Экспарт на 729 мільёнаў даляраў за год. Што зьвязвае Беларусь і Казахстан

У Казахстане трываюць пратэсты, якія пачаліся з павышэньня цэнаў на газ. Глядзім, якія эканамічныя выгады можа страціць Беларусь, калі ў Казахстане адбудуцца перамены.

Што трэба ведаць пра Казахстан і Беларусь

Казахстан — найбуйнейшая эканоміка Сярэдняй Азіі.

ВУП гэтай краіны складае 169,8 мільярда даляраў (амаль утрая больш, чым ВУП Беларусі). У гэтай краіне здабываюць газ і нафту.

Сярэдні заробак у Казахстане — 584 даляры (у Беларусі — 557 даляраў).

Насельніцтва Казахстану — 18,7 мільёна чалавек (удвая больш, чым у Беларусі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўсім Казахстане абвясьцілі надзвычайнае становішча

Гандаль

Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі.

Экспарт тавараў зь Беларусі ў Казахстан у 2020 годзе — 729 мільёнаў даляраў. Імпарт — 98,9 мільёна даляраў.

Асноўныя тавары, якія Беларусь прадае ў Казахстан — трактары (на 72 мільёны даляраў у 2020 годзе), ялавічына (на 64 мільёны даляраў у 2020 годзе), цукар (на 33,9 мільёна даляраў у 2020 годзе) ды іншае.

Беларусь набывае ў Казахстане нафту (на 375 тысяч даляраў у 2020 годзе). Казахстанскую нафту беларускія ўлады разглядалі нават як альтэрнатыву расейскай, калі ў 2020 годзе быў крызіс з нафтавымі пастаўкамі. Найбольш казахстанскай нафты Беларусь набывала ў 2016 годзе (на 12,5 мільёна даляраў), у 2017 годзе (на 21 мільён даляраў).

Таксама ў Казахстане Беларусь набывае каменны вугаль.

Экспарт паслуг у Казахстан за 2020 год склаў 100,5 мільёна даляраў, імпарт паслуг — 48,8 мільёна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абмеркаваў сытуацыю ў Казахстане з Пуціным і Такаевым

Крэдыты

Казахстан уваходзіць у ЭАЭС — эканамічную арганізацыю, якая час ад часу дае крэдыты Беларусі. Напрыклад, у 2011 годзе ад стабілізацыйнага фонду ЭАЭС Беларусь атрымала 3 мільярды даляраў, у 2016 годзе ЭАЭС выдзеліў Беларусі яшчэ адзін крэдыт на 2 мільярды даляраў.

Якія бізнэсоўцы ў Казахстане зьвязаныя зь Беларусьсю

У Казахстане жыве ўладальнік франшызы McDonald’s у Беларусі Кайрат Баранбаеў. Па некаторых зьвестках, ён ужо вылецеў з Казахстану. Ён адзін з найбагацейшых людзей Казахстану, займае 14 радок казахскага рэйтынгу Forbes.

Кенес Ракішаў — займае 9-ы радок казахстанскага рэйтынгу Forbes, уладальнік кантрольнага пакету акцый беларускага БТА Банку.

Андрэй Лаўрэньцеў — старшыня рады дырэктараў і акцыянэр АО «Група кампаній Алюр», якая займаецца, сярод іншага, выпускам сельскагаспадарчай тэхнікі і супрацоўнічае зь Беларусьсю ў гэтай галіне.

Нурлан Смагулаў — уласьнік «Астана Груп», у якую ўваходзіць кампанія «Астана Мотарс». З 2016 году гэтая кампанія — афіцыйны дылер беларускага МАЗу ў Казахстане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан паказвае, чым можа скончыцца дваяўладзьдзе, якое заклалі ў новую Канстытуцыю Беларусі

Што можа зьмяніцца для Беларусі, калі ў Казахстане настануць перамены

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, гандлёвы абарот Беларусі і Казахстану не зазнае вялікіх перамен, калі ў Казахстане зьменіцца ўлада.

«Гандлёвы абарот з Казахстанам — гэта невялікі адсотак. Так, Казахстан у ЭАЭС, але тое, што экспартуе Казахстан, экспартуе і Расея, а ў Беларусі з Расеяй асаблівыя стасункі. Я ня думаю, што нешта глябальна эканамічна зьменіцца паміж Беларусьсю і Казахстанам. Беларускія трактары і камбайны купляў жа не Назарбаеў, таму гэта ня той выпадак, калі зьмена ўлады паўплывае на інвэстыцыі», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Цяпер з Казахстану зьяжджаюць бізнэсоўцы, у тым ліку тыя, хто працуе зь Беларусьсю. На думку эканаміста Яраслава Раманчука, гэта часовая зьява.

«Гэта на кароткі тэрмін. Там ёсьць канкурэнцыя розных груповак, нават калі будзе іншая ўлада — прыстасуюцца. Таму на беларускі бізнэс гэта мала паўплывае», — кажа Яраслаў Раманчук.