Сьцісла:
- Калі грамадзкая атмасфэра напалена, то выбух можа здарыцца з чаго заўгодна.
- Досьвед Казахстану паказвае, што ў краіне з пэрсаналісцкім аўтарытарным рэжымам транзыт улады, як правіла, выклікае палітычны крызіс, як бы аксамітна яго ні спрабавалі правесьці.
- Казахстанскі досьвед дэманструе, чым можа скончыцца дваяўладзьдзе, якое закладзена ў новую Канстытуцыю Беларусі.
- Казахстан можа далучыцца да антызаходняга блёку, які цяпер існуе ў складзе Беларусі і Расеі.
Масавыя пратэсты ў Казахстане ў самым разгары, пакуль невядома, чым усё скончыцца. Але яны цікавыя пэўнымі паралелямі, якія можна правесьці зь беларускай сытуацыяй.
Перш за ўсё варта адзначыць, што там, гэтаксама як і ў Беларусі, пратэст выбухнуў стыхійна, нечакана, яго ніхто загадзя не прызначаў. У Казахстане, таксама як і ў беларускіх пратэстах, няма нейкага адзінага цэнтру кіраваньня, дамінуе спантаннасьць і самаарганізацыя.
Тамтэйшыя падзеі паказваюць, што калі грамадзкая атмасфэра напалена, то выбух можа здарыцца з чаго заўгодна. Вось падставай стала павышэньне цэнаў на газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану ўзначаліў Раду бясьпекі. Раней яе пажыцьцёва ачольваў НазарбаеўІ тут вельмі дарэчы будзе ўзгадаць развагі некаторых беларускіх экспэртаў, што, маўляў, эканамічныя цяжкасьці, выкліканыя санкцыямі краін Захаду, ня стануць чыньнікам новага пратэставага выбуху ў Беларусі, а толькі ўмацуюць рэжым. Вось жа, падзеі ў Казахстане паказваюць, што сацыяльна-эканамічныя праблемы могуць стаць іскрай, якая запальвае пажар. А ад заклікаў панізіць цэны на газ лёгка перайсьці да палітычных патрабаваньняў.
Яшчэ адна важная і цікавая выснова. Досьвед Казахстану паказвае, што ў краіне з пэрсаналісцкім аўтарытарным рэжымам транзыт улады да пераемніка, як правіла, выклікае палітычны крызіс, як бы аксамітна яго ні спрабавалі правесьці. Там гэты транзыт расьцягнулі на тры гады, спрабавалі зрабіць абсалютна кантраляваным. Аднак у канцы ўсё сарвалася. Адно з галоўных патрабаваньняў пратэстуючага люду — гэта поўная адстаўка Нурсултана Назарбаева і яго клану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Алматы пратэстоўцы пачалі ўзводзіць барыкады. Што адбываецца ў КазахстанеКазахстанскі досьвед дэманструе, чым можа скончыцца дваяўладзьдзе, якое закладзена ў новую Канстытуцыю Беларусі. Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў скарыстаўся пратэстамі, каб вычысьціць органы ўлады ад сваякоў Назарбаева, ягоных прызначэнцаў. Самога Нурсултана адхілілі ад пасады старшыні Рады бясьпекі, якая, сьмешна сказаць, была замацаваная за ім пажыцьцёва (быў прыняты адпаведны закон). Гэта да таго, чаго вартыя ўсе заканадаўча зафіксаваныя гарантыі былым дыктатарам. Ужо ня кажучы пра вусныя абяцаньні. Калі Такаеў зможа ўзяць сытуацыю пад кантроль і пратэсты сьціхнуць, то не выключаю, што хутка пачнецца выкрыцьцё «культу асобы» Назарбаева, народу раскажуць пра ягоныя злоўжываньні. Усё па даўно адпрацаванай схеме.
Мяркую, цяпер Лукашэнка моцна шкадуе, што распачаў гэтую рызыкоўную гульню з стварэньнем другога цэнтру ўлады ў выглядзе «ўсебеларускага народнага сходу», які зьбіраецца ўзначаліць. Бо можа паўтарыць лёс Назарбаева. Вядомая гісторыя, калі пераемнік, каб захаваць уладу, ахвяруе, скажам мякка, малапапулярным былым лідэрам. Можна ўявіць, якія супярэчлівыя думкі і страхі яго цяпер разьдзіраюць. Што рабіць? Спыніць канстытуцыйную рэформу і адмяніць рэфэрэндум? Ніякага транзыту? Трымацца пасінелымі пальцамі за прэзыдэнцкае крэсла да канца? Дзе паставіць коску ў сказе «Пайсьці нельга застацца»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перамога над любым дыктатарам можа натхніць людзей», — удзельніца пратэстаў у Менску, беларуская лекарка з АлматыІ яшчэ адзін аспэкт. Беларускія дзяржаўныя мэдыя дружна кажуць, што, маўляў, «беспарадкі» ў Казахстане, як і ў Беларусі, арганізаваў Захад. Тыя ж матывы чуваць і ў самім Казахстане. Прэзыдэнт Такаеў заклікае не паддавацца на правакацыі звонку. Тамтэйшыя дзяржаўныя мэдыя заяўляюць, што за пратэстамі стаяць вонкавыя заходнія сілы, мітынгоўцы праплачаныя і дзейнічаюць па мэтадычках.
Дасюль Казахстан меў добрыя адносіны з Захадам. Пратэставы выбух можа іх сапсаваць. Нельга выключаць, што Казахстан далучыцца да антызаходняга блёку, які цяпер існуе ў складзе Беларусі і Расеі.
Тым часам падзеі ў Казахстане разьвіваюцца імкліва і магчымыя вялікія нечаканасьці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.