзе «ліквідаваныя», іх асобы ідэнтыфікуюцца. Затрымалі больш за дзьве тысячы чалавек. МУС прыгразіў, што ўсіх, хто адмовіцца скласьці зброю, «чакае зьнішчэньне».
Пракуратура Казахстану завяла крымінальныя справы аб масавых беспарадках і аб актах тэрарызму У Казахстане стварылі міжведамасную сьледчую групу для вядзеньня гэтых справаў. Пакараньне прадугледжвае ад 8 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага тэрміну з пазбаўленьнем грамадзянства.
Акцыі пратэсту ў іншых гарадах Казахстану
«Антытэрарыстычная апэрацыя» ідзе ў Кызылардынскай вобласьці, у горадзе Жанаазен, у сутычках пацярпелі 168 чалавек, паведаміла кіраўніца рэгіёну Гульшара Абдыкалікава.
Паводле Orda.kz, у Паўладары на ўезьдзе ў горад стаяць блёкпосты.
У Казахстан прыбылі міратворчыя сілы АДКБ
Агульная колькасьць расейскіх вайскоўцаў у складзе міратворчага кантынгенту Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) у Казахстане будзе менш як 5 тысяч чалавек, паведаміла газэта «Ведомости», спасылаючыся на крыніцу, блізкую да Мінабароны РФ.
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што колькасны склад міратворчай роты, якую Беларусь вырашыла накіраваць у Казахстан, — ад 100 да 300 чалавек.
Таджыкістан адпраўляе каля 200 вайскоўцаў, паведаміла крыніца РІА Новости, Армэнія – каля 70 вайскоўцаў, перадае Sputnik Армэнія.
Кіргіскі парлямэнт ня змог прыняць рашэньне аб накіраваньні кантынгенту – сёньня не сабраўся кворум, пасяджэньне перанесьлі на заўтра.
Урад Армэніі дазволіў падразьдзяленьню сваіх узброеных сіл узяць удзел у міратворчай місіі АДКБ у Казахстане.
Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ у Казахстане будуць налічваць каля 2,5 тыс. чалавек, пры неабходнасьці могуць быць узмоцненыя, заявіў РІА Новости генэральны сакратар арганізацыі Станіслаў Зась.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.